21 чэрвеня 2011 года ў Наваполацку ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася музычна-паэтычная вечарына з удзелам паэта Іны Снарскай, якая цяпер жыве ў Палтаве, але родам з Полацкай зямлі. Таксама ў вечарыне ўдзельнічалі: бард з Маладзечна Таццяна Беланогая, Іна Мароз, Людміла Мяхедка, Міхась Зудзілаў, Дзмітры Пугачэўскі. Арганізавалі сустрэчу ўдзельнікі паэтычнага аб’яднання “Крылы”.
Вечарына мела назоў “Зноў акрыляе родная зямля”. Так, бо спадарыня Іна ўжо дваццаць тры гады жыве ва Украіне. Але яна ні на секунду не забывалася на свае карані, роднае слова і памяць. Менавіта гэтай светлай аўрай быў прасякнуты вечар. Паэт Іна Снарская зачаравала слухачоў сваімі вершамі, якія вельмі шчырыя, і гэтая шчырасць ідзе праз пакуты душы паэта да людзей. Таму яна робіцца такой дарагой. Паэт дэкламавала свае вершы са зборнікаў “Кветка гарынь”, “Пачакай, мая птушка”, расказвала пра сваю працу на Палтаўскім тэлебачанні.
Спадарыня Іна казала пра тое, што не бывае нічога выпадковага, і ўсё ў жыцці вельмі знітавана. Таццяна Беланогая сама з Маладзечна, а спадарыня Іна пачынала свой працоўны шлях менавіта ў Маладзечна. Яўгенія Янішчыц – улюбёная паэтка Таццяны, і менавіта Яўгенія Янішчыц прымала вершы Іны Снарскай у часопіс “Маладосць”. І такіх супадзенняў праз гады было знойдзена вельмі шмат.
Гледачам спадарыня Іна задала пытанні, звязаныя з творчасцю паэткі. Пераможцы атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Спадарыня Іна выказала вялікую ўдзячнасць кампаніі за магчымасць арганізацыі яе выступаў. Бо, па словах паэткі, “кожная сустрэча з гледачом – сапраўдны скарб”.