Калі б садамазахісты адмовіліся ад лупцавання, яны б маглі мець кайф з прагляду беларускага тэлебачання. «Большой» прайшоўся па шляху тэлемінулага з самым вядомым кіраўніком БТ, паэтам Генадзем Бураўкіным, які распавёў нам пра беларусізацыю эпохі Машэрава, надзеі перабудовы і тое, як тэлебачанне дакацілася да сённяшняга стану.
Са спадаром Генадзем мы сустракаемся ля шэрага будынка на вуліцы Чырвонай, 4. Менавіта тут, на другім паверсе Дома радыё, месціўся кабінет старшыні Дзяржтэлерадыё БССР, пасаду якога Бураўкін займаў з 1978 па 1990 гады. Міма праходзяць людзі, якія часам вітаюцца з паэтам. Па тратуары раз-пораз праязджае белае аўто з лагатыпам «БТ», так што нам даводзіцца час ад часу саскокваць на газон.
У 1978 годзе мяне на пасаду старшыні Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні паклікаў Пётр Міронавіч Машэраў. Я не хацеў сюды ісці. Бо ў мяне была выдатная праца: я рэдагаваў часопіс «Маладосць». І раптам — такая прапанова… Я пачаў ад яе адмаўляцца, нават падключыў Пятра Усцінавіча Броўку, каб той дапамог. Не ўдалося — Пётр Міронавіч быў настойлівы.
Машэраў мяне прысароміў: «Ну, что же вы? Критиковать телевиденье умеете. А вот пойдите и сделайте так, чтобы не было, за что критиковать…» Мы крытыкавалі тэлебачанне за тое, што яно мала надавала ўвагі мастацтву, творчасці, гісторыі. Што на ім амаль не гучыць беларуская мова. Да таго ж многія матэрыялы былі залішне сухія, газетныя. Было шмат палітычнай тарабаршчыны. Без палітыкі, вядома, нікуды не падзенешся, але ж яе можна рабіць па-рознаму. Словам, я згадзіўся і прыйшоў у гэты дом.
У мяне была асабістая задача — зрабіць беларускае тэлебачанне нацыянальным. Калі я прыйшоў сюды, было тое, што цяпер афіцыйна зацверджана ў дакументах, — дзвюхмоўе. На беларускім радыё галоўнай мовай была беларуская, а вось на тэлебачанні — руская. І я паставіў задачу зрабіць і тэлебачанне беларускамоўным.
Будынак тэлебачання месціўся непадалёк ад доміка 1-га з’езда РСДРП. Было яно маладое, і амаль не было людзей, якія атрымалі спецыяльную адукацыю. Гэта цяпер рыхтуюць спецыялістаў тэлебачання ва ўніверсітэтах. А тады ўсё пачыналася, так бы мовіць, з самадзейнасці. Рэжысёры ў нас былі акцёры або рэжысёры тэатральныя. Аператарамі — кінааператары. Гукарэжысёры прыходзілі з кінастудыі ці з радыё.
Мы рабілі вельмі многа мастацкіх праграм. Здымалі тэлефільмы, тэлебалет, тэлеоперу. Цяпер пры засіллі крывавых дэтэктываў і бяздарнай нахабнай папсы нават уявіць цяжка, як гэта можна на тэлебачанні паставіць оперу? А мы ставілі. Напрыклад, была тэлеопера на музыку Вагнера. А славуты балетмайстар Валянцін Елізар’еў згадзіўся, каб мы знялі тэлевізійны балет, зроблены спецыяльна для нас. Гэта былі з’явы! Уявіце: радыёспектаклі атрымлівалі дзяржаўную прэмію БССР!..
У маім кабінеце стаяла шмат тэлефонаў. Можна было зняць слухаўку і наўпрост пагутарыць з першым сакратаром ЦК КПБ Машэравым ці са старшынёй Савета міністраў Кісялёвым. І я гэтай магчымасцю карыстаўся. Мы ж павінны былі паказваць і агучваць важныя дзяржаўныя падзеі: гадавіны Кастрычніка, з’езды і пленумы партыі, сесіі Вярхоўнага Савета, прыезд важных гасцей, Брэжнева, напрыклад.
Машэраў мне таксама званіў. Аднойчы быў вечар Васіля Быкава ў Доме афіцэраў, і вельмі многія пытанні на ім былі няпростыя, а адказы — тым больш. Цэнзары патрабавалі, каб я ўсё вострае павыкідаў, але я адмовіўся. Назаўтра тэлефануе Пётр Міронавіч: «Большое спасибо. Прекрасная передача! Я смотрел — боже мой, какой умница Быков! Как тонко… как глубоко!»
Або сустрэча ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа з Рыгорам Барадуліным. Зноў звоніць Машэраў і кажа: «Смотрел передачу. Какой интересный поэт! Знал, что Бородулин талантливый, но что он настолько интересный!» «А потом, — сказаў ён, — Геннадий Николаевич, вы обратили внимание, как люди слушали его?! Вы знаете, нас, бюрократов, так не слушают!»
Спрэчак з Машэравым у мяне практычна не было. Наадварот, ён вельмі мяне падтрымліваў. Аднойчы спытаў: «Может, ты обижаешься, что я с трибуны не поддерживаю тебя в твоих делах по белорусизации телевидения? А ты пойми — не могу я открыто поддержать. Как только поддержу, я не буду тут работать. Меня Москва уберет. А ты «рабі». Все знают, что я тебя поддерживаю. Чиновники — очень опытный и хитрый народ! Они не осмелятся тебя тронуть».
Разам з калегамі-аднадумцамі мне ўдалося зрабіць тэлебачанне часткаю мастацтва. Цяпер гэтага, нажаль, няма. Усе гэтыя папсовыя канцэрты — гэта трансляцыі, не свой «прадукт». Я не хачу сказаць, што пры мне не было сумных перадач пра выкананне планаў. Былі! Але ў апошні перыяд, калі пачалася перабудова, мы стараліся не проста даваць голую прапаганду, а імкнуліся да дыскусійнасці. Каб сядзела не проста «говорящая голова». Часам атрымлівалася, часцей — не. Бо зрабіць з марксісцка-ленінскай тэорыі высокае мастацтва немагчыма. Машына БТ праязджае паўз нас ужо пяты раз, і мы зноў саскокваем на газон. Бураўкін глядзіць услед, насупліваецца: «Што гэта ён усё ездзіць і ездзіць? Чым гэта мы яго зацікавілі?» Я прашу распавесці, як перабудова паўплывала на беларускае тэлебачанне.
На перабудову прыйшоўся значны кавалак маёй працы. Імкненне да новага адчулася не адразу. Найбольш актыўна ў Беларусі перабудова пачалася тады, калі адбылося так званае нацыянальнае абуджэнне. Калі раптам пачалі працаваць маладзёжныя нефармальныя суполкі. Калі далі большую свабоду СМІ.
У нас з’явілася нашмат больш крытычных перадач: «Народны кантроль», «Пражэктар перабудовы», маладзёжная праграма «Крок». Сталі гаварыць пра 1918 год, пра БНР, пра герб «Пагоня», пра бел-чырвона-белы сцяг. Усё гэта ўладамі не падтрымлівалася, але ўжо можна было гаварыць.
Партыйная прапаганда прайграла, бо не была падрыхтаваная да сур’ёзнай, грунтоўнай размовы. Аднойчы мы ў эфір выпусцілі Зянона Пазняка, ён выступаў 15 хвілін. Пасля мне патэлефанаваў кіраўнік аддзела прапаганды і агітацыі ЦК: «Што гэта такое?!» Я кажу: «Калі ласка, прыходзьце і вы! Мы яму далі 15 хвілін, а вам дамо паўтары гадзіны. Абвергніце ўсё, што сказаў Пазняк. Дакажыце сваё». Не прыйшоў, не абверг, не быў гатовы. Бо не было ў яго ні дакументаў, ні фактаў — голая прапаганда. Тое, што і цяпер вяртаецца на наша тэлебачанне.
Сёння робяць выгляд, што нічога неардынарнага няма. Падобная пазіцыя прывяла прапагандыстаў да паразы падчас перабудовы. Людзі пайшлі за іншадумцамі. А партыя са сваёй агромністай арміяй прапагандыстаў, ідэолагаў, агітатараў аказалася бяздарнай. Не хачу сказаць, што там былі абсалютныя дурні. Не! Але ўсё, дзеля чаго яны працавалі, было гнілое. І людзям гэта надакучыла. На жаль, цяпер той-сёй жадае тую эпоху аднавіць. Але не трэба падымаць тое, што ўжо перагніло і перапрэла.
Я прапаноўваю паэту прайсці ў будынак, дзе ён працаваў шмат гадоў. Але Бураўкін адмаўляецца.
Цяпер сюды мяне не запрашаюць, таму я не ведаю, што там усярэдзіне. І заходзіць не хачу. Калі нядаўна быў юбілей тэлебачання, мяне не толькі на яго не запрасілі, але нават нідзе не ўзгадалі. Ну, добра, мяне. Але не ўзгадваюць і людзей, якія са мной працавалі. Напрыклад, лепшую за ўсю гісторыю беларускага тэлебачання дыктарку Зінаіду Бандарэнку — адзіную народную артыстку Беларусі сярод тэлевізійнікаў. Робяць выгляд, што і яе не было, а яна аддала працы на БТ тры дзесяткі гадоў.
Выдалі вялікі том па гісторыі беларускага тэлебачання, і там перыяду майго 12-гадовага кіравання проста няма. Там ёсць Зімоўскі… Пяць ці болей ягоных здымкаў, спасылкі на яго «мудрыя» выказванні. Ну, рабіце тое, што вы робіце. Але ж лепшымі вы не станеце. Так і ў літаратуры. Ну, зрабілі вы саюз чаргінцоўскі — хай будзе. Але робяць выгляд, што няма Барадуліна, Гілевіча, Вярцінскага, Казько. Яны ў іншым саюзе. Вядомыя людзі ў Еўропе! А хто такі Чаргінец? Шараговы дэтэктыўшчык. І ягоныя паплечнікі — такія ж. Усе яны былі і ў наш час — у адзіным Саюзе пісьменнікаў.
Існуе такі літаратурны анекдот, які насамрэч быў фактам. У свой час Міхалкоў і Эль-Рэгістан напісалі гімн Савецкага Саюза. Аднойчы Міхалкоў прыйшоў у рэстаран Цэнтральнага Дома літаратараў і сустрэў паэта Міхаіла Святлова. Міхалкоў пытае: «Ну, что, Миша, поставить?» — «Сережа, поставь…» Святлоў захмялеў і кажа: «Сережа… А гимн-то ты написал говно…» Міхалкоў (у жыцці ён заікаўся) і адказвае: «Ми-ми-ша. Оно-то, конеч-ч-чно, гов-но, но слу-ш-ш-ать бу-дешь стоя».
Стабільнасць
Пасля размовы пра перабудову, Чаргінца і гімн СССР мы накіроўваемся да будынка, дзе непасрэдна гэтую перабудову беларускае тэлебачанне і прайшло — на Макаёнка, 9, да Белтэлерадыёкампаніі. Я прапаноўваю Бураўкіну прайсці ўсярэдзіну, але той адмаўляецца і гэтым разам. Мы некалькі хвілінаў ходзім ля высокага будынка, а потым папросту сядаем на аўтобусным прыпынку. Бураўкін разважае пра тое, што ўсё ж такі здарылася з беларускім тэлебачаннем і чаму перабудова прайграла.
Я не ведаю дакладна, калі на нашым тэлебачанні пачаліся рэзкія змены. Так атрымалася, што пасля 1990 года чатыры гады я працаваў у ААН у Нью-Ёрку, і пачатак гэтых зменаў, якія, як мне здавалася, не павінны былі адбыцца, не заспеў.
І ўсё гэта пайшло з двух бакоў. З аднаго боку абсалютна небеларускае чынавенства. Не ў сэнсе, што яно небеларускае паводле нараджэння — небеларускае духам. І для мяне да гэтага часу незразумела, чаму яно такое? Бо яно ж часцей за ўсё з гэтай зямлі.
Другі бок — наша грамадства. Мы не адчулі сябе годнымі сярод годных. У нашай найноўшай гісторыі практычна не было досведу дзяржаўнасці. Так атрымалася, што мы былі то пад Расійскай імперыяй, то пад Каралеўствам Польскім, то пад бальшавікамі. У нас не з’явілася адчування, што гэта твая дзяржава і спадзявацца на чужую спіну нельга. Таму ў грамадстве не было супраціўлення той антыбеларускай палітыцы, якую пачало праводзіць чынавенства.
Нягледзячы на тое, што на нашым тэлебачанні мяняліся шыльды, яно засталося дзяржаўным і, адпаведна, служыць дзяржаве. А што такое служыць дзяржаве? Гэта трэба думаць пра будучыню, пра сур’ёзныя рэчы. Але прасцей — слухацца чыноўнікаў. Вось гэты прасцейшы варыянт і быў абраны.
Мабыць, віна яшчэ ў тым, што не знайшлося яркіх самастойных асоб, якія б прыйшлі кіраваць тэлебачаннем. Смешна спадзявацца, што мог нешта добрае зрабіць Ягор Рыбакоў. Не чакаў я нічога выдатнага і ад Кісяля, бо гэта «серадняк».
Зімоўскі, бясспрэчна, больш цікавы. Але з агромністым мінусам — гэта чалавек недурны, але подлы. Подлы ён быў і ў сваіх праграмах, і ў кіраўніцтве калектывам. Усе яны не маглі супраціўляцца дурноце. У іх у душы не было глыбока ні беларушчыны, ні творчасці. Гэта «абслуга».
За час нашай працы мы забяспечылі творчы ўзровень тэлебачання, блізкі да еўрапейскага. Самае страшнае, што пасля гэтага тэлебачанне пайшло не наперад, а назад. І чалавеку, які прыйдзе ім кіраваць пасля, я не зайздрошчу, бо яму давядзецца спярша падводзіць пад тое, што было раней, а потым ужо думаць, як ісці далей. Час страчаны…
Я прыйшоў да высновы, што больш за 6-7 гадоў на адным месцы кіраўнік не павінен затрымлівацца. Па-першае, ён стамляецца. Ён ужо не можа выпрацоўваць новыя яркія ідэі. Па-другое — прыходзіць бюракратычны вопыт. Калі напачатку працы я не ўмеў ад таго-сяго адмовіцца, то напрыканцы, калі нешта не хацеў рабіць, ведаў, як гэтага дасягнуць. А гэта, калі казаць адкрытым тэкстам, застой.
Цяпер вельмі любяць слова «стабільнасць». Я ж гэтага слова не люблю. У такіх творчых калектывах, як радыё і тэлебачанне, абавязкова патрэбны рух. Калі ёсць славутая стабільнасць, дык адбываецца таптанне на адным месцы. І гэта нідзе і ніколі не дае вялікага плёну.
Тэкст: Вячаслаў Корсак, bolshoi.by
Фота: Мікалай Купрыч