У сучасным свеце людзі часцей за ўсё падвяргаюцца гвалту, як ні дзіўна, у сям'і. Для самых слабых і ўразлівых — для жанчын і дзяцей — рызыка стаць ахвярай сваіх блізкіх часта намнога вышэйшая, чым пацярпець ад чужых людзей. Каб дапамагчы ім, у Беларусі праходзіць штогадовая рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без гвалту!».
Дарэчы, ААН таксама нядаўна выказала занепакоенасць усплёскам гвалту ў сем'ях па ўсім свеце, які адбыўся ў сувязі з вымушанай самаізаляцыяй.
Што датычыцца нашай краіны, то людзі, якія сутыкнуліся з такімі праявамі, могуць бясплатна тэлефанаваць на нумар агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801, прычым як з гарадскога тэлефона, так і з любога абаненцкага нумара А1. Кампанія А1 нядаўна падтрымала ініцыятыву Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) зрабіць званкі на гэтую гарачую лінію бясплатнымі для сваіх абанентаў. Такім чынам, у тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, з'явілася больш магчымасцяў атрымаць своечасовую дапамогу — сацыяльную, псіхалагічную і юрыдычную.
— Званок на гарачую лінію для чалавека, які сутыкнуўся з гвалтам, — гэта першы крок на шляху атрымання падтрымкі, дапамогі і вырашэння праблемы, — кажа кіраўнік офіса ЮНФПА ў Беларусі Вольга АТРОШЧАНКА. — Часта ў пацярпелых узнікае адчуванне бездапаможнасці і безвыходнасці, у цяперашняй сітуацыі — у тым ліку і ў літаральным сэнсе. Таму так важна ведаць, з чаго пачаць, дзе шукаць дапамогу і куды можна звярнуцца ў пошуках падтрымкі і прафесійнай парады. Прыкладна 34 % кліентаў лініі — людзі старэйшага ўзросту, якія часцей за ўсё пакутуюць ад гвалту з боку дарослых сыноў і дачок. А сёння гэты гвалт узмацняецца, бо сем'і адчуваюць неспакой, эканамічны стрэс, праводзячы значна больш часу дома, у замкнёнай прасторы.
Дзе яшчэ можна атрымаць дапамогу?
Сёння любы чалавек, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, у тым ліку пацярпеў ад гвалту, можа звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх у краіне налічваецца 146, таксама ёсць два гарадскія цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей — у Гомелі і Мінску.
Часовы прытулак ахвярам хатняга гвалту дае сетка крызісных пакояў. Усяго іх у краіне 136. Працуюць яны кругласутачна.
Такая паслуга аказваецца бясплатна і ўключае ў сябе выдзяленне спальнага месца з камплектам пасцельнай бялізны і, пры неабходнасці, забеспячэнне сродкамі асабістай гігіены, вадой і харчаваннем, паведамляюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Пры гэтым законам прадугледжана магчымасць забеспячэння часовага прытулку па месцы звароту незалежна ад месца рэгістрацыі або жыхарства. У выпадку экстраннай неабходнасці жанчына можа атрымаць прытулак нават пры адсутнасці ў яе дакумента, які сведчыць асобу. У перыяд пражывання ў крызісным пакоі пры неабходнасці таксама можа аказвацца дапамога па садзейнічанні ў працаўладкаванні, аднаўленні дакументаў, даецца псіхалагічная і прававая кансультацыя.
У 2019 годзе ў крызісных пакоях было размешчана 715 чалавек, у тым ліку 454 чалавекі, якія пацярпелі ад гвалту ў сям'і.
Тэлефонныя званкі на нумар 8-801-100-8-801 прымаюцца штодня з 8.00 да 20.00. Па аўторках і суботах на лініі дзяжурыць юрыст, у астатнія дні — псіхолаг.