Таццяна Калач: Чым больш вывучаю тэму смерці, тым больш разумею, што яна пра жыццё

Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з мастачкай з Гародні Таццянай Калач пра 2024 год, творчасць і дзейнасць у эміграцыі.

47.jpg
Таццяна Калач


РР: Ваш 2024 год, які ён быў?

— Гэта быў творчы год, таму што я ў тым ліку займаюся асабістымі праектамі, і адзін з важных праектаў — праект пра спалучэнне беларускай міфалогіі і хуткіх маляванняў. Ён носіць назву «Прыгоды ваўчка ў міфічным свеце». Акрамя гэтага я займалася сучасным мастацтвам. Я графічная мастачка, стварала рознага кшталту карціны, паштоўкі, удзельнічала ў выставах: у польскіх, пашанцавала ўдзельнічаць у нямецкай закрытай выставе.



РР: Тацяна, не магу абмінуць тэму «Смяротнае мастацтва». Назва такая, якая, скажам, можа крыху спалохаць непадрыхтаванага слухача. Гэта таксама тэма, якой вы сур’ёзна займаецеся?

— Насамрэч так. Трэба адразу сказаць, што чым больш я вывучаю тэму смерці, тым больш разумею, што яна пра жыццё. Бывае так, што некаторыя людзі, якіх я сустракала, не разумеюць, як можна займацца такой тэмай. Часам чую цікавыя думкі, што «мёртвае для мёртвых, жывое для жывых». Гэта таксама ідэя паходзіць з беларускай міфалогіі, у якой лічыцца, што тэмы смерці і жыцця могуць перасякацца толькі ў пэўныя часы. Напрыклад, на Дзяды ці Радаўніцу, калі нашы продкі могуць да нас прыходзіць. Але ў астатнія часы лічыцца, што гэта два сусветы, якія не павінны перасякацца, бо гэта можа быць небяспечна.

Чаму я займаюся гэтай тэмай? Напэўна, таму што яна мне цікавая. Мне заўсёды было цікава даследаваць могілкі, цікава даследаваць філасофію гэтай тэмы. Напэўна, вельмі моцным штуршком для мяне стала смерць майго таты ў 2019 годзе, таму што да гэтага я працавала творча, але зусім у іншай сферы. Я працавала графічнай дызайнеркай. Але пасля смерці блізкага чалавека мой сусвет, напэўна, змяніўся. Гэта такія даследаванні ўнутраных пытанняў, якімі мне захацелася падзяліцца з астатнімі гледачамі і глядачкамі. І атрымліваецца, што міфічны сусвет і мой асабісты сусвет дзесьці перасякаюцца.


Лекцыя пра шакавальнае мастацтва ў Беластоку

РР: Калі сачыць за грамадскім культурным жыццём Беластока, то вас можна сустрэць не толькі на творчых мерапрыемствах непасрэдна беларускіх. Вось вельмі прыемна было пабачыць вас на ўручэнні дыпломаў валанцёраў, была такая вялікая гала, і вы там былі.

— Так, дзякуй вялікі. Мяне туды запрасіла фундацыя «Акно на ўсход», таму што цягам гэтага года мы таксама з імі супрацоўнічалі. Мы пачалі з імі супрацоўнічаць фактычна ад майго прыезду сюды. Па-першае, фундацыя дапамагае беларусам, таму, напэўна, не дзіўна, што я там была. Мы пачалі супрацоўнічаць па творчых праектах. І, вядома, мне цікава супрацоўнічаць з рознымі людзьмі. І было б вельмі дзіўна, калі б я не супрацоўнічала, напрыклад, з польскім асяроддзем, бо я тут жыву. На мой погляд, гэта абсалютна лагічна. З фундацыяй «Акно на ўсход», напрыклад, у 2024 годзе мы ладзілі праекты, звязаныя таксама крышачку з міфалогіяй.

На пачатку вясны мы ладзілі «Гуканне вясны». Была ідэя нават у 2025 годзе зрабіць цэлы цыкл гэтых святаў, якія адбываюцца цягам года. Але гэта вельмі шмат падрыхтоўкі. У гэтым годзе мы яе не асілілі, прынамсі я не асіліла. Вось «Гуканне вясны» мы ладзілі з мастачкай Тацянай Савіч. Мы цалкам падрыхтавалі гэтае мерапрыемства. Гэта быў такі сямейны пікнік. І да яго мы праводзілі шэраг майстар-класаў для дзяцей і дарослых, дзе вывучалі беларускія традыцыі. Цягам года таксама ў нас адбываліся майстар-класы, прысвечаныя Дзядам, Хэлоўіну і Калядам.

Усё гэта былі бясплатныя майстар-класы, на якія можна было патрапіць. Галоўны нюанс быў у тым, што трэба было сачыць за Instagram і сацыяльнымі сеткамі, таму што месцы вельмі хутка разбіраліся.

РР: Але гэта была акурат валанцёрская дзейнасць у межах гэтага фонду «Акно на ўсход».

— Так, гэта ўсё было цалкам бясплатна. Мы там працавалі як валанцёры. Калі вы не ведаеце, для тых, хто не ведае, для нашых слухачоў: валанцёрская дзейнасць вельмі каштоўная тут у Польшчы, прынамсі ў Беластоку. І гэта вельмі выгадна, бо за гэта можна атрымаць нейкія «плюшкі» ад заканадаўства, наколькі я правільна ведаю. У параўнанні з Беларуссю, там, калі ты валанцёр, ты проста валанцёрыш, і табе проста кажуць «дзякуй». І гэта вельмі прыкра, бо часам валанцёрам не хапае нават эмацыйнай падтрымкі, каб адзначыць іх працу.

Тут гэта дзейнасць адзначаецца. Часам можна паўдзельнічаць у нейкіх летніках. Для мяне гэта вельмі каштоўна і прыемна.


РР: Таксама заўважыла вашу дзейнасць у мерапрыемствах, звязаных з жаночым лідарствам. Гэта ўжо было па-за фондам «Акно на ўсход», ці гэта ўсё звязана?

— На пачатку гэта было звязана, бо ў «Акно на ўсход» былі актыўныя дзяўчыны, жанчыны, якія рабілі свае праекты. І вось у пэўны час гэтыя жанчыны сталі самастойнымі лідаркамі. І нейкім чынам я са сваімі праектамі туды далучылася. Не магу сказаць, што я з імі пастаянна. Проста часам мы можам сустракацца і дзесьці ўдзельнічаць разам ці штосьці рабіць.

РР: 2025 год. З якім настроем у яго ўвайшлі? І паколькі мы цяпер перажываем усе разам калядна-святочны перыяд, вашы пажаданні?

— У 2025 год я ўвайшла са спартыўным настроем, бо многія праекты з 2024 года пераходзяць у 2025. Учора ўжо давялося папрацаваць. Пажаданне для ўсіх — не чакайце нічога. Часам мы плануем, а планы не спраўджваюцца. Таму лепш, каб сусвет сам накіроўваў вас туды, куды трэба. І яшчэ пажаданне — стварайце сваё. Нават калі вас ніхто не падтрымлівае, проста працягвайце рабіць сваю справу!

Kalach.jpgФота з сацсетак мастачкі