«Мірнае суіснаванне». Не заўжды мірнае, але — суіснаванне

24.11.2025
17 лістапада зноў запрацавалі памежныя пераходы паміж Беларуссю і Польшчай. Па логіцы, першым праз адзін з тых пераходаў меўся б прайсці на польскі бок Анджэй Пачобут. Ці, прынамсі, меў адзваніцца: «Я на свабодзе». Так не сталася. А транспарт — пайшоў. Туды-сюды. Як раней.

Aleś Kirkievič
Алесь Кіркевіч

Апошнімі днямі ўсё больш пішуць пра прывід (пакуль — прывід) «мірнага суіснавання» між Беларуссю і Еўропай. То бок, Беларусь застаецца такой, якая яна ёсць. Сістэма там не змяняецца. Але градус напружанасці — спадае. Суседзі не давяраюць адно аднаму, але — перастаюць глядзець адно на аднаго праз снайперскі прыцэл.

Зразумела, Беларусь зараз ідзе ў адной звязцы з Расіяй і ўсё гэта залежыць ад сітуацыі ва Украіне, але я не пра гэта. Размова пра сітуацыю «Халоднай вайны». Калі СССР і Захад заставаліся сапернікамі, але — дамаўляліся. Савецкія газеты надалей нагаворвалі на Амерыку, амерыканскія — на Маскву. Але Хрушчоў мог паехаць у ЗША, а Ніксан — у СССР. Фестывалі моладзі, алімпіяды, гандаль. «Міру — мір!». Ці магчыма падобнае зараз?

«Мірнае суіснаванне» і — часовае зацішша

Суіснаванне — гэта не пра любоў, а пра разлік: лепш жыць, чым памерці. Калі ў вас паверхам ніжэй жывуць алкаголікі, якія ў тэорыі могуць зрабіць пажар, вы ж не пойдзеце з сякерай іх забіваць, праўда? Будзеце размаўляць, сварыцца — але не заліваць кіпнем зверху. Гэта суіснаванне. Так ці інакш.

Такая логіка найперш адпавядае Захаду (як і логіка ў прынцыпе). Але нават на Усходзе ёсць жывёльны разлік: Сталін у свой час аб’явіў пра пабудову сацыялізму ў асобна ўзятай краіне замест «сусветнай рэвалюцыі». І паадкручваў усе «гарачыя галовы», якія хацелі ваяваць з белапалякамі і капіталістамі «тут і цяпер». Яны яму заміналі. Ён быў яшчэ негатовы. Рыхтаваўся.

А перад гэтым — рабіў выгляд «мірнага суіснавання». Узгадайце сітуацыю з мяжой між СССР і Польшчай у 1920-1930-я гады, якая праходзіла праз Беларусь. Калі ў 20-я гэта нон-стоп рэйды дыверсійных груп у абодва бакі, то ў 30-я — усё нібы сціхла. Нават кантрабанда сышла на нішто: з ёй змагаліся і палякі, і Саветы. Праз станцыю Негарэлае непадалёк ад Мінска хадзіў цягнік. Туды-сюды.

Pierachod miž SSSR i Polščaj na st. Nieharełaje ŭ 1920-30-ja hady
Пераход між СССР і Польшчай на ст. Негарэлае ў 1920-1930-я гады. Фота з Вікіпедыі

Вядома, гісторыя ніколі не паўтараецца, але сам факт паказвае. Калі не «мірнае суіснаванне», то часовае зацішша — магчымае.

Мы вам газ, вы нам мікрачыпы

А зараз, давайце глянем на сітуацыю шырэй. У свеце вымалёўваюцца не адна, а некалькі цывілізацыйных мадэляў: з рознымі каштоўнасцямі, разуменнем правоў чалавека, улады і г.д. Паміж Кітаем і Вялікабрытаніяй не тысячы кіламетраў, а цывілізацыйная прорва. Але гэта не значыць, што Пекін мае аб’явіць Лондану вайну, праўда? Лепш — гандляваць. І ўсміхацца.

Сітуацыя старая як свет. Ёсць розныя цывілізацыйныя «кластары», якія гандлююць, дамаўляюцца, часам ваююць. І ўсё гэта — суіснаванне. Наяўнасць аднаго сусвету не адмяняе іншага. На крайні выпадак можна ўсё абгарадзіць сценамі, а цераз іх — перакідваць рэсурсы. Мы вам сыравіну, вы нам тэхналогіі. Мы вам газ, вы — мікрачыпы.

«Адкрыты свет» без межаў, дзе ўсе ездзяць паўсюдна, глядзяць Netflix і п’юць каву ў Starbucks — пакрысе згортваецца. Яшчэ ўчора паездкі на нейкія экзатычныя выспы ў Азіі — нармальная рэч. Заўтра — гэта гульня з агнём, а ці вернешся? Бо ніякія ўніверсальныя міжнародныя нормы цябе не абароняць. Няма ўніверсальнай «міжнароднай» прасторы. Як і «міжнароднай» ісціны. Паўсюдна — свая.

Пакуль яно ўсё яшчэ трымаецца, але ўявіце, што ў кожным кластары — свой інтэрнэт, свае сацыяльныя сеткі, свае аналагі Youtube. Далей — свае ўяўленні пра тое, ці зямля плоская і як насамрэч выглядае сонечная сістэма. Чаму, уласна, не? І нават гэта не будзе азначаць, што трэба ваяваць. Можна — суіснаваць. Як скіфы суіснавалі з грэкамі, маючы розных багоў і ўяўленні пра геаграфію.

Усяго адна сняжынка

Pamiežny pierachod ŭ Babroŭnikach
Памежны пераход ў Баброўніках. Фота: Мілаш Казакевіч / Podlaski Urząd Wojewódzki

Галоўнае пытанне, калі свет сапраўды пойдзе ў такім кірунку, дзе акажацца Беларусь? Па які бок заслоны — у якім кластары? Як надоўга? І калі надоўга, то ці пазнаем мы тую Беларусь, калі ўбачым на свае вочы?..

Зрэшты, радыкальна змяніць сітуацыю заўжды можа ўсяго адна сняжынка, якая справакуе лавіну.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org