Illa Falažynski выпусціў новы сінгл «Kudy ty idzieš?»

20.09.2025 Музыка

Беларускі аўтар-выканаўца і мастак з Варшавы Illa Falažynski (Ілля Фаляжынскі) акурат у дзень народзінаў прадстаўляе свой новы сынгл «Kudy ty idzieš?» (Куды ты ідзеш?). Рэліз ужо даступны на ўсіх музычных платформах.

falazynski.jpg

«Песні лепш за мяне ведаюць, калі ім трэба напісацца або калі іх трэба прэзэнтаваць. Канкрэтна гэтая цярпліва чакала пяць гадоў», — прызнаецца Ілля.

Трэк быў запісаны ў Мінску ў 2020 годзе. Вокладкай для сінглу стала адна з першых карцін Фаляжынскага пад назвай «Куды ты ідзеш?». 

falazynski-albom.jpg

Як адзначае аўтар, спачатку гэта была толькі назва песні, але менавіта яна падказала пазней надаць карціне тую ж назву. 

«Гэтая кампазыцыя — пра ўнутраны шлях, поўны сумневаў, болю і пошуку сэнсу. Тэкст даследуе непакой і сутыкненне з нявызначанасцю, адкрываючы ўразлівасць чалавека перад самім сабой, — гаворыць музыка. — „Таемны пароль“ у песні сімвалізуе ключ да самапазнання і ўнутранай свабоды. У выніку слухач застаецца з простай, але моцнай высновай: куды б ні вёў шлях, ад сябе не ўцячэш».

Ілля абяцае ў бліжэйшым часе парадаваць слухачоў новымі музычнымі неспадзянкамі, а гэтая песня — не апошняя, якую ён прадставіць у гэтым годзе.

Паслухаць новы рэліз можна па спасылцы.

Illa Falažynski (Ілля Фаляжынскі) — беларускі аўтар-выканаўца і мастак з Варшавы.

Стаў вядомы ў 2015 годзе дзякуючы песні «Зялёная гарбата». Аўтар альбомаў «Схавацца ў туман» (2016) і «Navobmacak» (2019). Намінант прэміі «Адкрыцьцё году» паводле парталу Tuzinfm. by.

У 2023 годзе ўзяў удзел у міжнародным трыб’юце Марку Болану зь песняй «Dziŭnaje žyćcio» («Life is Strange»), якая выйшла на афіцыйным рэлізе брытанскага лэйблу Easy Action.