Напрыклад: у XVII стагоддзі Любча была кнігавыдавецкім і мыслярскім цэнтрам пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага. І сёлета споўнілася 405 год з дня заснавання тутэйшай друкарні.
Друкарню заснаваў ў 1612 годзе Пётр Кміта, што пераехаў сюды з Вільні, ратуючыся ад езуітаў. Яго апекуном стаў польны гетман Крыштаф Радзівіл — валадар мястэчка. Друкарня ў асноўным працавала на патрэбы кальвіністаў, але часам прымала замовы ад каталікоў.
Дзякуючы падтрымцы Радзівілаў з любчанскімі друкарамі рэгулярна супрацоўнічалі паэты і літаратары, сярод якіх быў і слынны Саламон Рысінскі. Гэта быў адзін з найадукаваных людзей свайго часу, паэт і перакладчык, што першым у свеце дакументальна назваў сябе «беларусам». У Любчы пабачыў свет яго зборнік «1800 польскіх прымавак» — першы такога кшталту ў ВКЛ.
За 43 гады існавання друкарні было выдадзена мноства твораў рэлігійнага, гістарычнага, медычнага і фальклорнага накірунку, а таксама адна з першых у ВКЛ кніга з нотамі — усяго больш за 80 найменняў выданняў.
Па маштабах развіцця рэфарматарскага руху Любча абышла нават Вільню, дзе ў выніку Контррэфармацыі пазіцыі пратэстантаў значна аслаблі. Унікальнасць гэтай друкарні яшчэ і ў тым, што аніводная падобная ўстанова не існавала ў Вялікім Княстве Літоўскім так доўга. Яна спыніла сваю дзейнасць у 1655 годзе з-за вайны з Масковіяй.
Дзе дакладна была пабудавана друкарня невядома. Даследчыкі мяркуюць, што яна магла знаходзіцца ля замка, на месцы цяперашняга тартака.
З нагоды юбілею 3 верасня ў старажытным мястэчку прайшлі свае ўрачыстасці, прысвечаныя беларускаму пісьменству. Ля брамы замкавага парка адбылася закладка капсулы, дзе будзе ўсталяваны памятны знак у гонар друкарні, а таксама арганізавана свята «Друкаванае слова ў Любчы».
На жаль, аніводнага любчанскага выдання ў Беларусі няма. Затое ёсць яны ў Варшаве, Кракаве, Вільні. Але ж… Яшчэ дзясятак гадоў таму мала хто паверыў бы, што ў мясцовы замак хутка вернецца жыццё. А цяпер тут вядзецца рэстаўрацыя, прыязджаюць турысты, ладзяцца экскурсіі і анімацыі.
Хто яго ведае, можа праз колькі часу сюды вернецца і адзін з любчанскіх фаліянтаў. Статут вярнуўся ж у Беларусь!