У Мінску прайшла прэзентацыя першай у краіне кнігі па этнаастраноміі.
“Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія” – так назваў сваю першую кнігу Цімафей Авілін. Па яго словах, яна будзе цікавай як даследчыкам, так і шырокаму колу чытачоў. “Тут шмат гісторый, легенд пра сузор’і. Можна і дзеткам нанач пачытаць”, – адзначыў ён.
Аўтар расказаў, што не заўжды лёгка атрымліваецца патлумачыць той ці іншы звычай. Як прыклад – загадваць жаданне на знічку: “Я доўга шукаў адказ, чаму так. Звычай даволі распаўсюджаны, але ніхто не мог патлумачыць яго значэнне. Толькі ў адной мясціне мне сказалі, што знічка – гэта анёл, які спусціўся па душу памерлага. І пакуль ён ляціць, то не можа нікому адмовіць”.
Таксама аўтар адзначыў, што на вёсцы ніхто не ўжывае слова “знічка” – гэта больш літаратурнае слова. Багата ў кнізе і звестак пра самі астранамічныя аб’екты. І калі назвай сузор’я “Вазок” ужо мала каго можна здзівіць, то Птушыны шлях яшчэ бывае складана знітаваць з Млечным шляхам.
За 13 гадоў збору матэрыялу Авілін аб’ехаў амаль усю краіну. Ён працаваў не толькі ў архівах, але і збіраў звесткі пра зоркі ў вёсках: “Нечага сакральнага даведацца амаль немагчыма, бо ў ХХ стагоддзі да зорак ставіліся прасцей”. У якасці побытавага прыкладу ён прывёў павер’і пра месяц. Калі некалькі начэй месяца няма – гэта называецца гнілы час. Тады шмат каму можа балець галава. А вось на поўню было прынята паказваць манеты – тады ў доме будзе багата. “Можна і еўра паказваць – месяцу ўсё адно”, — жартуе Авілін.
Па яго словах, этнаастраномію ў краіне амаль не распрацоўвалі раней, так што гэтая галіна толькі чакае сваіх даследчыкаў.
Для аздаблення выдання выкарыстоўваліся здымкі вядомага беларускага фотамастака Віктара Малышчыца. Ён адзначыў, што супраца з Авеліным адкрыла і для яго не адну таямніцу беларускай культурнай спадчыны.
Марыя Грыц