Кааператывы як рухавік грамадскага жыцця

Гісторыкі адзначаюць, што менавіта кааператыўны рух стаў тым элементам, які з’яднаў заходніх украінцаў. Выявіўся штуршком, што сканцэнтраваў волю інтэлігенцыі, элітаў і сялянства дзеля абвяшчэння Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1919 годзе. А як было на беларусіх землях? Якія фактары не далі магчымасці кааператыўнаму руху разгарнуцца напоўніцуі і чаму не варта канчаткова адкідаць варыянт яго адраджэння ў нашай краіне? Пра гісторыю станаўлення і развіцця кааператыўнага руху піша Аляксей Гайдукевіч.


Кааператыўны рух, які паўстаў у Вялікабрытаніі на пачатку XIX стагоддзя, арганізоўваўся ў першую чаргу на падставе ідэі з’яднання дробных лакальных вытворцаў, землеўласнікаў ва ўмовах чарговага этапа ўзбуйнення капіталаў карпарацыяў.

Кааператывы дазвалялі скаардынаваць дзейнасць невялікіх прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, якія адчувалі моцны канкурэнцыйны ціск з боку магутных рынкавых акулаў.

Амаль адначасова з ідэяй кааперацыі эканамічных высілкаў адбываўся ўжо не першы этап развіцця рухаў лакальных супольнасцей на базе спартовай, культурніцкай і дабрачыннай дзейнасці. Таму кааператыўныя ініцыятывы не толькі трапілі ў трэнд, але і ўзмацнілі грамадскую супольнасць, і самі пры гэтым набылі большую вагу дзякуючы супрацы з іншымі элементамі грамадскай супольнасці.

Перыяд станаўлення кааператыўнага руху

Кааператыўны рух адразу меў вельмі моцны патэнцыял для распаўсюду на іншыя краіны і кантыненты.

Таму амаль адразу, ужо ў 1840-я, у Нямеччыне з’явіліся першыя сельскагаспадарчыя кааператывы. Як і на Брытанскіх выспах, фермеры аб’ядноўваліся дзеля стварэння сетак па распаўсюдзе і перапрацоўцы ўласнай прадукцыі. Кансалідуючы капіталы, сельгасвытворцы набывалі неабходнае абсталяванне для апрацоўкі зямлі ці павелічэння асартыменту гатовых тавараў.

Падобныя працэсы адбываліся і ў Аўстра-Венгрыі (у тым ліку на сённяшніх польскіх і ўкраінскіх тэрыторыях). З некаторымі асаблівасцямі.

Але як і ў іншых краінах, кааператывы пасля першых крокаў намагаліся яднацца ў саюзы, арганізоўваць супольныя касы ўзаемадапамогі, крэдытныя кампаніі. А таксама ўплываць на лакальную і дзяржаўную палітыку. Дзеля прасоўвання інтарэсаў сваіх удзельнікаў.

472.jpg Крама сельскагаспадарчага кааператыва ў Вялікабрытаніі, 1930. Крыніца: farm5.staticflickr.com

Неабходна таксама падкрэсліць, што кааператыўны бум у Нямеччыне і Цэнтральнай Еўропе праходзіў на фоне Вясны народаў — культурніцкага абуджэння, фарміравання першых элементаў грамадскіх супольнасцей, нацыянальна-вызвольных паўстанняў і рэвалюцый.

Таму ў нашым рэгіёне, асабліва ў Чэхіі, Славакіі, на захадзе Украіны кааператыўны рух канца XIX і пачатку XX стст. быў неразрыўна звязаны з арганізацыяй народнай асветы, спартовых клубаў, культурніцкіх ініцыятываў.

Чытайце яшчэ: Чэскі Сокал — спартоўцы ў замаганні за волю народа

Імперскія ўлады ў Санкт-Пецярбургу добра разумелі небяспеку кааператыўнага руху «заходняга кшталту» для дзейнага рэжыму. Таму на землях Паўночна-Заходняга краю сельскагаспадарчыя кааператывы мелі хутчэй фармат арцеляў (без колькі-небудзь значнага ўхілу ў тэхналагічны, больш эфектыўны бок).

Існавалі крэдытныя касы, разам са створаным пасля рэформы 1861 г. Пазямельным банкам, які меў выдаваць крэдыты сялянам на выкуп земляў.

Але амаль наўмысная неэфектыўнасць царскай палітыкі, разам са слабай адукаванасцю сялянаў, уціскам на ўсіх узроўнях парасткаў грамадскага жыцця пасля паўстання 1863 былі тымі фактарамі, якія не далі магчымасці кааператыўнаму руху разгарнуцца напоўніцу.

Кааператывы як рухавік грамадскага жыцця ў рэгіёне

Зусім іншая сітуацыя адбывалася ў блізкай да беларускіх земляў Галіччыне, дзе пад уладай аўстра-венгерскай кароны ўкраінскія актывісты мелі магчымасць весці рознабаковую грамадскую дзейнасць.

Адметна, што аднымі з галоўных ідэолагаў і рухавікоў арганізацыі кааператываў былі грэка-каталіцкія святары. Выкарыстоўваючы досвед з іншых куткоў Аўстра-Венгрыі, галіцыйскія актывісты даволі паспяхова развівалі не толькі сумесныя прадпрыемствы сялянаў, але таксама адчынялі прафесійныя вучэльні для дзяцей вяскоўцаў, займаліся культурніцкай дзейнасцю.

Гісторыкі адзначаюць, што менавіта кааператыўны рух стаў тым элементам, які з’яднаў заходніх украінцаў. Выявіўся штуршком, што сканцэнтраваў волю інтэлігенцыі, элітаў з сялянства дзеля абвяшчэння Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі ў 1919 годзе. Падмуркам яе былі: разгалінаваная сетка кааператываў (эканамічны фактар), ветэранскія арганізацыі (вайсковы) і асновы адукацыйна-асветніцкай сістэмы (сацыяльны).

У гэтым аспекце сітуацыя на захадзе Украіны кардынальна адрознівался не толькі ад беларускай, але і ад становішча грамадска-палітычнага жыцця на іншых украінскіх тэрыторыях.

Таму, апынуўшыся ў складзе адной дзяржавы ў 1920-м — другой Рэчы Паспалітай, заходнеўкраінскія і заходнебеларускія землі мелі абсалютна адрознае становішча ў сельскай гаспадарцы, у нацыянальнай асвеце, мілітарнай сферы.

473.jpg
Крыніца: sb.by

Кааператыўныя актывісты на захадзе Беларусі у 1920-я — 1930-я гады, у адрозненне ад заходнеўкраінскіх, у першую чаргу абапіраліся ў сваёй дзейнасці на палітычныя колы. Адным з найбуйнешых кааператыўных банкаў, які крэдытаваў беларускае сялянства ў тыя гады, быў Беларускі Кааператыўны Банк з сядзібамі ў Вільні і Пінску. Сярод ягоных заснавальнікаў былі актывісты Беларускай сацыял-рэвалюцыйнай грамады.

Як адзначаецца ў адным з даследаванняў эканамічнага жыцця часткі Беларусі пад польскай уладай:

«Мясцовая беларуская інтэлігенцыя, дзеячы БСРГ і іншых беларускіх і польскіх леварадыкальных арганізацый праводзілі шырокую агітацыю ў Пінскім павеце, заклікаючы сялян далучацца да працы пінскага аддзела БКБ».

Але пасля дзяржаўнага перавароту ў Варшаве ў 1926 г. пад рэпрэсіі трапілі не толькі асветніцкія, палітычныя і ваенізаваныя структуры нацыянальных меншасцей краіны, але і эканамічныя.

Польскія спецслужбы абвінавачвалі кааператыўны банк у супрацы і фінансаванні з боку міжнародных камуністычных арганізацый і савецкага ўрада.

Але нягледзячы на рэпрэсіі, накіраваныя супраць беларускіх палітычных арганізацый, пад канец 1920-х кааператыўныя структуры ў большасці сваёй працягвалі сваю дзейнасць. Хаця ўмовы для рэгістрацыі, кантролю за дзейнасцю моцна змяніліся. Падвысіліся і падаткі.

На захадзе Украіны прафсаюзы абапіраліся не толькі на эканамічны чыннік, але і на разгалінаваную пабудаваную раней структуру. Але беларускім актывістам было цяжка ствараць такія сеткі. Асабліва ва ўмовах сталага кантролю за дзейнасцю з боку польскіх спецслужбаў.

У той жа час у частцы Беларусі пад кантролем савецкай Масквы кааператыўны рух існаваў выключна ў фармаце фармальных аб’яднанняў — калгасаў. Ва ўмовах адсутнасці прыватнай уласнасці на зямлю, немагчымасці яе арэнды, кааператывы былі бутафорыяй. І хутчэй забяспечвалі планы харчразвёрсткі, а не дапамагалі сельскім гаспадаркам ці дробным рамеснікам у канкурэнтнай барацьбе ва ўмовах рынкавай эканомікі.

Не было размовы ў тым ліку пра асветніцка-культурніцкія ініцыятывы пры садзейнічанні кааператыўных аб’яднанняў, як гэта адбывалася на захадзе Украіны і месцамі ў Беларусі.

Камуністы ў СССР бачылі небяспеку ў эканамічнай ініцыятыве і ў мысленні, адрозным ад афіцыйных установак.

У гэтым аспекце савецкі падыход да кааператыўных рухаў нацыянальных меншасцей нечым быў падобны да польскага. Нягледзячы на тое, што ў Рэчы Паспалітай усё ж было нашмат больш свабодаў. І не толькі эканамічных, але і палітычных.

Рэаліі кааператыўнага руху

Абуджэнне эканамічнай актыўнасці грамадзянаў СССР адбылося толькі пасля 1986 г. Калі, скарыстаўшыся паслабленнямі ў эканамічнай палітыцы Масквы, у большасці сваёй так званыя «цэхавікі» пачалі праз створаныя кааператывы легалізоўваць сваю дзейнасць.

З’явіліся кааператыўныя аб’яднанні па вытворчасці адзення, абутку, па прадастаўленні паслугаў — цырульні, рамонт, пракаты, відэасалоны. А таксама гандлёвыя — з імпартнымі таварамі альбо з прадукцыяй былых «цэхавікоў».

Але як такія гэтыя кааператывы не адваявалі ролю, падобную да заходніх. Не быў створаны сапраўдны рух, падобны, напрыклад, на сённяшні прафсаюзны. Не толькі з сеткамі з лакальнымі аддзяленнямі, цэнтралізаванай структурай для лабіявання інтарэсаў у палітычнай сістэме, але і ўласнымі адукацыйнымі ўстановамі, крэдытнымі арганізацыямі і банкамі.

Хутчэй за ўсё, брытанскія кааператывы (якія зараз налічваюць каля 18 млн эканамічна актыўных удзельнікаў) ці нямецкія саюзы сельскагаспадарчых вытворцаў дасягнулі такіх вяршыняў дзякуючы мэтанакіраванай палітыцы, захаванню ў дзяржаве зразумелых і празрыстых правілаў у эканоміцы, дэмакратычным інстытуцыям.

А ў былым СССР адраджэнне кааператыўнай ідэі адбылося ў перыяд «дзікага назапашвання капітала». Таму і рух не здолеў разгарнуцца, каб атрымаць уплыў на большасць аспектаў грамадскага жыцця.

А сутыкнуўшыся з рэальнасцю эканамічнага дыктату з боку камандна-адміністратыўнай сістэмы, большасць ініцыятыўных кааператараў згарнулі дзейнасць у гэтым кірунку.

Але адкідаць канчаткова варыянт адраджэння кааператыўнага руху ў нашай краіне не варта. Бо, як дэманструе гісторыя, у перыяд выклікаў і выпрабаванняў такога кшталту грамадская актыўнасць здольная стымуляваць паўстанне не толькі мясцовых эканамічных супольнасцей, але і спрыяць культурніцкаму ўздыму грамадства.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org