Гарадскія пейзажы і нацюрморты. Выстаўка мастака Мікалая Мішчанкі адкрылася ў Валожыне

Выстаўка “З любоўю да роднага краю” працуе ў раённым краязнаўчым музеі.

На працягу паўтара месяца жыхары і госці Валожына змогуць ацаніць прыгажосць і гармонію беларускай прыроды, гарадскіх пейзажаў, цікавых нацюрмортаў, паведамляе 18 студзеня сайт газеты «Працоўная слава».

Мастак нарадзіўся ў 1949 годзе ў Магілёве. Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута выкладаў выяўленчае мастацтва ў школах і педуніверсітэце імя М. Танка. Удзельнічаць у выстаўках пачаў з 2002 года. Зараз працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Работы Мікалая Мішчанкі папаўняюць прыватныя калекцыі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, выстаўляюцца ў галерэях.

Мікалай Мішчанка – прыхільнік традыцыйнай мастацкай школы. Ён імкнецца перадаць на палатне ўсю прыгажосць навакольнага свету. Яго жывапіс насычаны яркімі фарбамі, золатам сонца і святла.

На выстаўцы можна пабачыць карціны, выкананыя рознай алейнай тэхнікай. Аб’ядноўвае іх адно – замілаванне вобразамі роднага краю.

 

kraj.by

Тэгі: