Прапануем вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і як «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
28 снежня
У 2011 годзе была заснаваная літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця. Прэмія выдаецца штогод за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную ў папярэднім годзе.
Ініцыятарамі выступілі Польская амбасада ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Прэмія названая ў гонар Ежы Гедройця, які нарадзіўся ў Мінску. Гэта палітык, літаратар, удзельнік Другой сусветнай. Выдаваў легендарны польскі часопіс на эміграцыі Kultura. Гедройць вядомы тым, што быў прыхільнікам добрасуседскіх стасункаў паміж Польшчай, Літвой і Беларуссю — народамі колішняй Рэчы Паспалітай.
Лаўрэатамі прэміі ў розныя гады былі Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Віктар Казько, Уладзімір Арлоў, Зміцер Бартосік, Сяргей Дубавец і іншыя.
29 снежня
У 1989 годзе Вацлаў Гавал стаў прэзідэнтам Чэхаславакіі. Гэта быў вынік «Пражскай восені» 1989-га, больш вядомай як «Аксамітная рэвалюцыя». Мірныя пратэсты цягнуліся з лістапада па снежань, у выніку камуністычны рэжым у ЧССР абрынуўся.
За камуністамі Гавал працаваў як драматург, займаўся самвыдатам і грамадскай дзейнасцю. Быў стваральнікам групы «Хартыя-77», якая патрабавала ад уладаў павагі да правоў чалавека. У 1979-м быў асуджаны на 4,5 гады, атрымаўшы статус «вязня сумлення».
Стаўшы прэзідэнтам, Гавал правёў дэмакратычныя і рынкавыя рэформы. Прэзідэнтам заставаўся ажно да 2003 года.
Вацлаў Гавал цікавіўся беларускімі справамі, выказваўся ў падтрымку палітвязняў. Беларусы ж увесь час шукалі сярод апазіцыйных палітыкаў «свайго Гаўла». Найчасцей такі вобраз прыкладалі да Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м.
30 снежня
У 2006-м у Багдадзе быў павешаны Садам Хусейн. Паводле сведак, былы іракскі лідар падчас экзекуцыі выглядаў спакойным, але прыгнечаным. Не галасіў, не прасіў памілаваць. Яго смерць была імгненнай: цела правалілася ў люк на паўметра, пазванкі хруснулі. Усю працэдуру знялі на відэа.
Суд над Хусейнам на радзіме цягнуўся 2,5 гады, у Гаагу не вазілі. Яго звінавацілі ў расправе над шыітамі і генацыдзе курдаў ў 1980-х і асудзілі на смерць. Важна, што вырак выканалі не амерыканцы ці брытанцы, а самі іракскія вайскоўцы.
Вядома пра цёплыя стасункі паміж Мінскам і Багдадам яшчэ пры жыцці Хусейна. Лукашэнка прымаў у Беларусі ягонага сына Удэя, прапаноўваў палітычны прытулак для сям’і іраксага лідара. У 2012-м Лукашэнка заяўляў, што быў пасярэднікам падчас перамоваў амерыканцаў з Хусейнам, прасіў ЗША «не бамбіць, не разбураць» Ірак.
31 снежня
У 1999-м прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын пайшоў у адстаўку. Пра гэта ён заявіў падчас традыцыйнага віншавання расіян з Новым годам. Так скончылася ельцынская эпоха — «пераходны перыяд» паміж гарбачоўскім СССР і Расіяй Пуціна.
Сённяшнія 25—35-гадовыя беларусы і расіяне памятаюць Ельцына як хворага старога чалавека, які з цяжкасцю размаўляў, мог на публіцы з’явіцца п’яным, быў мішэнню для комікаў і парадыстаў. У той жа час эпоха Ельцына — гэта час рэформаў і надзеяў, які рэгулярна перарывала кананада танкавых гарматаў: як у 1993-м падчас расстрэлу Белага дома ці ў 1994–1996 падчас штурмаў Грознага.
А яшчэ ельцынская эпоха шчыльна звязаная з першым этапам прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Тады, у 1990-я, малады беларускі прэзідэнт падпісваў з Расіяй дамовы аб саюзнай дзяржаве і марыў пра пост яе кіраўніка. Надзеі абарваліся толькі з выхадам на арэну Пуціна, якога Ельцын бачыў пераемнікам. Крытыкі пуцінскага рэжыму любяць параўноўваць Ельцына з Гіндэнбургам — прэзідэнтам Германіі, які перадаў уладу Гітлеру ў 1933-м.
1 студзеня
У 1899 годзе нарадзіўся Васіль Корж, а ў 1920-м — Барыс Рагуля. Абодва — вайскоўцы, дыверсанты, удзельнікі Другой сусветнай. Адно што... аказаліся па розныя бакі барыкадаў.
У часы вайны Корж з Рагулем не перасякаліся, хоць абодва дзейнічалі ў Заходняй Беларусі. Корж са сваім атрадам больш за 1000 дзён правёў на тэрыторыі ворага, вынішчыў дзясяткі паліцэйскіх гарнізонаў. Рагуля дзейнічаў на Наваградчыне са сваім батальёнам («швадронам»), ваяваў з польскімі і савецкімі партызанамі.
Цікава, што абодва яны перад самай вайною траплялі ў засценкі савецкіх органаў. У 1938-м Каржа арыштавалі ды абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Польшчы». І гэта нягледзячы на баявое мінулае: змаганне з балахоўцамі ў 1920-х, удзел у вайне ў Іспаніі... Корж нічога не падпісаў — выйшаў на волю.
Васіль Корж
Рагулю ж трымалі ў «амерыканцы» на пачатку 1941-га — за «нелегальны пераход мяжы». Перад гэтым Рагуля ў складзе польскай арміі ваяваў з немцамі, трапіў у палон, збег і спрабаваў трапіць у СССР — на родную Наваградчыну. Арыштавалі. Засудзілі на смерць. У 1941-м цудам здолеў вырвацца на волю, калі савецкія войскі хаатычна адступалі.
Васіль Корж — Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр, авеяны славаю франтавік. Барыс Рагуля — эмігрант, лекар, пракляты і завочна засуджаны ў БССР за супрацу з нацыстамі.
Два чалавекі — два лёсы. Два розныя абліччы вайны ў Беларусі.
2 студзеня
У 1950-м нарадзіўся Сямён Домаш — чыноўнік, палітык, кандыдат у прэзідэнты падчас выбараў 2001 года. Домаш быў старшынём Гарадзенскага аблвыканкама, дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. У 1996-м выступіў супраць Лукашэнкі. Разам з іншымі дэпутатамі падтрымаў ідэю імпічменту. Займаўся праваабарончай і рэгіянальнай працай, сустракаўся з Клінтанам.
Сямён Мікалаевіч падаваўся моцным кандыдатам у прэзідэнты. Улетку 2001-га ЦВК зарэгістраваў ягоную ініцыятыўную групу, у якую ўваходзіла больш за 3,5 тысячы чалавек, але... На Кангрэсе дэмакратычных сілаў нечакана адзіным кандыдатам ад апазіцыі быў абраны Уладзімір Ганчарык. Домаш зняўся. Выбары 2001-га сталіся фіяска апазіцыі.
Пасля 2001-га Домаш адышоў ад палітыкі. У 2000-я ён узначаліў гарбарны завод у Гродне. Памёр у 2019-м — непублічны, забыты. Пра падзеі 2001-га і адсоўванне Домаша ад удзелу ў выбарах дагэтуль гуляюць розныя канспіралагічныя версіі.
3 студзеня
У 1944 годзе нарадзіўся Міхась Раманюк. Этнограф, мастацтвазнаўца, аўтар найлепшых рэканструкцыяў беларускіх народных строяў. Чалавек, які сцвердзіў на ўвесь свет, што наш строй — гэта не рыззё з бруднымі лапцямі, а тым больш не сарафан з какошнікам.
Яшчэ ў часы СССР Раманюк стаў спецыялістам па пытаннях народнага строю: выдаваў навуковыя працы, шыкоўныя падарункавыя альбомы. «Апранаў» народны хор БССР, Дзяржаўны ансамбль танцу Беларусі, самадзейныя калектывы. Кансультаваў па пытаннях строяў «Беларусьфільм».
Раманюк бясконца падарожнічаў па Беларусі ў пошуках этнаграфічнага матэрыялу. Здабытыя ім зборы складаюць 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, дзясяткі тамоў экспедыцыйных зборнікаў. Міхась Фёдаравіч памёр у 1997 годзе ад анкалогіі. Ягоны сын Дзяніс Раманюк — вядомы фатограф, працягвае справу бацькі.
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч