У гонар 500-годдзя беларускага кнігадруку кампанія “Будзьма беларусамі!” прапанавала экспертам скласці спіс з 50 самых значных твораў беларускай літаратуры за апошнія 500 гадоў. Рэйтынг выводзіўся паводле колькасці згадак той ці іншай кнігі сярод экспертаў і паказаў, што ў Беларусі дагэтуль “літаратура мужчынскага роду”, як напісала ў 2007 годзе Вольга Гапеева. Бо на думку экспертаў з 50 важных для нашай нацыі кніг толькі 4 напісаныя жанчынамі.
Па што гаворыць гэты вынік? Перадусім пра тое, што ў беларускім літаратурным каноне творцам дагэтуль лічыцца мужчына. Пісьменнікаў-мужчын вывучаюць у школе, абмяркоўваюць, даследуюць. Іх досвед — досвед мужчын — лічыцца важным, іх стыль — узорным, іх дасягненні — бясспрэчнымі. Народнае галасаванне толькі падмацоўвае меркаванне экспертаў: у дваццатцы найлепшых кніг ніводная не належыць пяру аўтаркі-жанчыны. У спісе ж экспертаў жанчына з’яўляецца толькі на 19-м месцы: гэта Ларыса Геніюш і яе “Споведзь”. Далей эксперты згадваюць “Галасы Утопіі” Святланы Алексіевіч — адзіная беларуская нобелеўская лаўрэатка атрымлівае 27-е месца ў спісе, “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі — на 44-м месцы, і завяршае рэйтынг зборнік паэзіі Наталлі Арсенневай “Пад сінім небам”.
Было б варта скласці альтэрнатыўны спіс, у якім знайшлося б месца і вершам Канстанцыі Буйло, і п’есам Францішкі Уршулі Радзівіл, і “Авантурам майго жыцця” Саламеі Пільштыновай, і Элізе Ажэшцы, і Зінаідзе Бандарынай, і Яўгеніі Янішчыц, і Зосьцы Верас, і шмат каму яшчэ. Аднак у абодвух спісах, як на мяне, ёсць яшчэ адзін істотны недахоп: у ім амаль не прадстаўленае ХХІ стагоддзе. Атрымліваецца, што і чытачы, і эксперты аддаюць перавагу правераным стагоддзямі кнігам і не асабліва цікавяцца сваімі сучаснікамі. А таму я вырашыла ўспомніць 10 кніг, выдадзеных жанчынамі-пісьменніцамі за 17 гадоў XXІ стагоддзя, якія, на маю думку, істотна паўплывалі на літаратурную сітуацыю і сталіся важнымі культурнымі падзеямі. Запрашаю вас далучацца і прапаноўваць свае рэйтынгі, бо ў маім дакладна згаданыя не ўсе значныя пісьменніцы нашага часу.
Святлана Алексіевіч “Время секонд хэнд”
(“Время”, 2013)
Святлана Алексіевіч згадвалася ў экспертным спісе, аднак апусціць яе кнігу “Время секонд хэнд” у сваім пераліку я не магу. “Время секонд хэнд” завяршае цыкл “Галасы Утопіі”, даследуючы феномен homo soveticus — чалавека, якога выгадавала савецкая сістэма. Пісьменніца размаўляе з людзьмі, каб зразумець, які след пакінулі на іх гады сацыялізму і што яны вынеслі ў новае жыццё. Без гэтай кнігі зразумець тое, што адбываецца з намі цяпер, немагчыма. Нобелеўская прэмія па літаратуры 2015 года.
Наталка Бабіна “Рыбін горад”
(“Логвінаў”, 2007)
У рамане Наталка Бабіна выводзіць на першы план пяцідзесяцігадовую жанчыну і яе сястру-блізнятку, вакол якіх закручваецца сапраўдная фантасмагорыя: забойствы, петлі часу, скарбы, таямніцы. Аднак гэта не перашкаджае аўтарцы вельмі сур’ёзна пагаварыць пра жанчыну, пра тое, як змяняецца з узростам яе цела і самаадчуванне, а таксама парушыць некалькі табу, даўшы гераіні ў якасці зброі ад нячыстай сілы набраклы менструальнай крывёй падклад і апісаўшы роды ў вясковай амбулаторыі. Кніга трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай Літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы “Angelus” (2011) і была перакладзеная на ўкраінскую, польскую, ангельскую мовы.
Вольга Бабкова “І цуды, і страхі…”
(“Логвінаў”, 2010)
Зборнік гістарычных эсэ Вольгі Бабковай прысвечаны нячастай у беларускім нон-фікшн тэме — штодзённаму жыццю людзей XVI–XVII ст. Звесткі для сваёй кнігі пісьменніца збірала, працуючы ў архіве. На старонках зборніка “І цуды, і страхі…” Вольга Бабкова вяртае ў гісторыю людзей, якія колісь жылі ў Мінску і якім няма месца ў падручніках: аптэкарам, шляхцянкам, татарам-агароднікам, расказвае пра тыя эпізоды іх прыватнага жыцця, якія здолелі захавацца ў архіўных дакументах. Кніга атрымала прэмію Беларускага ПЭН-цэнтра імя Францішка Багушэвіча (2010), якая ўручаецца штогод за выдатную гістарычную прозу.
Ева Вежнавец “Шлях дробнай сволачы”
(“Логвінаў”, 2008)
У зборніку апавяданняў “Шлях дробнай сволачы” Ева Вежнавец вывела цэлую галерэю нетыповых жаночых вобразаў — жанчыны-мастачкі, жанчыны-творцы, беспрытульныя жанчыны, жанчыны, якія шукаюць саміх сябе і спрабуюць выжыць у краіне “дробнай сволачы”. Яе гераіні — моцныя, трывалыя, яны не шукаюць сябе палёгкі і гатовыя на многія выпрабаванні (гл., напрыклад, апавяданне “Лялечка — балетніца — каралева — сплетніца”), іх цікавіць палітыка, творчасць, навакольнае жыццё. Ева Вежнавец піша так, быццам гендарных клішэ ў літаратуры ўвогуле не існуе, і яе гераінь ніяк нельга назваць “другім полам” — яны заўсёды ў цэнтры сусвету.
Алена Брава “Рай даўно перанаселены”
(“Галіяфы”, 2012)
Цэнтральны твор кнігі — раман “Менада і яе сатыры”, у якім пісьменніца паказвае вобраз жанчыны, чый мозг з дзяцінства атручаны стэрэатыпамі. Уяўленні пра жыццё і каханне галоўнай гераіні рамана даюць рамантычныя кнігі, і дзеля стасункаў з мужчынамі яна ахвяруе здароўем, самапавагай, уласнымі жаданнямі. Раман вельмі цяжкі для чытання, бо ва ўтрыраванай форме паказвае, з якімі праблемамі сутыкаюцца жанчыны ў невялікіх гарадках: іх ніхто не вучыць жыць дзеля сябе. Аповесць “Рай даўно перанаселены”, якая і дала назву ўсёй кнізе, раскрывае тую ж праблему з іншага боку. У ёй Алена Брава прасочвае гісторыю некалькіх пакаленняў жанчын з адной сям’і і паказвае механізм перадачы тых стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вызначаюць жаночы жыццёвы сцэнар.
Наста Кудасава “Маё невымаўля”
(“Кнігазбор”, 2016)
Паэзія Насты Кудасавай поўніцца яркімі запамінальнымі вобразамі, якія ажыўляюць навакольны свет і насяляюць яго цудоўнымі і дзіўнымі істотамі — кашалоціхамі, жукамі-караедамі, вавёркамі. Зборнік “Маё невымаўля” — гэта суцэльная метафара жывога свету, у якім усё рухаецца, адчувае, перажывае разам з паэткай. Насельнікі гэтага свету — быццам жыхары нейкага старадаўняга і адначасова вельмі сучаснага міфу, у якім чытач рызыкуе заблукаць назаўжды. У 2017 годзе за зборнік вершаў “Маё невымаўля” Наста Кудасава атрымала прэмію “Кніга году”.
