• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • PartyZonа
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
18.04.2013 | Літаратура

Ганна Янкута: З пылу, з жару

Сімпатычная кніга перакладаў Андрэя Хадановіча “Разам з пылам” (“Кнігазбор”, 2013), на вокладцы якой так прыемна адгадваць нацыянальную прыналежнасць кожнага з сямі Хадановічаў, дае магчымасць пагаварыць пра некалькі цікавых тэмаў. Безумоўна, кніга гэтая — перш за ўсё нагода пагаварыць пра пераклады Андрэя Хадановіча, але ў дадзеным выпадку тэма вычарпаецца даволі хутка, то бок акурат у той момант, калі ў слоўніку Клышкі скончацца сінонімы да слова “добры”, выкарыстоўваць якія хочацца ў найвышэйшай ступені параўнання. Таму пакінем слоўнік Клышкі ў спакоі і звернемся да менш лінгвістычных пытанняў.

Першая тэма, пра якую хацелася б пагаварыць у сувязі з выхадам зборніка “Разам з пылам”, — гэта тэма аўтарскага зборніка перакладной паэзіі. Апошнім часам усё часцей усплывае думка пра тое, што перакладчыкі, якія доўгі час былі ў цені сваіх аўтараў, пачынаюць паціху выпаўзаць у свет, каб нагадаць яму, гэтаму свету, пра сваё існаванне і пра сваю ролю ў станаўленні нацыянальнай літаратуры. Бо фактычна перакладчыкі не так знаёмяць чытачоў з творамі тых ці іншых замежных аўтараў, як распрацоўваюць сваю ж мову, прышчапляюць сваёй жа літаратуры новыя стылі і тэхнікі пісьма, “прыкрываючыся” чужым імем. У гэтым плане нельга абмінуць увагай анталогію паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя “Галасы з-за небакраю”, укладзеную Міхасём Скоблам, гэты рэестр перакладчыкаў паэзіі, пагартаўшы які, адразу ж разумееш, як у нас гэта адбывалася ў мінулым стагоддзі. І ўсё ж зборнікі перакладной паэзіі ў нашай традыцыі аб’ядноўваюцца імем аўтара, а не перакладчыка: нават калі гэта кніга, перакладзеная адным чалавекам, імя перакладчыка не пішацца на вокладцы нават найдрабнейшым шрыфтам. Меркаванні пра мэтазгоднасць выдання аўтарскіх перакладных зборнікаў могуць быць самыя розныя, але факт застаецца фактам: у той жа Расіі імя перакладчыка з’яўляецца на вокладцы нашмат часцей, чым у нас (згадайма хаця б выдадзены ў 2011 годзе зборнік перакладаў з іспанскай і партугальскай моваў “Агні ў акіяне” Анатоля Гелескула). Што праўда, і майстроў паэтычнага перакладу ў рускамоўнай прасторы непараўнальна больш, чым у беларускай.

Паэты, якія займаюцца таксама мастацкім перакладам, звычайна змяшчаюць “чужыя” тэксты ў канцы сваіх зборнікаў: разгорнем, напрыклад, кнігу Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы” ці зборнік Аксаны Данільчык “Сон, які немагчыма забараніць”. Марыя Мартысевіч, што праўда, зрабіла трохі інакш: у зборніку “Амбасада” яна разбавіла перакладамі ўласную паэзію, паставіўшы іх такім чынам нароўні з арыгінальнай творчасцю. І ўсё ж кніга “Разам з пылам” — першы за многія гады аўтарскі зборнік паэтычных перакладаў. Цікава, што ў другой палове 80-х — пачатку 90-х у “Мастацкай літаратуры” выходзіла серыя “Кніга перакладчыка”, у якой змяшчаліся паэтычныя перастварэнні Уладзіміра Караткевіча, Васіля Сёмухі, Максіма Танка, Янкі Сіпакова і г.д., — і з таго часу да кнігі “Разам з пылам” у нас не з’явілася, відаць, ніводнага персанальнага перакладчыцкага зборніка. І ў гэтым плане зборнік “Разам з пылам” — цікавы эксперымент: як сённяшнія чытачы ўспрымуць выхад на першы план асобы перакладчыка, ці прыцягне іх увагу “зборная салянка” з лацінскай, ангельскай, французскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай паэзіі? Бо тут мы маем дачыненне не з шырокім прадстаўленнем нейкага канкрэтнага замежнага аўтара (як, напрыклад, было з К. І. Галчыньскім, над зборнікам якога “Сёмае неба” працавала 11 перакладчыкаў), а з прадстаўленнем канкрэтнага перакладчыка, які паказвае нам не так замежных аўтараў, як уласныя літаратурныя зацікаўленні.

