• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
08.08.2022 | Каляндар

Каляндар з 8 па 14 жніўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. 

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


8 жніўня

1912. Нарадзіўся Аркадзь Чарнышэвіч

arkadz_ch.jpg

Будучы беларускі пісьменнік з’явіўся на свет у вёсцы Кулакі на Міншчыне. У 1928 годзе скончыў Старобінскую сямігодку, пасля чаго дапамагаў бацькам па гаспадарцы. У 1930 годзе бацька быў раскулачаны і адпраўлены на Беламорканал, а сям’я выслана ў Комі-Пярмяцкую акругу.

Дэбютаваў Аркадзь Чарнышэвіч у 1927 годзе на старонках «Чырвонага Сейбіта», які быў літаратурна-мастацкім дадаткам да газеты «Беларуская вёска» і выходзіў у 1926−1928 гадах. Нягледзячы на высылку і цяжкія ўмовы жыцця, Чарнышэвіч не забываўся на творчасць. У 1940 годзе апублікаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі» падборку апавяданняў. Таксама ў гэтым жа годзе наведаў Мінск, дзе быў удзельнікам курсаў-канферэнцыі маладых аўтараў. Падрыхтаваў і адаслаў у Белдзяржвыдавецтва зборнік апавяданняў «Хаты ажываюць», які не быў прыняты да друку.

У 1950 годзе разам з сям’ёй вярнуўся ў Беларусь. Першыя чатыры гады па вяртанні быў дырэктарам Насовіцкай пачатковай школы. З 1957 года жыў у Радашкавічах, дзе друкаваўся ў мясцовай газеце «Сцяг Ільіча». Быў фактычным кіраўніком літаратурнага гуртка, які існаваў пры выданні.
Аўтар шэрагу кніг, у тым ліку і для дзяцей. Сярод вядомых твораў: «Суседзі», «Праз зімы і вёсны», «Засценак Малінаўка», «Зосін лужок», «Апавяданні старога Арцёма», «Складанец». Адметны тым, што добра ведаў і ўмела паказаў сялянскі побыт першай паловы ХХ стагоддзя, а таксама добра валодаў беларускай мовай. З 1954 года сябра Саюза пісьменнікаў БССР.

Памёр 18 студзеня 1967 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. 

9 жніўня

1647. Памёр Жыгімонт Казімір Ваза

zyhimont_kazimir.jpg

Жыгімонт Казімір Ваза — гэта адзіны сын караля Уладзіслава IV Вазы і яго першай жонкі Цэцыліі Рэнаты, названы ў гонар свайго дзеда Жыгімонта III і дзядзькі Яна Казіміра. Пражыў усяго 7 гадоў.

Паколькі ён быў адзіным дзіцем, то з вельмі вялікай верагоднасцю мог бы стаць спадкаемцам Уладзіслава IV. Тым больш, што бацька ўскладаў на яго вялікія надзеі. Ён чакаў, што яго нашчадак, дзякуючы крыві Ягайлы, зможа разлічваць на польскі трон.

Сучасны Жыгімонту Казіміру храніст так апісваў малога:

«…ва ўзросце некалькіх месяцаў пасля сямі гадоў ён ужо добра размаўляў па-польску і па-нямецку, меў значныя пачаткі ў лаціне, aptus і capax (прыдатны і таленавіты) і imago viva parentis (жывы вобраз бацькі)».

Маленькі князь ахвотна апранаўся ў польскі касцюм, што яшчэ больш умацоўвала яго пазіцыі як прэтэндэнта на карону. Ён абураўся, калі з ім размаўлялі па-нямецку і крычаў: «Я паляк, таму размаўляйце са мной па-польску».

Летам 1647 года хлопчык нечакана захварэў. Паводле адных, ён пераеў садавіны, іншыя сцвярджалі, што заразіўся дызентэрыяй ад ваяводаў Дэнгофаў у Памераніі. Пасля пяці дзён пакут і крываўкі ён памёр.

Уладзіслаў IV настолькі моцна перажываў смерць сына, што нават не паехаў на пахаванне ў Кракаў. 

10 жніўня

1929. Нарадзіўся Алесь Ставер 

staver.jpg

З’явіўся на свет будучы паэт у сялянскай сям'і ў вёсцы Маргавіца, што ў цяперашнім Докшыцкіма раёне. У час вайны страціў бацьку і братоў, а сам быў вывезены ў Нямеччыну. Вярнуўся адтуль толькі ў верасні 1945 года. 

У 1949 годзе скончыў Барысаўскае педагагічнае вучылішча, а ў 1954-м — скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў на розных пасадах ва ўстановах культуры і адукацыі. Ад 1962 года сябра Саюза пісьменнікаў. 

Публікавацца пачаў з восені 1949 года, а ягоная дэбютная кніга паэзіі «Золак над Бярозай» пабачыла свет праз дзесяць гадоў. Аўтар зборнікаў вершаў «Ластаўкі перад дажджом», «Жураўлі ляцяць…», «Лірнік», «Мой край беларускі». У 1969 годзе апублікаваў аўтабіяграфічны раман «Пад канвоем». 

Калі пасля атрымання незалежнасці ў 1991 годзе паўстала пытанне аб дзяржаўным гімне, Алесь Ставер напісаў верш «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву». Тады ў падтрымку гэтага твора выказаліся Пімен Панчанка, Максім Танк, Радзім Гарэцкі, Леанід Лыч ды іншыя вядомыя дзеячы. 

Загінуў у аўтакатастрофе 23 ліпеня 1995 года. Пахаваны ў Мінску. 

11 жніўня 

1127. Першая згадка Гародні 

zhadka_pra_horadniu_aut.jpg

Згадваецца ўпершыню наш старажытны горад у пісьмовых крыніцах пад назвай Горадзен. Само паселішча вядомае з XI стагоддзя, а ўжо ў пачатку XII стагоддзя яно стала сталіцай Гарадзенскага княства. 

Ужо 1270-х гадах Гарадзенскае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага. Гародня робіцца буйным цэнтрам гэтага дзяржаўнага ўтварэння. У пачатку XIV стагоддзя тут княжыць Давыд Гарадзенскі, сын Даўмонта і блізкі паплечнік Гедзіміна. Ён паспяхова дае рады крыжацкай навале. А ў 1392 годзе сюды фактычна пераносіць сваю сталіцу Вітаўт Вялікі, які валодаў горадам з 1376 года. Сапраўднай рэзідэнцыяй стала Гародня і для ўладара Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, за што горад і цяпер нярэдка называюць «каралеўскім». 

Традыцыйна прынятыя некалькі формаў назвы горада: Гродна, Гародня, Горадня. І што цікава: бацькам апошняй формы, Горадня, можам смела лічыць Вацлава Ластоўскага. Бо менавіта ён у газеце «Наша Ніва» ў 1915 годзе назваў так гэты горад. З націскам над літарай «о» ў першым складзе, каб запаміналася. 

usiaslau_pad_harodniai.jpg
Карціна «Князь Усяслаў Чарадзей пад Гародняй» Язэпа Драздовіча, 1944 год. 

12 жніўня 

1936. Памёр Пятро Мятла 

miatla.jpg

Гэты вядомы заходнебеларускі дзеяч нарадзіўся на Дзісеншчыне ў 1890 годзе. Вучыўся ў Дзісенскім гарадскім вучылішчы ў 1906−1910 гадах, потым два наступныя гады на педагагічных курсах у Коўне. Працаваў настаўнікам. У 1914−1917 гадах служыў у войску. 

Што цікава: Пятро Мятла быў сярод тых юнкераў Аляксееўскага ваеннага вучылішча, якія «выступілі супраць рэвалюцыі і паўстаўшага пралетарыяту». Быў арыштаваны і зняволены ў турму. 

З канца 1917 года да 1921 года зноў настаўнічаў. З 1921 года жыў і працаваў у Вільні. Браў актыўны ўдзел у стварэнні і дзейнасці нацыянальных беларускіх суполак і арганізацый у Заходняй Беларусі. У 1922 годзе быў выбраны дэпутатам польскага сейма. Быў членам Беларускага пасольскага клуба. 

Быў адным са стваральнікаў і лідараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), уваходзіў у ЦК гэтай арганізацыі. Як і Браніслаў Тарашкевіч, са спадзевам глядзеў у бок Савецкай Беларусі. Францішак Аляхновіч так прыгадвае яго ў сваёй знакамітай аповесці «У капцюрох ГПУ»: 

«Колы вагону выстукваюць свой рытм i настройваюць падарожнага на лятуценьнi. Попутчык сьнiць на яве. Лятуцiць аб гэтым новым жыцьцi, на парозе якога апынецца яшчэ сягоньня. Сягоньня ўвечары ўжо будзе ў Менску. Лятуцiць аб новай працы, якая на яго чакае. Дык-жа-ж праца будзе! Праца не пры канцылярскiм стале, але радасная, творчая… Дык-жа i Мятла, i Селях, i iншыя казалi, што ўсе чакаюць на ягоны прыезд у Менск».

