Адмена 8 сакавіка. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

У новай «Казцы жыцця» Яна Вольская распавядае пра тое, як у адной жанчыны раптоўна абрынуўся свет, бо выявілася, што свята, якога яна чакала цэлы год — 8 сакавіка — адмянілі... Але выйсце з гэтай прыкрай сітуацыі ўсё ж знайшлося.

Malunak Lavona Volskaha

Роза Барысаўна прачнулася ў гуморы. Яна прыслухалася: муж ужо ўстаў, і з лазенкі даносіўся гук ягонай галільнай машынкі. «Прыводзіць сябе ў парадак», — з задавальненьнем падумала яна. Зараз прыгатуе сьняданак — фірмовую яечню з тостамі, якую ён робіць толькі адзін раз на год, у гэты цудоўны сьвяточны дзень. Потым падорыць ёй ружовыя туліпаны, якія яна так пяшчотна любіць. А ўвечары, магчыма, — з прыемнай асалодай падумала жанчына, — падорыць мне сертыфікат на манікюр.

Паколькі Роза Барысаўна на 23 лютага зрабіла мужу, апроч традыцыйнай пены для галеньня і бамбукавых шкарпэтак, асаблівы прэзэнт — прылады для рыбалкі, яна разьлічвала на сымэтрычны адказ і ўжо некалькі разоў намякала на манікюр.

Роза Барысаўна нетаропка прыўзьнялася з ложка, і ў гэты момант у дзьвярах з’явіўся сьвежы і прычасаны муж.

— Ты яшчэ ня ўстала? — зьдзівіўся ён. — На працу ня спозьнісься?

— Устаю, устаю, — какетліва адгукнулася жанчына.

Яна павольна праплыла ў кухню, прадчуваючы смачны сьняданак, і разгубілася, ня ўбачыўшы яго на стале.

Муж пайшоў усьлед за ёй і з-за сьпіны запытаўся:

— А што на сьняданак?

У Розы Барысаўны ажно мову заняло. Яна стаяла пасярод кухні і, як рыба, выкінутая на бераг, адкрывала і закрывала рот. Нарэшце яна апрытомнела і глухім голасам сказала:

— Сёньня ж 8 сакавіка!

— Дарэчы, — нібы нічога ніякага, адгукнуўся муж. — Я прачытаў артыкул, што гэтае сьвята — перажытак і нават абражае жанчынаў, бо па-сэксісцку падкрэсьлівае іхны пол. Калісьці гэта быў дзень раўнапраўя мужчынаў і жанчынаў, а цяпер пра гэта ніхто ня памятае ды па інэрцыі цягне ў сучасны сьвет гэтую старызну.

Спадзяваньне Розы Барысаўны на тое, што муж проста забыўся, вокамгненна растала.

— А кветкі? — ледзь ня плачучы, запыталася яна.

— А кветкі можна падарыць і без нагоды, — адказаў муж.

— Дык дзе яны? — пагрозьліва спытала Роза Барысаўна, ачомваючыся.

— Вой, я ўжо спазьняюся, — ён раптам засьпяшаўся.

— А 23 лютага табе не перажытак? — крыкнула яна ўсьлед мужу.

Сьвет Розы Барысаўны пахіснуўся. Яна йшла па вуліцы, а навокал сьпявалі птушкі і зьзяла веснавое сонца. Сьвята жанчын, сьвята вясны, якое яна так любіла і чакала штогод!

«Сам ты перажытак!» — у думках вылаялася яна.

Роза Барысаўна прыйшла на працу змрачнейшая за навальнічную хмару. У блытаныя думкі закралася слова «развод». Калегі і студэнты мітусіліся ў вестыбюлі, у лабаранцкай пахла кавай — усе, здавалася, жылі звычайным жыцьцём.

— Дык што, 8 сакавіка, Міжнародны дзень жанчынаў, ужо ніхто не сьвяткуе? — запыталася яна ў настаўніцкай.

Дзьве каляжанкі дзіўна паглядзелі на яе. Нарэшце адна зь іх, маладзейшая, практыкантка на кафедры, неахвотна адгукнулася:

— Гэта ўжо перажытак. Такім сьвятам толькі падкрэсьліваўся патрыярхат. Усе гэтыя зычэньні «быць самымі прыгожымі, мілымі, натхняльнымі, квітнець і пахнуць»... Жанчыны ўжо вырасьлі з гэтага і не абавязаныя адпавядаць такім чаканьням. Сьвяткаваць вясну можна і кожны дзень.

— Яшчэ некалькі соцень гадоў таму вы б ня тое што так казаць ня мелі б права — вас бы і да выкладаньня ніхто не дапусьціў! — абурылася Роза Барысаўна.

Яна вярталася дадому цалкам зьнясіленая. «Жанчына-працаўнік у гандлі і прамысловасьці», «Развіцьцё жаночага пытаньня ў XIX стагоддзі», «Працаўніцы і прафэсыйны рух» — лекцыі, якія яна столькі гадоў запар чытала ў гэты дзень, а ён жа мог быць сьвяточным і непрацоўным!

Праходзячы побач з аўтобусным прыпынкам, дзе разгарнуўся кветкавы кірмаш, Роза Барысаўна падумала:

— Ну не, 8 сакавіка — гэта сьвята, якое заўсёды са мной.

Яна падышла і набыла сабе ружовыя туліпаны.

Яна Вольская, Budzma.org