Калі гаварыць пра Андрэя Хадановіча і яго зборнік “Разам з пылам”, то мне прадстаўленыя там літаратурныя зацікаўленні перакладчыка вельмі імпануюць. Скажам, бліскуча выкананы “П’яны карабель” Арцюра Рэмбо ці “Балада шыбенікаў” Франсуа Віёна самі па сабе вартыя таго, каб дзеля іх выдаць кнігу. А там жа яшчэ пераклады Шарля Бадлера, Джона Дона, Райнера Марыі Рыльке, Эмілі Дыкінсан, Гіёма Апалінэра, Жэрара дэ Нэрваля, Яцка Качмарскага і іншыя тэксты, раскіданыя дагэтуль па розных інтэрнэт-рэсурсах і часопісных публікацыях. Як бы хто ні ставіўся да самой ідэі перакладчыцкага зборніка, мне здаецца, зборнік перакладаў Хадановіча варты чытацкай увагі ў любым разе.

І тут я падыходжу да другой тэмы, якую ў сувязі з выхадам кнігі “Разам з пылам” хацелася б закрануць. Гэта тэма фармавання школы паэтычнага перакладу, якую мне ўжо калісьці даводзілася закранаць у рэцэнзіі на анталогію “Галасы з-за небакраю”. Каб не адсылаць чытача да гэтага тэксту, дазволю сабе пераказаць тут некаторыя моманты гэтай рэцэнзіі, якія маюць непасрэднае дачыненне да таго, што я збіраюся сказаць далей. У прадмове да анталогіі М. Скоблы Ева Лявонава, разважаючы пра месца Язэпа Семяжона ў беларускім перакладзе, задае пытанне: “Дык ён — у школе ці ён сам — школа?” Не закранаючы тут перакладаў уласна Язэпа Семяжона, зазначу, што ў сваёй рэцэнзіі я наважылася паспрачацца з мэтазгоднасцю выкарыстання слова “школа” ў дачыненні да беларускай перакладчыцкай традыцыі: перакладчыцкай школы цягам ХХ стагоддзя ў нас не сфармавалася, і з сённяшняй перспектывы гэта здаецца вялікай удачай. Удачай — бо дасягненні асобных перакладчыкаў на агульным фоне выглядаюць несістэмнымі і сведчаць хутчэй пра прыватны талент, чым пра жаданне распрацоўваць і перадаваць далей нейкія прынцыпы працы над тэкстам. Добра перакладзеныя творы ў такім выпадку аказваюцца не звязанымі паміж сабой астраўкамі, якія чытачоў, безумоўна, радуюць, але на агульную карціну не ўплываюць.

Калі гаварыць пра зборнік “Разам з пылам”, то тут мы бачым зусім іншы падыход. Змешчаныя ў ім тэксты не толькі дэманструюць надзвычай высокі, прычым не толькі на беларускім фоне, але і без аніякіх выйгрышных для перакладчыка параўнанняў, узровень перакладчыцкага майстэрства. У любым іншым выпадку гэтая фраза магла б гучаць як штамп, але тут давядзецца прызнаць яе адзіным прыдатным вызначэннем. Прыватна мне цяжка адразу прыгадаць беларускамоўны паэтычны тэкст, па віртуознасці параўнальны, напрыклад, са зробленым Андрэем Хадановічам перакладам “Вежы” Ў. Б. Ейтса:

Складаць тастамент пара.
Спагадлівых выбіраю.
Яны — на дрэве кара,
Яны — бруя ў вадаграі,
Яны штозолку ў вадзе,
Паміж камянёў з вудзільнам.
Няхай іх мой гонар вядзе
Наперад крокам няўхільным…

Як выкладчык замежнай літаратуры ў БДУ Андрэй Хадановіч чытае гэтыя пераклады студэнтам, такім чынам паказваючы ім, як сусветная паэзія можа выглядаць па-беларуску. Як кіраўнік Перакладчыцкай майстэрні ён перадае свае напрацоўкі маладзейшым перакладчыкам, выпрацоўваючы такім чынам пэўныя прынцыпы, якімі перакладчыкі могуць кіравацца ў далейшым. Фактычна Андрэй Хадановіч аказваецца першым перакладчыкам, які сістэмна і мэтаскіравана працуе акурат над стварэннем той самай школы паэтычнага перакладу, якой у ХХ стагоддзі ў Беларусі не склалася. З гэтага гледзішча кніга “Разам з пылам” — акурат падручнік для гэтай школы, якая, па вялікім рахунку, патрабуе не тэорыі, а практыкі. Па гэтым зборніку можна вучыцца перакладаць паэзію, бо ён дае ўяўленне пра тое, чым мусіць быць пераклад. І разнамаснасць размешчаных у кнізе тэкстаў — ад класічных баладаў да верлібраў і вершаў прозаю, — якая можа выклікаць крытыку з боку праціўнікаў “зборных салянак”, ідзе ёй толькі на карысць.

Ну, і перш за ўсё (і з гэтага варта было, безумоўна, пачаць) кніга “Разам з пылам” — гэта проста добры паэтычны зборнік, з’ява ў нашай прасторы такая нячастая, што тут ужо няма розніцы, аўтарскую ён змяшчае паэзію ці перакладную. Думаю, у гэтым мяне зразумеюць як аматары Стэфана Малармэ, так і аматары Сяргея Жадана, і асабліва ўсе тыя, хто любіць і першага,  і другога, і пажадана ў як мага большай колькасці.

Ганна Янкута

Tweet

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Юхнаўца выйшла кніга прозы пісьменніка

У «Бібліятэцы Бацькаўшчыны», серыі «Спадчына: агледзіны», выйшаў зборнік прозы Янкі Юхнаўца. Том больш як на паўтысячы...

valiancina_shauchenka
Грамадства Адукацыя

Не трэба збіраць даныя па камуналцы і рабіць фота з канцэртаў. Настаўнікаў разгрузілі і далі магчымасць проста вучыць дзяцей?

Педагогі ў школе перыядычна скардзяцца на павышаную нагрузку: акрамя падрыхтоўкі ўрокаў і праверкі сшыткаў, яны...

valiancina_shauchenka
Культура Гісторыя

Народная дэманалогія Добрушчыны

Міфалагічная творчасць Добрушскага раёна – арганічная частка беларускай вуснапаэтычнай спадчыны, гістарычна з’яднаная...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Жонку вядомага кампазітара затрымалі за свечку на акне, запаленую год таму ў дзень смерці Рамана Бандарэнкі

6 снежня Наталлю Капыцька, жонку вядомага музыкі і кампазітара Віктара Капыцькі, затрымалі. Пра гэта паведаміла Ірына...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Юхнаўца выйшла кніга прозы пісьменніка
    Грамадства Адукацыя
    Не трэба збіраць даныя па камуналцы і рабіць фота з канцэртаў. Настаўнікаў разгрузілі і далі магчымасць проста вучыць дзяцей?
    Культура Гісторыя
    Народная дэманалогія Добрушчыны
    Грамадства
    Жонку вядомага кампазітара затрымалі за свечку на акне, запаленую год таму ў дзень смерці Рамана Бандарэнкі
    Культура
    У Мсціславе ўшануюць Янку Бялькевіча
    Грамадства
    «Я знайшла ў памяці моцнае ўражанне і пачуццё радасці». Святлана Алексіевіч пра добрае ў 2021-м
    Грамадства
    Марына Золатава атрымала ўзнагароду Reporter:innen-Preis 2021
    Грамадства
    Хаос на экспарт. Эксперт пра наступствы міграцыйнага крызісу
    Грамадства
    Кампанія «Філосаф_у_турме» выдала электронную кнігу Уладзіміра Мацкевіча
    Культура
    Тут ажывае гісторыя краіны, прашытая сімваламі на кашулях. Электронны каталог традыцыйнага беларускага адзення дасяжны на 8 мовах свету
    Учора ў Пружанах затрымалі былога дырэктара «Пружанскага палацыка»
    Грамадства
    Заснавальнік Symbal.bу Павел Белавус арыштаваны яшчэ на 13 сутак
    Беларусы свету
    Сёння ў Варшаве абмяркуюць, дзе зараз жыве беларускае кіно
    Культура
    Алесь Бяляцкі пра музей Максіма Багдановіча: Ішоў на дырэктара з думкай пра творчасць, а давялося выбіваць, даставаць, прабіваць…
    Музыка
    Лісты з-за кратаў: 5 улюбёных беларускіх песень Надзеі Калач

Афіша

  • 08.12 11:00Інтэрактыўная экскурсія «Якога колеру зіма» для дзяцей 6–12 гадоў
  • 08.12 18:00Выстава эксперыментальнага тэкстылю «TEX-EXPERIENCE»
  • 08.12 19:00«Хатні SESSION» у BeerStation
  • 08.12 19:00У Варшаве пачынаецца набор у «Школу калядоўшчыкаў»
  • 09.12 19:00Новае кіно Беларусі ў Вільні: глядзім і абмяркоўваем
  • 10.12 12:30Абвяшчэнне пераможцаў творчага конкурсу «Вольнае слова»
  • 10.12 18:00Літаратурна-інтэрактыўная дзея «Вогненны Чарот»

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Фотафакт: галоўную навагоднюю ёлку краіны ўпрыгожылі белымі і чырвонымі шарамі
    • «Нашы кліканні, што гэта фашызм, што будзе кепска, ніхто не слухаў». Гутарым з пісьменніцай Святланай Курс, пераможцай прэміі Гедройца
    • Учора ў Пружанах затрымалі былога дырэктара «Пружанскага палацыка»
    • Як іерэй-гісторык адвяргае спадчыну вялікіх князёў літоўскіх
    • «Усе за ўсімі сочаць». Як за год зьмянілася беларуская адукацыя

Ахова спадчыны

© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM