Ігар Случак: «У адрозненне ад іншых, чыноўнікі ніжэйшых узроўняў пазітыўна або нейтральна ставяцца да беларускай мовы»

Да Дня Канстытуцыі Беларусі, калі ў 1994 годзе беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай, Ігар Случак падзяліўся з Budzma.org думкамі пра цяперашні стан мовы ў краіне, сваю праваабарончую дзейнасць у эміграцыі і тое, як на яе паўплывалі крымінальныя справы, заведзеныя супраць яго ў Беларусі.

Ihar SlučakІгар Случак


— У студзені 2025 года стала вядома аб крымінальнай справе, распачатай супраць вас у Беларусі па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Як вы ацэньваеце гэтыя абвінавачанні?

— Як юрыст скажу, што гэтыя абвінавачанні незаконныя, і тыя, хто ў любой форме датычныя да гэтых абвінавачанняў і іншых працэсуальных дзеянняў, робяць злачынства, і іх дзеянням пасля будзе дадзеная прававая ацэнка. Усе гэтыя людзі разумеюць незаконнасць сваіх дзеянняў, і тое, што ў дадзеным выпадку спасылацца на загады нельга, таму, відавочна, што ў дадзеным выпадку няма падставаў для прыцягнення іх саміх да крымінальнай адказнасці.

Такія злачынствы не маюць тэрміну даўніны, а незалежны суд пасля дасць прававую ацэнку дзеянняў гэтых падазраваных і вынесе прысуд у адпаведнасці са ступенню віны кожнага датычнага да дадзеных крымінальных справаў. Кажу справаў, бо з праўладных тэлеграм-каналаў і паводле інфармацыі Брэсцкага райвыканкама ведаю, што на мяне заведзена мінімум 4 крымінальныя справы за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці.

— Якія наступствы крымінальная справа можа мець для вашай праваабарончай дзейнасці?

— Гэтыя справы ніяк не ўплываюць на маю праваабарончую дзейнасць, улічваючы, што я знаходжуся за мяжой. І само знаходжанне за мяжой таксама не ўплывае на інтэнсіўнасць і якасць маёй працы, бо займацца тым, чым я займаюся зараз, а менавіта абаронай беларускай мовы, я пачаў яшчэ падчас сваёй першай эміграцыі ў Эстонію, таму алгарытмы дыстанцыйнай працы ў мяне адпрацаваныя даўно.

— Як вы ацэньваеце шлях, які прайшла беларуская мова за 2024 год, і якія выклікі стаяць перад ёй сёння, у 2025-м?

— Стан беларускай мовы і працу па яе абароне можна параўнаць з вайной Расіі супраць Украіны. Зараз мы трымаем пазіцыі, каб сітуацыя не стала яшчэ горшай і па меры магчымасцяў і сілаў адваёўваем пазіцыі беларускай мовы.

І хачу адзначыць, што часта насуперак памкненняў дзяржавы беларуская мова сапраўды адваёўвае пазіцыі нават там, дзе не чакаеш. 

Як, напрыклад, у выпадку, калі збіраючы статыстыку, я даведаўся, што прыкладна 5% беларусаў у 2024 годзе звярталіся да чыноўнікаў з пісьмовымі зваротамі па-беларуску. Для параўнання ў 2020 годзе быў 1%, а ў 2014 годзе — 0,5%. То-бок не проста больш стала людзей размаўляць па-беларуску, але і ў разы павялічылася колькасць тых, хто вядзе па-беларуску афіцыйную камунікацыю з дзяржавай.

— Міністэрства адукацыі разглядае магчымасць аб’яўлення 2025 года Годам беларускай мовы. Як вы ставіцеся да такой ініцыятывы, і якія крокі, на вашую думку, павінны быць зроблены для рэальнага паляпшэння становішча беларускай мовы?

— Ініцыятыва добрая, але лепш каб яна была не толькі на паперы. Сапраўды важнымі крокамі ад Міністэрства адукацыі было б змяненне прававых актаў у кірунку таго, каб па жаданні бацькоў адкрываліся беларускамоўныя школы і класы. Зараз толькі жадання бацькоў не дастаткова: патрэбна згода заснавальнікаў устаноў адукацыі — гэта ў большасці выпадкаў аддзелы адукацыі выканкамаў.

Таму новыя беларускамоўныя школы і класы не адкрываюцца, а колькасць беларускамоўных школ і школьнікаў, што вучацца па-беларуску, змяншаецца. 

