26 травеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у сярэдняй школе №3 г. Бяроза адбылася творчая сустрэча з паэткай Валянцінай Восіпавай. Пад час выступу паэтка неаднаразова падкрэслівала слухачам, якую вялізарную сілу мае паэтычнае Слова, як дапамагае яно гартаваць дух, знаходзіць выйсце са складанай жыццевай сітуацыі і, наогул, як упрыгожвае наша жыццё паэзія. Паэтычныя радкі і ўзрушваюць і супакойваюць душу, настройваюць пачуцці на высокую хвалю.
Горка…
Так горка бачыць –
Збіліся з арыенціру!
Спраўляем нікчэмнасці трэбу.
Паэзія – НАПАМІН,
Што чалавек і гліна
І сын НЕБА!
Паэтка пазнаёміла школьнікаў са сваімі новымі вершамі, а таксама расказала пра творчасць маладых беларускіх літаратараў, творы якіх прадстаўлены ў часопісе “Дзеяслоў”, які Валянціна Восіпава ад кампаніі “Будзьма беларусамі” прэзентавала школьнай бібліятэцы. А другім часопісам “Дзеяслова” была ўзнагароджана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Стэфанава за актыўнае супрацоўніцтва на ніве нацыянальнай культуры. Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” школьнікі атрымалі ў падарунак таксама закладкі і паштоўкі на роднай мове, што дадало сустрэчы яшчэ больш пазітыўных эмоцый.