Гурт Re1ikt выпусціў 2 дыскі

19.11.2012 Музыка


Мінскі гурт Re1ikt афіцыйна выдаў свой другі live-DVD “Крыгаход”, які быў зняты на канцэрце ў клубе Re:Public 31 кастрычніка 2011 года. Дыск выйшаў на вядомым беларускім лэйбле Vigma.

Таксама калектыў праз год пасля рэлізу перавыдаў трэці студыйны альбом “Рэкі прабілі лёд”. Дыск стаў бестсэлерам лэйбла Vigma у 2011-2012 гадах, яго высока ацанілі шматлікія замежныя і беларускія музычныя СМІ. Наклад кожнага выдання склаў 500 асобнікаў.

Лідар Re1ikt Аляксандр Дземідзенка прызнаецца, што з альбомам “Рэкі прабілі лёд” гурт рызыкаваў, таму што ён мог застацца ў андэрграундзе, і слухач мог папросту не ўспрыняць яго, бо музыкі наўмысна рабілі дыск эксперыментальным і незвычайным.

Аднак поспех, прычым не толькі ў Беларусі (работу адзначылі шматлікія замежныя рэцэнзенты), паказаў удзельнікам калектыву, што можна рабіць тую музыку, якая ім падабаецца, якая адлюстроўвае іх духоўныя імкненні.

“Таму хачу пажадаць калектывам-пачаткоўцам ці тым, якія працягваюць і сумняюцца, знаходзіць арыгінальнасць у сабе, нічога не баяцца і рабіць тую музыку, якую хочацца граць, а не гнацца за модай”, – падагульніў Аляксандр Дземідзенка.

22 лістапада Re1ikt выступіць на беларускай прэм’еры праекту «Тузін. Немаўля» ў клубе Loft з “жывой” інструментальнай агучкай старога нямога беларускага фільма “У Агні Народжаная” (1929 г.).