У беларускай мове ёсьць цудоўнае і смачнае слова — «зашкварыць». То бок заправіць нейкую страву шкваркамі — смакоцьце яшчэ тое! Між тым шэрая беларуская штодзённасьць частуе нас зашкварамі зусім іншага кшталту. Падпярэзаўшы свой публіцыстычны хвартух, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» раскладае сучасны беларускі зашквар на прыкладзе ўсяго аднаго чатырохрадкоўя.
Валера Руселік. Фота засабістага архіву
Калі агулам моўная сытуацыя ў краіне далёкая ад нармальнасьці, то ня дзіва, што і розных недарэчнасьцяў і зашквараў у гэтай плашчыні заўжды стае.
Не пасьпела адракатаць рэха кармянскіх шкаляроў, якія ня здолелі перакласьць аніводнага з прапанаваных беларускіх словаў, як на зашкварную моўную вахту заступіла карыстальніца TikTok Nadejda_kuksenkova. Жанчына паспрабавала прачытаць верш Уладзіміра Карызны з падручніка па роднай літаратуры для другое клясы — нават не трапляючы ў націскі незразумелых для яе беларускіх словаў:
Весьняй зараначкай сьвеціць,
Лашчыць,
Як звон ручая.
Самая, самая лепшая ў сьвеце
Мама мая.
Ну што тут сказаць, адпрацавала зашкварную вахту Nadejda_kuksenkova годна: ролік ужо набраў больш за мільён праглядаў і амаль 4 тысячы камэнтароў. Народная слава і посьпех мары для якога-заўгодна блёгера, ня йнакш!
Зрэшты, як і належыць усялякаму годнаму зашквару, прадэманстраванае публічна гэтай кабетай глупства (да таго ж падмацаванае патрабаваньнем «писать стихи поскладнее»), зьяўляецца ня толькі добрым грунтам для тысяч абураных камэнтароў і дасьціпных пародыяў, але і падсьвятляе адразу шэраг сур’ёзных праблем у нашым грамадзтве.

Зьлева — зашкварны ролік Nadejda_kuksenkova, справа — пародыя на яго ад блёгера Ягора Яраша-Каранца
Па-першае, узровень валоданьня роднай мовай падае нават імклівей за і без таго катастрафічныя тэмпы расеізацыі беларусаў, зафіксаваныя афіцыйнымі перапісамі.
Калі нават мама не разумее, што такое «лашчыць» альбо «ручай», то чаго чакаць ад дзіцяці, якое і ў школе роднае мовы амаль ня чуе, і дома назірае грэблівае стаўленьне да яе ад сваіх самых блізкіх і родных людзей.
Ці можа сын альбо дачка гэткай умоўнай Nadejdi_kuksenkovoy назваць беларускую мову — матчынай? Пытаньне рытарычнае.
Па-другое, гэты выпадак — крыштальнае чысьціні прыклад таго, як грэблівасьць да ўсяго беларускага, дэманстраваная беларускай (?) дзяржавай перадаецца грамадзянам.
Маўляў, белорусский язык — бедный язык, на нём ничего нельзя сказать великого. Так зачем усложнять-то?! Беларуская мова — это же как испорченный русский язык, не нужно его дополнительно портить этими вашими польскими «лашчыць» и «ручаями»! В конце-то концов, если мова — матчына, то она, как и мать, как женщина, должна быть удобная в быту! Прозвучать раз в год на «Дожинках», ну ладно — на этикетке «Батькова булка» появиться. Ну и хватит, больше не надо! Неудобно же!
Ну і чаго тады з гэткім падыходам зьдзіўляцца, калі які-небудзь чарговы боўдзіла заявіць, што беларуская мова — гэта расейская, толькі з памылкамі, нічога адметнага ў ёй няма?
Па-трэцяе, у беларускай школе беларускія дзеткі вывучаюць беларускую мову як... замежную. Адзін раз на тыдзень, сшыткі-слоўнічкі зь перакладамі на расейскую — вось гэта вось усё.
А вывучаць дадатковую замежную мову, якая ў жыцьці не прыдасца — які сэнс, праўда?
Адсюль, дарэчы, і патрабаваньне «писать стихи поскладнее». То-бок папрасьцей. Ну а папрасьцей — гэта як мага больш падобна на расейскую. А з падобным падыходам і наагул трэба адмовіцца ад гэтае беларускае — няхай будзе толькі расейская! Ну бо навошта ўскладняць, праўда?
Хаця, здавалася б, складана для другаклясьніка — гэта квантавая мэханіка альбо палітычны лад старажытных грэцкіх полісаў, але аніяк не звычайныя словы роднае (?!) мовы, якая мусіць гучаць наўкол.
Афтоп. Памятаю, калі я жыў на радзіме, на вуліцы мінакі часьцяком зьдзіўляліся маёй беларускай мове: «Ой, вы так необычно разговариваете!» І я заўжды нязьменна пакепліваў зь іх, адказваючы з сур’ёзным выразам твару: «Дык я ж не мясцовы. Я прыехаўшы сюды». — «А вы откуда?» — «Зь Беларусі...» І штораз — зьдзіўленыя твары: маўляў, в смысле «зь Беларусі»?!
Мы же тоже из Беларуси!

Лаўкі з расейскамоўнымі надпісамі, усталяваныя ў Лідзе да Дня беларускай пісьменнасьці. Фота: lida.online24
Па-чацьвёртае, насамрэч нізкая якасьць школьнай праграмы.
Дзе сучасная беларускамоўная літаратура? Дзе нашыя геніяльныя клясыкі? Дзе актуальныя пераклады ўсясьветных шэдэўраў і апошніх літаратурных тэндэнцыяў? Дзе ў нашых падручніках — кот Шпрот і Гары Потэр? Дзе Наста Кудасава і Ўладзімер Караткевіч? Дзе Віталь Рыжкоў і Анатоль Сыс?
Пад забаронай. Выкінутыя зь беларускай школы альбо нават не дапушчаныя да яе. Абвешаныя «экстрэмісцкімі» статусамі, каб нават думкі хаця б факультатыўна рыпнуцца не было. Па-беларуску ў цяперашняй беларускай школе — банальна не цікава. Па-беларуску — гэта толькі саха і лапці, як завяшчалі нам нашыя савецкія папярэднікі!

Валера Руселік — з думкамі пра тых, хто зрасейшчвае Беларусь. Фота з архіву аўтара
І гэты ганебны сьпіс праблемаў, якія хаваюцца ўсяго толькі за адным-аднюсенькім моўным зашкварчыкам, насамрэч можна цягнуць і цягнуць: хопіць і на па-пятае, і на па-шостае, і на па-дзясятае.
І высновы з гэтае ганьбы можна зрабіць прынамсі дзьве.
Па-першае, каб не было моўных зашквараў, беларуская дзяржава мае перастаць быць крыніцай гэтых зашквараў. Дзеля вяртаньня да нармальнасьці нам патрэбнае нацыянальнае адраджэньне менавіта на дзяржаўным узроўні.
Інакш гэта ніколі ня спыніцца.
Ну й па-другое, каб ня ганьбіцца, трэба мець самапавагу. У дадзеным выпадку самапавагу нацыянальную. Я ніколі не стамлюся заклікаць вас, шаноўныя: размаўляйце па-беларуску! Ня ганьбцеся! Паважайце, урэшце, самых сябе!
Зашкварвайце суп і кашу, але не самых сябе!
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org