Пасля разгрому Грамады ў 1927 годзе быў асуджаны польскімі ўладамі на 12 гадоў турмы. У выніку абмену ў 1930 годзе апынуўся ў Мінску. Спачатку працаваў, а потым узначальваў Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Акадэміі навук. Арыштаваны ДПУ БССР па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра 1 верасня 1933 года. 

Быў асуджаны да расстрэлу, які замянілі на 10 гадоў лагераў. Прысуд адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў жніўні 1956 года. 

13 жніўня 

1956. Памёр Якуб Колас 

wr-960.jpg

Адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы пайшоў з жыцця ва ўзросце 74 гадоў. 

За сваё жыццё Канстанцін Міцкевіч, а менавіта так насамрэч звалі класіка, паспеў неверагодна многа. Ён паказаў сябе і як добрага паэта, і як празаіка, і як публіцыста, і як мовазнаўцу, і як педагога. 

На сённяшні момант поўны акадэмічны збор твораў Якуба Коласа налічвае 20 тамоў і багаты на самую разнастайную тэматыку. Тут і проза, і паэзія, і публіцыстыка, і крытыка, і нават дзённікі. Кожны неабыякавы да беларускага слова знойдзе пры жаданні нешта для сябе ў творчай спадчыне пісьменніка. 

Максім Лужанін у кнізе «Колас расказвае пра сябе» так прыгадвае дзень смерці Коласа: 

«А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Тут ён апошні раз сядзеў, апошні раз еў свой сціплы полудзень, прыехаўшы з ляска, апошні раз падняў вочы на сына, што звярнуўся з запытаннем і, не пачуўшы адказу, кінуўся ратаваць, званіць, клікаць на дапамогу. 

Было пасля поўначы. У доме дыхала нясцерпная цішыня. Ва ўсіх пакоях гарэла сліпуча яркае святло. Я глядзеў на непарушны і вельмі спакойны твар, як быццам суцешаны нечаканым і поўным адпачынкам, бясхмарнаю адсутнасцю турбот. І ўжо нічога больш не ўбачылі несухія вочы. Пахілілася галава ў стаяўшага поплеч таварыша, бязгучна заплакалі прыехаўшыя з намі жанкі. 

Не зварухнуўшыся стаялі ў садзе яго маладыя дубы — першая і нязменная варта родных лясоў каля прыдрамаўшага Чалавека». 

Самыя вядомыя з твораў: паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» і «Казкі жыцця», раман у вершах «На шляхах Волі» і «Водгулле».


14 жніўня

1928. Прэм’ера фільма «Кастусь Каліноўскі»

kalinouski_1928.jpg

 
У гэты дзень у Мінску пачаўся паказ чацвёртай беларускай мастацкай кінастужкі, які выклікаў сапраўдны аншлаг. Толькі за першыя 6 дзён пракату фільм паглядзела амаль 25 тысяч чалавек. 

«Кастусь Каліноўскі» — можна сказаць першы беларускі баявік, адначасова рамантычны, нацыянальны і «пралетарскі» погляд на асобу лідара паўстанцаў. Менавіта гэты фільм — яскравае сведчанне таго, як складваўся культ Кастуся ў міжваеннай Беларусі.

У 1923 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатры (цяпер гэта Купалаўскі тэатр) з вялікім поспехам ішоў аднайменны спектакль, які быў пастаўлены Еўсцігнеем Міровічам. Паводле яго было вырашана зняць фільм, але ў тагачаснай БССР бракавала сваіх спецыялістаў. Таму задуму ўдалося рэалізаваць толькі ў 1927 годзе, калі за справу ўзяўся расійскі рэжысёр Уладзімір Гардзін. Ён зарэкамендаваў сябе добрым спецыялістам яшчэ да рэвалюцыі. 

Здымалі фільм у Мінску, які ў той час яшчэ нечым нагадваў Вільню. Таму, напрыклад, у сцэне пакарання Кастуся Каліноўскага смерцю, якая здымалася на Траецкай гары, вы можаце ўбачыць храмы Верхняя горада. Ну і іншыя беларускія славутасці. 

Што цікава: кансультантам на здымках выступаў Язэп Дыла, які быў наркамам працы ў першым часовым урадзе БССР. У юнацкія гады Дыла вучыўся ў Альгерда Абуховіча, які непасрэдна прымаў удзел у паўстанні 1863−1864 гадоў.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Беларусі выпусцілі дзіцячае харчаванне з патрэтам Заіра Азгура на этыкетцы

З нагоды 115-годдзя з дня нараджэння Заіра Ісаакавіча Азгура, брэнд «Ложка в ладошке» выпусціў лімітаваную лінейку...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Сусветны дзень шчанюка: Топ-10 парад па доглядзе за шчанюкамі ад экспертаў

Сёння сусветны дзень шчанюка. Ёсць і такое свята. І ў гэты дзень мы хочам не толькі падзяліцца з вамі карыснымі...

valiancina_shauchenka
Грамадства

«Таты ці на вайне ва Украіне, ці ў турме ў Беларусі». Як беларускія ўцекачы ў Польшчы дапамагаюць украінцам пры дапамозе італьянцаў

«Церамок» — так лагодна ў простамоўі называюць шэлтар альбо «Дом уцекача» у Варшаве ягоныя заснавальнікі. І не выпадкова,...

valiancina_shauchenka
Грамадства Замежжа

Варшаўскі Музей сучаснага мастацтва абвясціў адкрыты набор у рэзідэнцыю для ўкраінскіх і беларускіх мастакоў і культурніцкіх дзеячаў

Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве і Канфедэрацыя музеяў L’internationale абвяшчаюць адкрыты набор у мастацкія рэзідэнцыі...

Апошнія навіны

    Грамадства
    У Беларусі выпусцілі дзіцячае харчаванне з патрэтам Заіра Азгура на этыкетцы
    Грамадства
    Сусветны дзень шчанюка: Топ-10 парад па доглядзе за шчанюкамі ад экспертаў
    Грамадства
    «Таты ці на вайне ва Украіне, ці ў турме ў Беларусі». Як беларускія ўцекачы ў Польшчы дапамагаюць украінцам пры дапамозе італьянцаў
    Грамадства Замежжа
    Варшаўскі Музей сучаснага мастацтва абвясціў адкрыты набор у рэзідэнцыю для ўкраінскіх і беларускіх мастакоў і культурніцкіх дзеячаў
    Грамадства Гісторыя
    Унучка пакаранага паўстанца, якая стала адной з самых вядомых у свеце жанчын-хірургаў
    Грамадства
    Новыя элементы ў спісе нематэрыяльнай спадчыны
    Грамадства Літаратура
    Новыя кнігі Уладзіміра Арлова да 105-х угодкаў БНР выдаў Kamunikat.org
    Грамадства «Музыка»
    «Kalychanka». Новая песня ад Лявона Вольскага
    Грамадства Літаратура
    Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    Грамадства
    У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлены метрычны запіс пра смерць Антаніны Ракасоўскай — маці Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага
    Гісторыя
    Пра што пісалі ў дзённіках беларускія рэвалюцыянеркі?
    Гісторыя
    Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    Культура
    «Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалося» Маргарыта Ляўчук мае праблемы з голасам
    Грамадства Літаратура
    Беларусы Швецыі падрыхтавалі аўдыяварыянт кнігі «Цудоўнае падарожжа Пыхыча й Шустрыка па Беларусі і яе гісторыі»
    Замежжа
    У Беластоку адкрылася фотавыстава святкаванняў Дня Волі ў розныя гады

Афіша

  • 24.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Алесь Чумакоў у Гомелі

  • 23.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 23.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 23.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 23.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 23.03 — 26.03«Штучны інтэлект: мастак ці машына?»: выстава ў Мінску
  • 23.03 — 26.03Выстава «Джаз! Каты! Вясна!» у Мінску
  • 23.03 — 26.03Выстава «Веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў» у Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • У мастачкі Нікі Сандрас здарылася кровазліццё ў мозг. Ёй патрэбна дапамога
    • Абламейка: «У беларусаў па вялікім рахунку няма сяброў на гістарычным полі»
    • Ведаеце, на якой мове насамрэч размаўлялі ў Беларусі ў канцы 18 стагоддзя?
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Пісьменніца Наталка Харытанюк запусціла відэаканал с урокамі ангельскай праз беларускую
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип