Марыя Грыц: «А раптам праз колькі гадоў Купалле будзе так жа папулярна па свеце, як і Дзень Святога Патрыка»

17.06.2026
«Ці любіце вы скакаць праз касцёр так жа моцна, як люблю гэта я? Я літаральна АБАЖАЮ. Але чаму мяне так зачароўвае цалкам непрактычная падзея?» Марыя Грыц разважае пра сэнсы і сімвалы Купалля ды пра тое, як гэтае свята дапамагае знайсці надзею і не быць адной ці аднаму ў цемры.

Maryia-Hryc-001.jpg
Марыя Грыц на Купаллі ў Даніі. Фота з інстаграма Марыі Грыц

Купалле спрабавалі адправіць у гісторыю, а яно ўсё яшчэ тут

Днямі гартала афішу аплікацыі «Свае» і не магла надзівіцца, якая шырокая геаграфія святкавання Купалля. І яшчэ злавіла сябе на думцы: Купалле ўжо столькі разоў спрабавалі адправіць у гісторыю, а яно ўсё яшчэ тут!

Вось глядзіце. Спачатку на паганскія землі прыйшло хрысціянства са сваімі святымі, календаром і традыцыямі. І падавалася б, ну куды там Ярылу на белым кані супраць Хрыста. А замест «супраць» у нас ёсць традыцыйныя песні са словамі накшталт «Сёння Купала, заўтра Ян», зёлкі, што збіраюць на Купалле і якія потым год выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне, бо маюць містычныя сілы, свенцяць у царкве, падчас варажбы чытаюць малітвы і само свята часам называюць На Івана Купала з нагоды народзінаў Яна Хрысціцеля.

Потым быў «савок» з іхнымі забавамі па ўніфікацыі і змаганнем з рэлігіямі. О, і спецыфічным чытаннем традыцыі некаторымі дамамі культуры. На свае вочы я бачыла вельмі агратрэшовыя святы ў 1990-я і 2000-я, калі на Купалле палілі гумовыя колы — пасля скокаў праз такі касцёр мы былі брудныя, як чэрці, і смярдзелі яшчэ недзе тыдзень.

Пасля 2020 года для мяне і яшчэ шмат для каго Купалле адарвалася ад геаграфіі, і купальскае кола пакацілася ад малюсенькай рэчкі на ўсходзе Беларусі праз Еўропу, праз акіян і да самай Канады ды Злучаных Штатаў.


kupallie-14.jpgКупалле ў Даніі, 2025 год

Ці можа Купале стаць сусветнавядомым святам?

А раптам праз колькі гадоў Купалле будзе так жа папулярна па свеце, як і Дзень Святога Патрыка, толькі замест зялёнага піва — крупнік, замест джыгі — лявоніха, а ў якасці галоўнай адметнасці, як зялёныя рэчкі, — вянкі па рацэ. Ооо, а можа, аднойчы сам бог агонь раскладзе на Марсе!

Для гэтага мы, на шчасце, маем усе падставы! Дзякуючы працы людзей, якія рэдка маюць шырокую вядомасць, дзякуючы этнографам і этнографкам, суполкам аматараў і аматарак беларускай традыцыі, дзякуючы папулярызатарам і папулярызатаркам, навукоўцам і навукоўкам і шмат каму яшчэ сёння ў нас проста гара да неба найцікавейшай інфармацыі, як яно было калісьці: хочаш песьні — бяры ноты і словы, хочаш абрады — іх таксама багата, шукаеш замовы на варажбу — цэлыя кнігі гэтаму прысвечаныя…

Сэнсы Купалля

Мяркую, што калі б людзі дахрысціянскага часу пабачылі цяперашняе Купалле, яны б моцна здзівіліся, але мы, як і яны, знаходзім вялікія сэнсы ў свяце сярэдзіны лета, нават калі яны і адрозніваюцца ад старадаўніх.

А сэнсы вельмі простыя і ў той жа момант найглыбейшыя.

Пра кветку папараці

Усе ведаюць, што папараць не цвіце — і менавіта таму сімвал працуе. Мы сотні гадоў выходзім па тое, чаго не існуе. Шукаем у цёмным гушчары спрадвечны цуд, які пакажа не толькі, дзе зарытыя скарбы, а яшчэ і таямніцы сусвету, нешта большае за паўсядзённасць. А тое, што праз 9 месяцаў буслы прыносяць дзетак — дык гэта проста так супала.

Кветка папараці — гэта дазвол чалавеку верыць у немагчымае.

Увогуле Купалле — свята людзей, якія не баяцца цемры.

Пра агонь

Скокнуць праз вогнішча — абсалютна непрактычны занятак. Гэта я вам кажу як чалавек, якая была ўвалілася ў купальскі касцёр (выснова — нават для самага прыгожага хлопца на свеце не абувайце абцасы на гэтае свята!). Але гэта істотна — бо ёсць рэчы, якія людзі робяць не дзеля карысці, а дзеля таго, што ператварае выжыванне ў жыццё. Як каханне, песні, танцы, святы.

Скок праз агонь — гэта маленькая добраахвотная рызыка. Магчымасць на імгненне зрабіць тое, чаго крыху баішся і чаго не робіш ніколі. Напэўна, таму людзі скачуць праз яго сотні гадоў. Не столькі таму, што вераць у ачышчэнне агнём, а таму што пасля скока заўсёды ёсць гэтае дзіцячае адчуванне: «Я і з гэтым магу парадзіць!».

Пра кола

Мне асабліва падабаецца вобраз карагода. Людзі бяруцца за рукі ў коле ўжо сотні гадоў. Мяняюцца дзяржавы, межы, рэлігіі, улады, а кола застаецца. Бо чалавеку патрэбна часам проста адчуць сябе часткай чагосьці большага, чым асоба. І даўжэйшага, чым імгненне аднаго жыцця.

kupallie-05.jpg
Купалле ў Даніі, 2024 г.

Пра неўміручасць свята

У паўсядзённым жыцці мы вырашаем мільярд пытанняў і маем вялізную нагрузку. Таму так істотна мець хоць пару-тройку дзён у год, каб забыцца на гэтае ўсё і рабіць простыя рэчы: паспяваць знаёмыя ці новыя старыя песні, патанцаваць ажно да мокрай спіны, нагаварыцца з сябрамі і знаёмымі, запытаць у сусвету пра будучыню, з’есці яешню, прыгатаваную на кастры. Бо без такіх перапынкаў можна і не вывезці тое, што мы вязём.

kupallie-jajesznia-09.jpgМарыя Грыц на Купаллі ў Даніі

Свята, якое дае надзею

А яшчэ Купалле — свята, дзе няма гледачоў. Гэта не канцэрт, не парад, не спектакль, і не трансляцыя спартовага спаборніцтва, і не феерверк. Каб святкаваць Купалле, трэба сваімі рукамі плесці вянок, спяваць, танцаваць, скакаць праз агонь, трэба супольна дзейнічаць.

Мне здаецца, гэта адна з прычын яго жывучасці. Бо гэта не свята, якое можна проста паглядзець. Яго трэба пражыць, на ім трэба быць. Не дарма ж кажуць «хто не быў на Купаллі, таго, напэўна, закапалі».

Бо Купалле адказвае на вельмі старажытную чалавечую патрэбу — раз на год сабрацца разам каля агню і пераканацца, што нават калі Сонца паварочваецца на зіму, ты не адзін і не адна, і што святло ўсё роўна вернецца. І таму свята жыве. Не толькі таму што яго захоўваюць этнографы, падтрымліваюць музеі.

А таму, што кожнае пакаленне беларусаў і беларусак знаходзіць у ім нешта сваё. Адны — каханне. Другія — магію. Трэція — сувязь з продкамі. Чацвёртыя — супольнасць. Але ўсе — надзею.

І таму купальскае кола працягвае каціцца далей. Ад ракі да ракі. Ад краіны да краіны. Ад людзей, якіх ужо няма, да людзей, якія яшчэ нават не нарадзіліся.


Марыя Грыц, Budzma.org


*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org