Як частаваць птушак правільна?

У халодны час многія вывешваюць кармушкі. Што туды класці? Якая ежа для птушак шкодная? Якіх гасцей чакаць на птушынай сталоўцы? Разабрацца дапамагла грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).

unnamed.jpg

Сіняя сініца на кармушцы. Фота Анастасіі Сяргеевай

Зімой дзень кароткі, а ноч доўгая і халодная. Здабыць корм у зімовы час робіцца цяжэй, але пры гэтым яго трэба больш: птушкам трэба дадатковая энергія, каб сагрэцца. Асабліва цяжка птушкам, калі галінкі і зямля пакрываюцца ільдом пасля адлігі і марозу.

Кармушка на дрэве ці за акном – выдатны спосаб дапамагчы дробным птушкам перажыць зіму і паназіраць за імі.

Дзе ўзяць кармушку?

Сёння кармушку можна лёгка набыць у розных крамах, у тым ліку будаўнічых. А можна праявіць творчасць і зрабіць яе сваімі рукамі з дрэва, пластыкавай бутэлькі або нават з шышак. Важна, каб дно кармушкі было з адтулінамі, адкуль будзе выцякаць лішняя вільгаць. І не забывайце рэгулярна чысціць птушыную сталоўку.

Што класці ў кармушку?

Самы ўніверсальны корм для птушак – несалёныя нясмажаныя семкі сланечніка. Смачна, карысна, даступна. Крупы такой папулярнасцю ў вераб’іных птушак не карыстаюцца.

Разнастаіць меню можна насеннем рапсу, лёну, гарбузовымі семкамі, арахісам, кавалачкамі яблыка ды ягадамі. Калі хочаце зрабіць асаблівы падарунак для сініц і дзятлаў, прычапіце на галінку кавалак несалёнага нясмажанага сала.

unnamed(1).jpg

Якая ежа шкодная птушкам?

Ні ў якім разе не карміце птушак рэшткамі са свайго стала. Не кладзіце нічога смажанага, печанага і салёнага ў кармушку. Хлеб як чорны, так і белы, як свежы, так і сухі – непрыдатная ежа для птушак.

Каго чакаць на кармушцы?

Нават у горадзе акрамя дамавых і палявых вераб’ёў, сініх і вялікіх сініц, да вас на кармушку могуць завітаць зелянушкі, таўстадзюбы, папаўзні, гілі, дзятлы, сойкі, чыжы, амялушкі ды іншыя крылатыя госці.

Ці трэба падкормліваць качак і лебедзяў?

Вадаплаўных птушак частаваць варта толькі ў вялікія маразы, калі тэмпература трымаецца на ўзроўні ніжэй за 15 градусаў марозу. Лебядзям і качкам можна прапанаваць зерне, крупы і аўсяныя шматкі, але не трэба даваць ім хлеб і батон: яны даюць адчуванне сытасці на кароткі час, але не маюць патрэбных птушкам карысных рэчываў.

sinitsa_s_oreshkom_kadr800.jpg

Вялікая сініца з арэшкам. Фота Анастасіі Сяргеевай

Далучайцеся да акцыі “Птушкі ля кармушкі”!

Штогод у трэція выходныя студзеня АПБ ладзіць акцыю “Птушкі ля кармушкі”. 18 або 19 студзеня 2020 года трэба цягам гадзіны паназіраць за сваёй кармушкай і падлічыць птушак, якія яе наведалі, даслаць свае вынікі ў АПБ.

ptushki.org