Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?

Пра лёс гэтай гістарычнай асобы можна пісаць і вадэвіль, і трагедыю, і эпас. Сюжэтных хадоў хапае... Чаго варты эпізод, калі наш герой звёз непаўналетнюю дачку свайго працадаўцы, каб таемна абвянчацца, і хаваўся ў рэзідэнцыі каталіцкіх біскупаў? Гадаваўся ў сваяка, славутага мітрапаліта. Потым паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, «але пры першым рэзанні трупа абамлеў». У маладосці прайшоў шмат судоў з-за абвінавачвання ў падробцы дакументаў. Маўляў, выдаваў фальшывыя пасведчанні аб шляхецтве. Але малады чалавек бліскуча выйграў усе суды. Розум быў востры, язык падвешаны... І наконт ягоных дачыненняў з інсургентамі нічогенька не давялі — хоць не магло такога не быць... А пасля забароны паказваць свае спектаклі на беларускай мове на афіцыйных сцэнах гэты чалавек разам з дочкамі ездзіў па вёсках і разыгрываў прадстаўленні... І школку хатнюю стварыў, вучыць дзетак па-беларуску. І гэта забаранілі... Людміла Рублёўская на старонцы «Звязды» прыадчыняе таямнічыя старонкі з творчай біяграфіі літаратара.


a50e88fdf440279861b7227af5aace15.jpeg

Думаю, вы ўжо здагадаліся, што герой наш — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра і літаратуры... Які нарадзіўся 215 гадоў таму. Ягонай творчасці і таямніцам біяграфіі прысвечана мноства манаграфій, навуковых артыкулаў, мастацкіх твораў... Не мог ён і ва ўласных творах не адлюстраваць падзеі свайго жыцця і рэальных людзей, з якімі зводзіў лёс, хоць і добра замаскіраваўшы часам...

Якія ж рэальныя гістарычныя персанажы хаваюцца за маскамі?

Навум Прыгаворка

У 1852 годзе нейкі спадар Ц.Л. з Мінска надрукаваў рэцэнзію на оперу «Сялянка», прадстаўленую 9 лютага ў мінскім гарадскім тэатры:

«Гэтымі днямі на карысць бедных было дадзена аматарамі некалькі прадстаўленняў... Два разы ставілася опера "Сялянка", напісаная Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, музыку якой часткова напісаў Станіслаў Манюшка... Вельмі добра выглядаў сам аўтар у ролі Навума Прыгаворкі і ў танцы "мяцеліца", які ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы выконвалі вельмі ўмела. Ніхто не стане адмаўляць здольнасцей Дуніна-Марцінкевіча як у галіне драматургіі, так і паэтыкі, і калі б яго творы былі пастаўлены на вялікай сцэне, ад гэтага, бясспрэчна, была карысць як для тэатра, так і для аўтара».

Герой «Сялянкі», альбо «Ідыліі», войт Навум Прыгаворка — мудры беларус. Ведае сабе цану, з выдатным пачуццём гумару і годнасці, але можа прыстасавацца да абставінаў, каб выжыць. Вось прыязджае ў вёску з-за мяжы паніч, прагрэсіўны да зорачак у вачах. Навум яго і вітае: «...а ты ж нам дарагі госць, як яснае солнышка; прыляцеў жа ж ты к нам, як чайка з-за мора; прыляцеў, штоб нас, сірот бедных, пацешыць»... І столькі ж іроніі за гэтым хаваецца!

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч сам меў, як піша даследчык Усікаў, «празмерную схільнасць, страсць бясконца сыпаць прыказкі і прымаўкі — з прычыны і без прычыны, калі дарэчны, а калі і недарэчны». І нездарма Дунін-Марцінкевіч выкарыстоўваў імя сваго героя як уласны псеўданім — бо менавіта сваё альтэр-эга ў ім і выявіў. І характэрна, што герой гэты не ідэальны, апісаны з уласцівай аўтару самаіроніяй.

Пан Кабылеўскі, кароль ілгуноў

У п’есе «Пінская шляхта» адзін з ганарыстых шляхцюкоў, Базыль Статкевіч, абураецца: «Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам пан Ежы Кабылінскі падпісаў грамату. То ж я на скуры яго выпішу маё шляхецтва».

Пан Ежы, альбо Юрый Кабылінскі, сустракаецца ў творах Дуніна-Марцінкевіча не адночы. У паэме «Вечарніцы» гісторыя пра прыгоды мужыка Зміцера пачынаецца так:

«Было там у Мінску некалькі паноў,

Няма чаго казаць! — добрых ілгуноў!...

Адзін — вечны пакой! — зваўся пан Лісоўскі,

Нябожчык Грынеўскі, трэці — ксёндз Шышкоўскі,

Чацвёртага пана клікалі Катом,

Пяты Кабылеўскі — лгуноў каралём,

Добры, вясёлы — на імя пан Еры,

Хоць цікун вялікі! да панок ён шчэры;

Бывала, дзеткі, як стане брахаць,

То і ў казцы таго не сказаць!

А так важна кажа! — здаецца ў касцеле,

Прысягнуў бы смела, што ён праўду меле!»

Дык вось, паехаў неяк Зміцер з лошыцкай дарогі у Мінск прадаваць пеўня. А тут згаданыя паны-жартаўнікі адзін за адным давай падыходзіць да яго і пытацца, пачым заяц. Бо, маўляў, ён жа менавіта зайца прадае! Так задурылі небараку галаву, што ён і сапраўды паверыў, што трымае ў руках не пеўня, а зайца... А калі «заяц» закукарэкаў, і ўвогуле вырашыў, што мае справу з нячыстай сілай.

Ну, не вельмі добры жарт... А вось жартаўнік Юры Себасцянаў Кабылінскі — персанаж цалкам рэальны, тытулярны саветнік і кавалер і блізкі сябар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, з якім не адзін вечар прабавілі за вясёлымі размовамі ды жартамі. Зрэшты, усе мінчукі павінны добра ведаць пана Кабылінскага — па браме Кальварыйскіх могілак, на якой значыцца яго імя як фундатара, што ўзвёў велічную каменную браму ў памяць сваёй жонкі Юзэфы Кабылінскай, памерлай у 1830-м годзе. Кабылінскі быў аўтарам-складальнікам беларускага зборніка «Тысяча і адна фацецыя», рукапіс якой, на жаль, знік. А яшчэ калекцыянаваў прадметы мастацтва і старажытнасці. На прамысловай выставе ў Мінску ў 1837 г. былі прадстаўлены «акамянеласці, бурштын, зуб маманта, знойдзеныя тытулярным саветнікам Юрыем Кабылінскім». Ягоны «кабінет рарытэтаў» быў набіты старадрукамі, жывапіснымі палотнамі, пергаментнымі рукапісамі, губернатар Хведар Мірковіч бачыў там Статут Літоўскі і нават «карту Хрыстафора Калумба».

Антон Сабковіч

Дунін-Марцінкевіч часта даваў сваім героям «гаворачыя» імёны. Прыкладам, у п’есе «Залёты» ёсць персанаж, які завецца Антон Сабковіч, па мянушцы «дарабкевіч». У перакладзе з польскай мовы «sobkiewicz» азначае «эгаіст», «сабедбаец», а «dorobkiewicz» — «выскачка», «нуварыш». У спісе «Залётаў», які належаў прафесару Эпімах-Шыпілу, персанаж завецца Антон Сабкоўскі, але сэнсу гэта не мяняе. Прайдзісвет, чый дэвіз «Маю грошы, маю я, мне ніхто тут не раўня», сватаецца да прыгажуні Адэлькі, бо паддобрыўся быў да ейнага прастадушнага бацькі. Прыкінуцца ён можа, вось што распавядае пра сябе сястры: «Ось, напрыклад, шумна ўходжу да панскай салі, поўнай гасцей, дык што ж... прыбліжаюся да пані-гаспадыні, трымаючы левую руку ў кішэні, а праваю, як бы не хочучы, цісну ёй ручку так — па-панску і кажу праз нос: коман ва, як здароўечка, як ідзе гаспадарка, і так далей,— цікавасць... Дык што ж... пасля падыходжу да гаспадара, з каторым, як роўны з роўным, цалуюся; далей, усунуўшы ўжо абедзве рукі ў кішэні і як бы не хочучы, бразгаю сумысля ўсыпаным туды золатам, навокал з гары ўзіраюся і з павагаю... Потым іду да паненак і, як бы ненарокам, кідаю залатую манету на зямлю, і раблю гэта, ведама, тады, калі блізка, дык што ж... лёкай круціцца; ён, падбегшы, падымае грошы і хоча мне аддаць, тады я спакойна, арыстакратычна кажу: "Пакінь гэта сабе, даражэнькі", і... дык што ж... Як бы нічога не было, пачынаю з паненкамі... дык што ж... жартаваць, бразгаючы ўсё золатам у кішэнях; вяду гутарку аб пагодзе, апратках, хлапцах ці аб нечым падобным, дык што ж... А! а! ці ты ведаеш, сястрыца, што я ўжо і кантраданса ўмею скакаць...»

Ці не праўда, нагадвае пана Быкоўскага з Купалаўскай «Паўлінкі»? На шчасце, Сабковіча выкрывае стары сябар Адэлькавага бацькі:

«Мушу табе адкрыць вочы: Сабковіч — невядомага роду, гадоў з дваццаць таму назад пасвіў быдла ў сваіх сваякоў; навучыўшыся крыху чытаць і пісаць, дастаў, на няшчасце маіх сваякоў Сулікоўскіх, месца пісара і тамака, добра нахапаўшыся, пакінуў службу. Праз нейкі час мы яго бачым у пані Валовічыхі, кабеты з анёльскім сэрцам і надта даверлівай. Не марнаваў ён і тамака часу, добрым прыкладам чаго можа быць здарэнне ў адным мястэчку, гдзе людзі Валовічыхі, пазнаўшы на конях "дарабковіча" хамуты сваёй пані, хацелі зацягнуць яго ў стан, і, каб не ўцёк, добра меўся б галубок. Але найвялікшай запамогай яму была смерць графа Багацкага. Нябожчык, падаючы ў ваду, выкінуў з бакавой кішэні бумажнік, а як ён трапіў да Сабковіча, ведама не толькі Богу, а і людзям. Ось скуль яго багацце! Потым ён узяў у арэнду нямалы хвальварак і заняўся быццам таргоўляй, каб замрочыць людзей. Ecce homo!»

Калі Эпімах-Шыпіла перапісваў п’есу, скапіраваў і заўвагу, якая была каля рэплікі Сабковіча: «Доўнар, вядомы гультай-выскачка з Мінскага павета, жыўцом тут узяты».

І сапраўды, у архіўных дакументах ёсць паказанні суседа Дуніна-Марцінкевіча, адстаўнога унтэр-афіцэра Фёдара Іванова, які даносіў: «у фальварку Люцынках даволі часта збіраліся дваране Уладзіслаў Слаута, [Васіль і Антон] Доўнары і валасны пісар Трасцянка (быў у шайцы і вызвалены на парукі), якія разам з дочкамі Марцінкевіча спявалі забароненыя гімны».

Невядома, наколькі той Антон Доўнар у жыцці быў злачынцам, але рысы яго характару напэўна ўвекавечыў дасціпны сусед.

Станавы прыстаў Кручкоў

Ну і жорстка ў фарсе-вадэвілі «Пінская шляхта» адлупцаваны бюракраты-кручкатворы... Сярод іх вылучаецца станавы прыстаў Кручкоў, які спрытна абірае абодва канфліктуючыя бакі, карыстаючыся шляхецкай пыхаю і невуцтвам. Наставіць адзін вус угору, другі ўніз, і шпарыць назвы законаў, тыпу «По указу всемилостивейшей государыни Елисаветы Петровны 49 апреля 1893 года и всемилостивейшей Екатерины Великой от 23 сентября 1903 года». Сюжэтам для п’есы паслужыла вельмі гучная судовая справа пра альпенскіх шляхцюкоў Цюхаеў-Ліпскіх, якія не хацелі пераходзіць у праваслаўную веру. Заведзеная ў Мінскай духоўнай кансісторыі «Справа № 38» была распачата 17 лістапада 1837 года і цягнулася трыццаць тры гады. Дунін-Марцінкевіч добра ведаў судовую сістэму знутры і ейных служак, да таго ж служыў у Мінскай кансісторыі пад кіраўніцтвам біскупа Мацвея Ліпскага. Правобразам Кручкова, па меркаванні многіх даследчыкаў, стаў обер-пракурор граф Мікалай Пратасаў. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі падмеціў, што манера выказвання Кручкова вельмі падобная да пасланняў Пратасава. Уладзімір Ліпскі лічыць, і што прозвішча яшчэ аднаго героя п’есы, шляхціца Ціхана Пратасавіцкага, невыпадковае і наўпрост намякае на асобу обер-пракурора Пратасава.

Што ж, творы сёлетняга юбіляра прайшлі выпрабаванне часам, і выведзеныя ім персанажы па-ранейшаму выклікаюць смех і эмоцыі ў гледача... А мы можам з удзячнасцю ўявіць нашага героя, як жывога, у іпастасі Навума Прыгаворкі, які, паскакаўшы «Мяцеліцу», напрыканцы першай беларускай оперы пяе:

«Вы, паночкі, сакалочкі,

Паслухайце гутарочкі:

Хоць умерці не падацца,

Каб вам толькі спадабацца.

Не зрабіце ж вы нам мукі;

А злажыўшы гэтак рукі,

У далоні моцна біце,

Потым... дахаты ідзіце».