Наста Манцэвіч “Птушкі”
(“Логвінаў”, 2012)
У зборніку вершаў і кароткай прозы Насты Манцэвіч “Птушкі” ўздымаецца шэраг табуяваных у беларускай літаратуры тэм, звязаных з сэксуальнасцю і цялеснасцю, каханнем і гвалтам. Пісьменніца выводзіць у кнізе вобразы гераінь-лесбіянак і бісэксуалак, прычым робіць гэта без выкліку ці эпатажу, паказваючы, што жыццё нашмат шырэйшае, чым малявала яго дагэтуль беларуская літаратура. У 2013 годзе кніга трапіла ў шорт-ліст прэміі “Дэбют”.
Марыя Мартысевіч “Амбасада”
(Кнігазбор”, 2011)
Асноўны герой вершаў са зборніка Марыі Мартысевіч “Амбасада” — паўсядзённае жыццё: менавіта ў ім разгараюцца самыя яркія калізіі. Героі і гераіні вершаў паэткі спрабуюць атрымаць візу ў амбасадзе, ездзяць у Вільню, закупляюцца на “Экспабеле”, носяць у школу высокія абцасы, рыхтуюцца да Вялікадня, і ўсё гэта — добрыя сюжэты для драм ці чалавечых камедый. Мой асабісты топ-3 у зборніку — верш “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”, дзе праводзіцца паралель паміж разгонам мітынгу 19 снежня 2010 года і згвалтаваннем, верш “Нарадзі прэзідэнта” пра негвалтоўныя спосабы супрацьстаяць неспрыяльным абставінам і “Сястра Зоя і Канец Свету” — пра тое, як магло б выглядаць Евангелле, калі б яго напісала жанчына.
Людміла Рублеўская “Ночы на Плябанскіх млынах”
(“Мастацкая літаратура”, 2014)
Людміла Рублеўская — адна з самых папулярных і прадуктыўных беларускіх творцаў ХХІ ст., кожная кніга якой вартая чытацкай увагі. Пісьменніца папулярызуе беларускую гісторыю, ствараючы містычныя, прыгодніцкія і дэтэктыўныя творы. Зборнік прозы “Ночы на Плябанскіх млынах” уключае гатычны раман “Скокі смерці”, аповесці “Ночы на Плябанскіх млынах”, цыкл “Старасвецкія міфы горада Б” і шэраг апавяданняў. Людміла Рублеўская — майстарка захапляльнага сюжэту і таямнічай атмасферы. Так, напрыклад, “Ночы на Плябанскіх млынах” — гэта арыгінальная варыяцыя ghost-story на беларускім матэрыяле, героі якой уначы расказваюць страшныя гісторыі. Кніга трапіла ў шорт-ліст прэміі Гедройца (2014).
Юля Цімафеева “Цырк”
(выдавец Зміцер Колас, 2016)
Зборнік вершаў Юлі Цімафеевай “Цырк” — гэта зборнік дасціпных паэтычных разваг пра свет і іерархіі ў ім, пра кантроль і спосабы пазбегнуць яго, пра новыя сэнсы, якія можна выцягнуць з такіх звыклых і зацёртых беларускай літаратурай да дзірак тэм, як зямля, паэзія, каханне. Вершы са зборніка выдаюць цікавасць паэткі да сучаснай філасофіі: гэта складаныя галаваломкі, вельмі ўдумліва падрыхтаваныя паэткай. Жаночы досвед у гэтых вершах — гэта вельмі важная частка агульначалавечага досведу, які спрычыняецца да многіх паэтычных адкрыццяў (гл., напрыклад, верш “Цела паэта належыць яго радзіме…”).
Ганна Янкута, budzma.by