«Калі пераможа вялікая Украіна — і Беларусь хутка будзе свабоднай». Дзмітрый Строцаў прадставіў Беларусь на свяце сусветнай літаратуры ў сталіцы Грузіі

У Тбілісі з 9 па 14 верасня праходзіў VII Міжнародны літаратурны фестываль, які меў прыгожую назву «Дома». У ім бралі ўдзел дзясяткі грузінскіх пісьменнікаў, а сярод чатырнаццаці замежных гасцей Беларусь прадстаўляў Дзмітрый Строцаў.


01.jpg

Ва ўступнай прамове Наталлі Ламуры, дырэктаркі фестывалю і кіраўніка Дома пісьменнікаў Грузіі, былі такія словы: «Тыя, хто сочаць за нашым фестывалем, ведаюць, што ў гэтым годзе ён праводзіцца не ў традыцыйны вясенні час. Прычына адтэрміноўкі, верагодна, усім зразумелая. Гэта вайна, якую вядзе Расія супраць Украіны... Я хацела б пачаць сваё прывітальнае слова з падтрымкі Украіны і ўкраінскага народа. Хачу пажадать ім мужнасці, вытрымкі і перамогі. 

Тэма фестывалю „Дома“ таксама ў некаторай ступені адлюстроўвае вайну. Дом сімвалізуе неадрыўную частку чалавека і асобы. Дом — тое месца, дзе мы адчуваем сябе спакойна і больш-менш бяспечна, гэта месца, дзе суіснуюць міфы, рэальнасць і нашы жаданні. У чалавечым уяўленні паняцце дома можа быць пашырана да ўсяго свету альбо сціснута да найменшых прастораў. Тэмы, якія мы імкнемся абмеркаваць на фестывалі, існуюць вакол гэтага сімвалу. Мы спрабуем асэнсаваць і абмеркаваць прыроду дома ў сённяшніх рэаліях, ці назаўсёды дом застаецца тым месцам, дзе прайшло наша дзяцінства, ці ён вандруе як паняцце, не звязанае з нашай нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасцю... 

Спадзяёмся, што ў наступным годзе мы арганізуем фестываль у больш мірным і поўным надзей свеце». 

Дарэчы, Дом пісьменнікаў Грузіі — гэта неверагоднае месца, якое мае сваю асаблівую, нават унікальную атмасферу. У сённяшнім выглядзе Дом пісьменнікаў існуе з 2008 года. Але пабудаваны ён быў яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя вядомым грузінскім бізнесменам і мецэнатам Давідам Сарджанішвілі. Калісьці ён зрабіў такі падарунак для сваёй каханай жонкі, якая была вялікім аматарам мастацтва і літаратуры. І дом стаў месцам свецкіх сустрэч, творчых акцый, іншымі словамі, сапраўдным мастацкім салонам у найлепшым сэнсе. У савецкія часы тут адбываліся адпаведныя той эпосе падзеі, часам страшныя і трагічныя. З 1921 па 2007 гг. у будынку знаходзіўся Саюз пісьменнікаў Грузіі. Зараз дзейнасць Дома пісьменнікаў Грузіі, звязаная з папулярызацыяй і падтрымкай нацыянальнай літаратуры, вельмі актыўная. Да таго ж вялікае месца адводзіцца міжнародным праектам, перакладчыцкай дзейнасці, супрацоўніцтву з дзяржаўнымі, прыватнымі, няўрадавымі арганізацыямі, агенцтвамі, саюзамі і асацыяцыямі ўсяго свету. 

03.jpg
Утульны ўнутраны сад Дома пісьменнікаў Грузіі, з казачнай гістарычнай і творчай атмасферай, дзе растуць экзатычныя высачэзныя дрэвы, пасаджаныя яшчэ пры жыцці Давіда Сарджанішвілі 

04.jpg

У гэтым годзе фестываль наведалі вядомыя і вельмі цікавыя ўдзельнікі з адзінаццаці краін: Тара МакДаўэл (Аўстралія), Андрэас Флуракіс (Грэцыя), Джон О’Донэл (Ірландыя), Сяргей Цімафееў (Латвія), Грэта Амбразайтэ і Дамінікас Наркунас з Літвы, Юстына Баргельска і Кшыштаф Чыжэўскі з Польшчы, Марцін Салатрук са Славакіі, Арыяна Фон Графенрыд (Швейцарыя), Бернхард Шлінк (Германія), Андрій Любка з Украіны. 

Лічыцца, што Дзмітрый Строцаў — беларус, які піша на расійскай мове. Але на Тбіліскім фестывалі Дзмітрый чытаў свае вершы і на беларускай, і на ўкраінскай, і на ангельскай мовах. Да таго ж мадэратар сустрэчы Шата Іаташвілі чытаў вершы Строцава па-грузінску. 

Дзмітрый нарадзіўся ў Мінску, па адукацыі архітэктар. Аўтар 17 кніг паэзіі. Кіраўнік літаратурна-выдавецкага праекта «New Wineskins», выдавец альманаха і паэтычнай серыі «Мінская школа». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат прэстыжных міжнародных прэмій. Творы перакладзены больш чым на дзесяць моваў свету. 

18.jpg
Дзмітрый Строцаў і перакладчыца Нэнэ Георгадзэ 

Дарэчы, трэба адзначыць, што Дзмітрый усё жыццё захапляецца мастацтвам жывапісу ў розных праявах. І ў гэтым годзе ў Грузію ён прыехаў раней за іншых удзельнікаў літаратурнага фэсту і паспеў прыняць удзел у міжнародным фестывалі анімацыйнага кіно, які праводзіцца ў вёсцы Нікозі, недалёка ад горада Цхінвалі. Гэта быў дзясяты па ліку фестываль, і ў гэтым годзе у ім удзельнічалі майстры-аніматары з Бразіліі, Індыі, Ірана, Японіі ды яшчэ шэрагу краін. Падчас урачыстых мерапрыемстваў Дзмітрый прачытаў свае вершы на розных мовах, а па заканчэнні імпрэзы напісаў наступныя радкі: 

адразу 
лічылі гадзіны

колькі стрывае 
мілы мой Кіеў 

калі ўжо цемра 
свет праглыне 

.у першыя тыдні 
не адпускала пытанне 

як трымаецца 
гераічная 
параненая 
гэта краіна 

і хто будзе 
наступным 

.не аднойчы 
думаў пра гэта

калі пераможа 

вялікая Україна 

і Беларусь хутка 
будзе свабоднай. 

19.jpg
Дзмітрый Строцаў. Малюнак з альбома індыйскага рэжысёра Suresh Eriat  

У апошні фестывальны дзень, перад пачаткам паэтычнага марафона, які ладзілі грузінскія паэты адначасова ў шасці залях Дома літаратараў, Шата Іаташвілі — галоўны арганізатар і кансультант фестывалю — з прыемнасцю пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў і распавесці пра свае ўражанні: 

— Шата, праведзена каласальная папярэдняя праца па арганізацыі фестывалю. Нават цяжка ўявіць, колькі сіл патрачана, каб падтрымаць высокі ўзровень мерапрыемства. Па досведзе кантактаў з іншымі арганізатарамі магу сказаць, што бліжэй да канца фестывальнага тыдня звычайна выглядаюць яны як выціснуты лімон. Але ж Вы, у адрозненне ад многіх іншых, добра выглядаеце і адчуваеце сябе абсалютна спакойна. Як гэта можна патлумачыць? 

— Спакой нельга парушаць. Калі парушыць, то нічога не атрымаецца, — адказвае суразмоўнік з загадкавай усмешкай на вуснах, і з той неперадавальнай абаяльнасцю, якую добра ведаюць людзі, якім давялося хоць раз у жыцці пагаварыць з Шата Іаташвілі. 

— Якія планы пасля фестывалю? Ці ёсць намер адпачыць? 

— Літаральна праз дзень я лячу ў Латвію, у невялікі гарадок Вентспілс на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Там мяне чакае рэзідэнцыя пісьменнікаў. У 2019 годзе я ўжо быў там, калі пісаў свой раман «Пачатковец». Зараз еду другі раз. Будзем глядзець, як там усё атрымаецца. 

— Іншымі словамі, ствараюцца ўсе ўмовы, каб з-пад Вашага пяра выйшаў новы твор. 

— Такія рэзідэнцыі ёсць па ўсім свеце. Існуе практыка своеасаблівага творчага абмену, калі для пісьменніка ствараюцца ўсе ўмовы для працы. У нашым Доме пісьменнікаў таксама ёсць асобныя памяшканні для прыезду гасцей. На працягу года пісьменнікі прыязджаюць і працуюць тут. 

— Якія асаблівасці ёсць у цяперашняга фестывалю? Чым ён адрозніваецца ад іншых? 

— Кожны фестываль асаблівы. Але калі параўноўваць, то ранейшыя фестывалі былі больш маштабныя. У некаторыя гады прыязджала да 24 удзельнікаў. Наша Міністэрства культуры заўсёды падтрымлівала фестываль фінансава, аднак зараз змянілася кіраўніцтва і вельмі многія праекты засталіся без падтрымкі. Пісьменнікі ж заўсёды застаюцца вольнымі людзьмі, а тыя, хто прызвычаіўся служыць розным рэжымам, не цэняць, не разумеюць і не любяць свабоды.

20.jpg
Шата Іаташвілі (у цэнтры) з калегамі па працы падчас фестывалю, ва ўнутраным дворыку Дома літаратараў

Чытайце яшчэ:

«Калі ўсе добрыя людзі вернуцца на Радзіму, я абавязкова прыеду да вас у Беларусь». Інтэрв’ю з грузінскім паэтам Шата Іаташвілі

Ю. Н., budzma.org