«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Іосіфа Гашкевіча.
Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1815 г. — 15 мая 1875 г.) Іосіф Гашкевіч — дыпламат, даследчык Усходу.
І.Гашкевіч нарадзіўся ў Якімавай Слабадзе Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Гомельскай вобласці). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, а ў 1839 годзе — Пецярбургскую духоўную акадэмію.
Метрычны запіс аб нараджэнні-хросце Іосіфа Гашкевіча ў сяле Стралічаў.
Усходазнаўчую адукацыю атрымаў у Расійскай духоўнай місіі ў Пекіне, дзе знаходзіўся на працягу дзесяці гадоў разам з такімі ў будучым вядомымі ўсходазнаўцамі, як П.І.Кафараў, В.П.Васільеў, І.І.Захараў, А.А.Татарынаў. Пры гэтай місіі быў і мастак з Беларусі К.І.Карсалін, аўтар шматлікіх карцін і замалёвак на ўсходнія тэмы.
У Кітаі І.Гашкевіч вывучыў некалькі ўсходніх моў — кітайскую, маньчжурскую, карэйскую, мангольскую. Ён актыўна займаўся даследаваннем прыроды Кітая і жыццёвага ўкладу кітайцаў, фатаграфаваў пейзажы краіны. Вялікую навуковую каштоўнасць мелі яго астранамічныя і метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі Кітая. Ён быў адным з першых рускіх натуралістаў, які сабраў вялікую калекцыю флоры і фаўны Кітая, Японіі, Індакітая, Філіпін і Карэі.
У 1852–1855 гадах як перакладчык браў удзел у дыпламатычнай місіі адмірала Пуцяціна ў Японію на фрэгаце «Палада». Удзельнічаў у падрыхтоўцы і падпісанні ў 1855 годзе першага руска-японскага дагавора.
І.Гашкевічу было прапанавана стаць першым рускім консулам у Японіі. Ён быў першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы японскай сталіцы.
Падчас знаходжання ў Японіі (1858–1865) І.Гашкевіч займаўся не толькі дыпламатыяй, але вёў і навуковую дзейнасць. Багатая моўная практыка, атрыманая у час працы над расійска-японскім дагаворам, дазволіла вучонаму скласці сумесна з японскім даследчыкам Тацібана Касаем у 1857 годзе «Японска-рускі слоўнік». «Слоўнік» быў адзначаны прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй Імператарскай акадэміі навук з уручэннем Залатога медаля. Слоўнік Гашкевіча лічыўся лепшым узорам з усяго створанага ў Расіі па японскай мове.
Іосіф Гашкевіч праводзіў прыродазнаўчыя назіранні па складанні метэаралагічных зводак, збору калекцый узораў флоры і фаўны. Яго назіранні і артыкулы пра Японію і японскую мову былі надрукаваны ў выданнях Імператарскай акадэміі навук і Галоўнай фізічнай абсерваторыі ў Пецярбургу. Апрача ведання 13 еўрапейскіх і ўсходніх моў І.Гашкевіч быў знаёмы з заканадаўствам, адміністрацыйным упарадкаваннем і палітычнай сістэмай Кітая і Японіі, а таксама з норавамі і звычаямі далёкаўсходніх народаў.
Запіс аб смерці Іосіфа Гашкевіча ў маёнтку Малі.
У 1867 годзе І.Гашкевіч выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку Малі ў Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Тут ён напісаў фундаментальную працу «Аб каранях японскай мовы». Аб рознабаковасці і глыбіні вывучэння ім Далёкага Усходу ў гэты час сведчыць апісанне бібліятэкі І.Гашкевіча, якая ўключала 420 тамоў кніг толькі на японскай, маньчжурскай і кітайскай мовах. Сабраныя ім пісьмовыя помнікі датычацца пытанняў геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі, моў краін Усходняй Азіі.
Памёр і пахаваны ў Вільні (Вільнюсе). У г.Хакадатэ (Японія) і беларускім Астраўцы яму пастаўлены помнікі.