22 чэрвеня, роўна праз год пасля смерці акадэміка Радзіма Гарэцкага, на ягонай магіле на мінскіх Паўночных могілках урачыста адкрылі надмагільны помнік яму, піша «Наша Ніва».
Фота з сацсетак
На ўрачыстае адкрыццё помніка сабраліся каля 40 чалавек. Яго аўтар — вядомы скульптар Ігар Засімовіч, у аснове — валун з Браслаўскага краю.
Радзім Гарэцкі пражыў вельмі доўгае, 96‑гадовае жыццё, на працягу якога заўсёды імкнуўся служыць сваёй радзіме і свайму народу, хоць воляй лёсу некалькі дзесяцігоддзяў быў вымушаны правесці за межамі бацькаўшчыны.
Нарадзіўся Радзім Гарэцкі 7 снежня 1928 года ў Менску, у сям’і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Ён пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.
З-за рэпрэсій супраць сям’і Радзім правёў дзяцінства ў Расіі, дзе ў 1952 годзе скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут і пасля больш за 20 гадоў адпрацаваў у Геалагічным інстытуце АН СССР. Толькі ў 1971 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе з 1977 па 1993 год узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі, у 1992‑1997 гадах быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Радзім Гарэцкі стаў адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы тэктонікі, яго даследаванні дапамаглі адкрыць шматлікія радовішчы карысных выкапняў, за што ён быў ушанаваны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і Беларусі.
Акрамя навукі, ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, узначальваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і напісаў шэраг мастацка-дакументальных кніг пра гісторыю свайго роду і рэпрэсаваную беларускую інтэлігенцыю. У кнізе «Ахвярую сваім «я»... (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)» (1998) Радзім Гарэцкі апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.
Ён усімі сіламі падтрымаў рух за незалежнасць Беларусі і дапамагаў станаўленню грамадзянскай супольнасці Беларусі. З 1993 года ён стаў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Радзім Гарэцкі дажыў да пратэстаў 2020 года і звязаных з імі рэпрэсій, і ў верасні таго года ў інтэрв’ю газеце «Народная Воля» расказаў, якія пачуцці перажываў у сувязі з гэтым:
«З аднаго боку, мне вельмі балюча на ўсё гэта глядзець. Па мірным Мінску ездзяць бронетранспарцёры, аўтазакі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аплецены калючым дротам, як у вайну! Улада неяк неадэкватна ўспрымае сітуацыю. Па вуліцах жа мірны народ ідзе. Людзі так і кажуць: мы выйшлі на мірнае шэсце! За што іх дубасіць? Навошта Лукашэнка аддаў такі загад сваім падначаленым? Колькі ўжо збітых, колькі пакалечаных і параненых, ёсць ужо і забітыя. Жудасныя рэчы...
З другога боку, я проста шчаслівы, што дажыў да гэтага часу, калі нарэшце прачнуўся ўвесь беларускі народ. І адчуў сваю моц, зразумеў, што хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай беларускай дзяржаве. Калі я бачу мора бел-чырвона-белых сцягоў, мая душа радуецца».