Весела бавіць час у школьным летніку сярэдняй школы г/п Красная Слабада Салігорскага раёна! Асабліва, калі ў госці завітае лялечны тэатрык “Лямцавая батлейка” з новым спектаклем “Мама Му ў басейне”, паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. 17 чэрвеня вясёлае мерапрыемства адбылося ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
У фонд школьнай бібліятэкі акторкі тэатра перадалі кніжку “Мама Му, Крумкач і Каляды” з серыі кніжак пра Маму Му выдавецтва “Мастацкая Літаратура”.
Падчас моўнай віктарыны дзеткі паўтарылі беларускія словы, а за правільныя адказы атрымалі падарункі – паштовачкі ад кампаніі “Будзьма!”. Спектакль дзеткі глядзелі ўважліва, адказвалі пасля спектакля на пытанні і кожны сам сабе зрабіў падарунак – медаль!
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Заходзьце ў бібліятэку! Чытайце кніжкі на роднай мове!
Калі Вы жадаеце, каб вясёлая Мама Му, у выкананні “Лямцавай батлейкі” прыехала да вас у вашую школу ці бібліятэку і арганізавала сапраўднае шоў для дзетак і дарослых, пішыце на скрыню razam@budzma.org, і ваш зварот не застанецца без увагі.
Спектакль “Мама Му” ўжо прайшоў з посьпехам у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Дзяржынск, Слуцк, Заслаўе, Ждановічы, Мар’іна Горка). А патэнцыйным арганізатарам паведамляем, што пастанова разлічана на школьнікаў малодшага ўзросту.
Коратка пра аўтарку. Юя Вісландэр (Jujja Vislander) – шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесных прыгодах. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Тумаса Вісландэраў быў угараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.