У сваёй дзейнасці ў 2025 годзе я таксама зраблю акцэнты на дыскрымінацыю па прыкмеце беларускай мовы ў сферы адукацыі.

Бо, відавочна, попыт на беларускамоўную адукацыю расце, а дзяржава адміністрацыйнымі мерамі стварае ўмовы, калі па-беларуску вучыцца нельга.

— У нашым ранейшым інтэрв’ю вы адзначалі, што беларуская мова свядома стыгматызуецца як мова «ворагаў народа». Ці змянілася гэтая сітуацыя за апошні час, і што можна зрабіць для змяншэння такой стыгматызацыі?

— На жаль, асабліва сярод вышэйшага чынавенства беларуская мова ўсё яшчэ застаецца мовай ворагаў народа, і спыніць гэтую стыгматызацыю можа толькі змена палітычнага рэжыму з прамаскоўскага на прабеларускі. Пры тым, што на нізавым узроўні такога стаўлення няма — чыноўнікі ніжэйшых узроўняў ставяцца да беларускай мовы пазітыўна або нейтральна. Яны самі не задаволеныя той сітуацыяй, што склалася ў краіне, але з іншага боку, і не робяць нічога, каб сітуацыю змяніць.

— У 2024 годзе вы падзяліліся са мной гісторыяй пра тое, як барацьба за беларускую мову прымусіла вас стаць уцекачом. Як змяніліся вашы жыццё і дзейнасць пасля вымушанага пераезду? Якія ў вас планы на будучыню?

— Жыццё сёння мае складанасці звычайнага жыцця эмігранта, гэта хутчэй побытавыя складанасці: не хапае грошай, трэба адаптавацца пад іншы тэмп і ўклад жыцця грамадства, засвоіць на нармальным узроўні мясцовую мову [Ад рэдакцыі: У 2023-м Случак быў вымушаны экстрана выехаць у Літву разам з сям’ёй], каб сапраўды разумець мясцовых людзей, бо мова — гэта душа народа, і камунікацыя на замежнай з мясцовымі не раскрывае іх цалкам як асобаў. На маю дзейнасць эміграцыя, як я казаў, асабліва не ўплывае. Вялікіх планаў на будучыню ў эміграцыі я не будую, усё яшчэ пачуваю сябе як госць на некаторы час, і ўвесь час спадзяюся, што заўтра можна будзе вярнуцца ў Беларусь.

— Якую ролю, на вашую думку, павінна адыгрываць беларускае грамадства (беларусы ўнутры Беларусі) у абароне беларускай мовы з улікам цяперашніх выклікаў?

Ihar Slučak
Ігар Случак. Фота з асабістага архіва 


— І беларусы ў Беларусі, і беларусы за межамі Беларусі павінны памятаць і адчуваць сябе беларусамі і размаўляць па-беларуску. Беларусы ў Беларусі — карыстацца беларускай мовай паўсюль. Беларусы за мяжой — у камунікацыі са сваімі суайчыннікамі. У нас ёсць свая мова. Беларусы ў Беларусі для пашырэння беларускай мовы могуць пісаць звароты: яны працуюць, і працуюць добра і зараз. І калі ў Беларусі зараз праблемы з адукацыяй па-беларуску, то варта звярнуцца да нашай шляхетнай гісторыі.

Першапачатковую адукацыю беларуская шляхта давала сваім дзецям дома. І таму калі няма магчымасці наведваць беларускамоўную школу, кожны беларус можа займацца ў межах сваіх моцаў са сваімі дзецьмі па-беларуску дома. Мінімум чытаць і пісаць па-беларуску. Гэта дазволіць дзецям авалодаць роднай мовай, і пасля яны ўжо яе не забудуць.

Мае дзеці, Стэфан і Тадэвуш, ходзяць у Літве ў літоўскамоўны садок, ужо засвоілі літоўскую мову, і з літоўскамоўнымі карыстаюцца гэтай мовай. Але ў той жа час у сям’і і з іншымі беларусамі яны размаўляюць па-беларуску, гэта іх першая мова, бо мама і тата з імі размаўлялі ад нараджэння толькі па-беларуску. 

Паўтаруся, у нас ёсць свая мова — беларуская. Гэта тое, што робіць нас беларусамі. Без сваёй мовы мы знікнем, растворымся ў іншых народах.

Кацярына Луцэвіч, Budzma.org