Карміць госця (не) трэба — пра старыя і новыя культурныя нормы

Наша аўтарка Алеся Лях пачытала новую кнігу Кацярыны Оаро «У вас такі мілы акцэнт» і дзеліцца сваімі думкамі пра некаторыя харчовыя звычкі, якія, падобна, шмат значаць для беларусаў. Увага, гэта НЕ рэцэнзія на кнігу!

Пра што кніга

Так, гэта не рэцэнзія на кнігу, але пра яе варта ўсё ж сказаць пару слоў. Кацярына Оаро — беларуская пісьменніца, якая мае вопыт жыцця ў розных краінах, у тым ліку ў Францыі, Італіі, Брытаніі, Расіі і ва Украіне. Таму яе назіранні шматгранныя і не, гэта не параўнанне як дома і як у абстрактнай эміграцыі. Кніга хіба не зусім пра эміграцыю, прынамсі яна там не галоўная гераіня. А галоўная, на мой погляд, — шчырая цікаўнасць аўтаркі да розных культур (у тым ліку беларускай) і спроба зразумець, як у іх жыць.

вокладка.jpg

Як (не)частуюць гасцей у розных краінах

Мяне зачапіла апісанне Кацярыны Оаро, як (не)частуюць гасцей у розных краінах. У Беларусі, зразумела, нават калі цябе запрасілі на гарбату, то будзе і нешта да гарбаты, і пажадана нешта прынесці на стол. І калі ты прыходзіш «на гарбату», то цябе, хутчэй за ўсё, запытаюць: «Ты галодны_ая?» Калі так, пра гэта можна шчыра паведаміць і атрымаць з лядоўні нейкую разагрэтую страву. А вось у Францыі...

Калі мама гатуе сабе і сваім гасцям, скажам, качку ў падліўцы, то яна разлічвае колькасць порцый і нічога не робіць пра запас. 

Як тады быць гаспадыні, калі ў разгар трапезы ў хату прыходзіць госць? Ветліва — прапанаваць яму ежы (якой няма). А што рабіць, калі ты — гэты госць, сын, які любіць маму? Вядома, адказаць, што ты не галодны, і не ставіць маму ў няёмкае становішча. Не змушаць яе ісці трыбушыць новую качку. І не прасіць бутэрбродзік з сырам, робячы ёй няёмка за тое, што ты будзеш есці хлеб, а яна — паўнавартасную страву.

(фрагмент з кніжкі «У вас такі мілы акцэнт»)

І неяк захацелася паразважаць пра адносіны беларусаў з ежай. Карміць кагосьці (дзіця, мужа, госця) у нашай культуры — гэта базавы від клопату, за які «адказная» жанчына. Ледзь не на генетычным узроўні закадаваны страх перад голадам і вайной. Канечне, больш у старэйшага пакалення, але хіба такая «прашыўка» не ўплывае і на моладзь? А вядомыя прыказкі кшталту «Было ўсё, было чаго есці і выпіць, толькі прынукі не было»? Нібыта і ў шляхецкім, і ў сялянскім этыкеце шмат есці ў гасцях без запрашэння, нават калі ўсё стаіць на стале, лічылася непрыстойным. І вось гэта перакананне, што есці трэба прымушаць, мяне суправаджала ўсё дзяцінства і раннюю маладосць у Беларусі, а потым «дагнала» ў Польшчы. «Пакуль не даясі, з-за стала не выйдзеш» — казалі мне бацькі. Гэта, можа, не прыклад класічнай гасцявой прынукі, а нібы клопат пра здароўе дзіцяці, які, аднак, адлюстроўвае агульную тэндэнцыю — можна, а нават трэба прымушаць есці. Далёкія родныя, у гасцях у якіх я, на іх погляд, слабавата ела, заахвочвалі: «Еш, не саромся». То бок лічылі, што акурат прынукі мне не хапае, каб наесціся як след. І нечакана гасцяванне ў Польшчы, дзе гаспадыня разлічыла порцыі, расклала іх па талерках і была шчыра перакананая, што кожны госць абавязаны з’есці ўсё да канца. І тое ж перакананне ў іншай сітуацыі: калі абяцаеш прыехаць у госці на нейкае сямейнае свята, то перадумаць і не паехаць папросту непрыстойна, бо на цябе ўжо закупілі ежы, як мне патлумачылі.

Праўда, па маім вопыце, калі ў Польшчы цябе запрашаюць на гарбату, то, хутчэй за ўсё, і пачастуюць толькі гарбатай. І калі ты, напрыклад, пасля працоўнага дня, а запрашэнне на вечар, то ніхто не будзе цікавіцца, ці ты галодны_ая. Ідучы ў госці, варта... зайсці куды-небудзь паесці. Калі я распавяла гэта на занятках па польскай мове як цікавостку, якая мяне здзіўляе ў Польшчы, настаўнік здзівіўся, чаму я здзіўляюся:

— Калі запрашаюць на гарбату, лагічна ж, што пададуць гарбату.

— Але ў Беларусі запрашэнне «на гарбату» дадому значыць, што будзе яшчэ некалькі відаў закусак. Нешта, каб зрабіць канапкі, нешта салодкае...

— Але калі госць галодны, ён заўсёды сам можа папрасіць гаспадара зрабіць яму бутэрброд!

Вось ён, прамежкавы і геаграфічна, і культурна варыянт між Беларуссю і Францыяй! Гаспадар цябе не пакорміць па ўласнай ініцыятыве, але папрасіць ежы можна і гэта не будзе няветліва.

Дзеля справядлівасці заўважу, што культурныя нормы, канечне, неаднародныя па ўсёй (любой) краіне. Залежаць і ад сацыяльнага слоя, і ад выхавання, і ад сямейных традыцый, і ад нейраадрознасці іх носьбітаў, і шмат ад чаго яшчэ.

У той жа Польшчы адну з норм гасціннасці акрэслівае старая показка Zastaw się, a postaw się, якую складана перакласці даслоўна, а значыць яна, што «праставіцца» (ежай на стол) трэба, нават калі няма на гэта грошай і іх даводзіцца здабываць, напрыклад, пакідаючы ў заклад свае рэчы. І гэта, канечне, не столькі пра прыём гасцей, а агулам пра жыццё не па сродках.

Са сваёй ранняй маладосці ўзгадваю няведанне варыянту культурнай нормы, што сваю ежу, нават калі яна разлічана на цябе аднаго, перад тым, як есці, ветлівы чалавек павінны прапанаваць іншым. А яны павінны здагадацца, што ежы мала, і ветліва адмовіцца. Для мяне гэта не было відавочна.

Затое відавочна было, што калі плануеш трапіць кудысьці, дзе будуць іншыя людзі, то ежы трэба браць шмат, не на сябе адну, каб пачаставаць іншых. Я са здзіўленнем даведалася, што не ўсе мае аднагодкі так робяць.

У пошуках адказу на пытанне «Як правільна?»

Кніжка Кацярыны Оаро прымусіла мяне задумацца пра тое, што і жувучы ў роднай краіне, і ў эміграцыі, і чаргуючы гэты вопыт, мы ўвесь час перазбіраем культурныя нормы, шукаем і, хутчэй за ўсё, ніколі не знойдзем універсальнага адказу на пытанне «Як правільна?».

oaro-mily-akcent.png

«У вас такі мілы акцэнт» — першая кніга, апублікаваная варшаўскім выдавецтвам Bukinist:ka Press. Гэта аўтарскі пераклад з рускай мовы твора Кацярыны Оаро «Европа во мне» з некаторымі зменамі. Дадатковы наклад выдання падтрымаў праект «Беларускія магістраты».

Алеся Лях, budzma.org