Выхад у свет навукова-папулярнай кнігі Іллі Бутава “Звёздые камни” (на рускай мове) — добрая навіна для ўсіх аматараў беларускай гісторыі, міфалогіі і астраноміі. Фактычна, гэта першая асобная кніга, прысвечаная помнікам астраархеалогіі Беларусі. Аўтар не толькі падсумоўвае вынікі працы сваіх папярэднікаў, але і раскрывае гістарычныя загадкі і знаёміць чытачоў з новымі адкрыццямі. Сёння сустракаецца нямала спекуляцый на тэму астраноміі ў старажытных культурах, аднак разгляданая кніга — прыемнае выключэнне. Матэрыял кнігі пераважна грунтуецца на выніках шматгадовых экспедыцый беларускай суполкі “Уфоком” з непасрэдным удзелам аўтара. Варта адзначыць уважлівую працу аўтара з крыніцамі. Звесткі маюць дакладныя спасылкі, а прапанаваныя высновы правяраліся не толькі тэарэтычна, але і непасрэдна “ў полі”. Кансультацыйную дапамогу таксама аказвалі прафесійныя гісторыкі, археолагі, астраномы.
Кніга складваецца з 2 частак, 8 раздзелаў, прысвечаных асобным астраархеалагічным помнікам (ці групе помнікаў). У якасці дадаткаў у кнізе прадстаўленыя карта каменнага комплексу на возеры Янова каля вёскі Бікульнічы Полацкага раённа і табліца са звесткамі пра валуны з ямкамі, якія даследаваліся аўтарам кнігі ў 2011—2016 гадах.
Першая частка “Солнце и Луна” прысвечаная разгляду помнікаў, за якімі ў навуковай, краязнаўчай літаратуры і ў СМІ трывала замацавалася азначэнне “астранамічная абсерваторыя”: на возеры Янова Полацкага раёна, возеры Дрысвяты Браслаўскага раёна, возеры Богінскае Браслаўскага раёна, каля вёскі Сцебіракі Вілейскага раёна. На жаль, у гэты пералік не трапілі камяні ва ўрочышчы Купа Аршанскага раёна, якія таксама даследаваліся аўтарам. Вынікі даследчыцкай працы і меркаванне аўтара пра магчымае прызначэнне камянёў таксама былі б цікавыя чытачам.
Ці не найбольшую ўвагу звяртае на сябе першы раздзел першай часткі, у якой гаворка ідзе пра знакаміты “полацкі Стоўнхэндж” на беразе возера Янова каля вёскі Бікульнічы Полацкага раёна. Аўтар абагуліў усё, што вядома пра гэты комплекс з надзейных крыніц, удакладніў недакладнасці ў публікацыях папярэдніх даследчыкаў і прапанаваў вынікі ўласных даследаванняў. Ілля Бутаў выступае за перагляд “класічнай” версіі пра прызначэнне бікульніцкіх камянёў — вызначэнне даты святкавання Купалля. Каменны комплекс нібыта паказвае на кірунак заходу сонца ў дзень летняга сонцастаяння (арыенцір — гара Валатоўка/Талкачоўка). Аднак даследаванні аўтара паказалі, што ў перыяд сонцастаяння сонца не ўзыходзіць і не сядае за вядомымі пагоркамі. Эмпірычна было вызначана, што комплекс можа паказваць на ўзыход сонца над гарой Гарадзец у дні апошняй дэкады траўня, што можа быць звязана не проста з вызначэннем даты дня летняга сонцастаяння, але пачатку больш шырокага летняга святочнага перыяду, які ў народным календары прадстаўлены Сёмухай і Купаллем.
Другі раздзел з красамоўнай назвай “Обсерватория, которой не было” прысвечаны разгляду камянёў на беразе возера Дрысвяты Браслаўскага раёна, што стаў вядомы шырокай грамадскасці дзякуючы Уладзіміру Арлову, які апісаў яго ў “Таямніцах полацкай гісторыі”. Як высветліў Ілля Бутаў, у дадзеным выпадку мы сутыкаемся з гістарыяграфічным міфам. Аўтар падрабязна паказвае, як ён стварыўся і на якіх крыніцах грунтуецца.
У трэцім раздзеле аўтар разважае пра бажніцу на выспе Богінскага возера на Браслаўшчыне, пра якую пісаў Вацлаў Ластоўскі ў сваіх “Лабірынтах”. Як і ў папярэдніх раздзелах, Ілля Бутаў паслядоўна і падрабязна аднаўляе ланцужок звестак пра гэты аб’ект, звяртаецца да археалагічных, пісьмовых і фальклорных крыніц, што дазваляе рэканструяваць магчымы правобраз богінскай бажніцы.
Чацвёрты раздзел кнігі апавядае пра каменны комплекс каля вёскі Сцебіракі Вілейскага раёна. Выявы на сакральных камянях аўтар прапануе разглядаць ў кантэксце месяцовага культу і мяркуе, што яны могуць сімвалічна пазначаць перыяды (пэўныя кропкі) месяцовага календара.
Другая частка кнігі цалкам прысвечаная вывучэнню камянёў з ямкамі, у прыватнасці, асноўная ўвага надаецца версіі пра тое, што на валунах прысутнічаюць выявы пэўных сузор’яў ці нават адлюстраваныя карты зорнага неба. Дадзеная частка даследавання пачынаецца з агляду замежнай і айчыннай літаратуры, прысвечанай камяням з ямкамі. Паказваюцца розныя падыходы да гэтых помнікаў, разглядаюцца моцныя і слабыя бакі версій пра паходжанне і прызначэнне дадзеных камянёў.
Другая частка грунтоўнага раздзела “Звезды” стала вынікам апрацоўкі звестак палявых даследаванняў 2011—2016 гадоў, падчас якіх аўтар падрабязна апісаў 37 камянёў з ямкамі ў розных рэгіёнах Беларусі. Агулам сёння ў нашай краіне вядома пра 55 валуноў з ямкамі. У ходзе экспедыцый былі выяўленыя невядомыя раней камяні з ямкамі. Аўтарам даследаваліся толькі тыя камяні, дзе было больш за дзве ямкі, што ёсць мінімальнай умовай для магчымых абрысаў аб’ектаў зорнага неба. У выяўленні сузор’яў на камянях заўжды прысутнічае суб’ектыўны фактар, таму аўтар асцярожна падыходзіць да гэтага пытання, далучае да працы прафесійных астраномаў. Прадстаўленая інфармацыя пра камяні з ямкамі на тэрыторыі Беларусі мае важнае значэнне для вывучэння дадзеных помнікаў на прасторы ўсёй Еўропы.
У выніку аўтар прапаноўвае сваё бачанне прызначэння камянёў з ямкамі, адзначае іх магчымыя сувязі з міфалагічна-касмалагічнымі ўяўленнямі нашых продкаў. Ілля Бутаў адзначае, што версія пра “зорныя карты” не супярэчыць “аграрнай” версіі, паводле якой ямкі на камянях звязаныя з культам урадлівасці. Сапраўды, салярны і мясяцовы культы, астранамічныя веды, каляндар і сельскагаспадарчы цыкл непарыўна звязаныя. Тым не менш у пытанні пра камяні з ямкамі Ілля Бутаў не ставіць кропкі. Яно ўсё яшчэ застаецца адкрытым.
Дзякуючы аўтару мы прасунуліся наперад у вывучэнні не толькі валуноў з ямкамі, але і іншых старажытных помнікаў. У выніку атрымалася вельмі цікавае гістарычна-астранамічнае апавяданне з заблытанымі сюжэтамі, якія аўтар удала разблытвае. Можна быць упэўненым, што для пераважнай большасці чытачоў кніга адкрые новыя невядомыя старонкі нашай гісторыі і культуры. Прафесійныя даследчыкі, у сваю чаргу, пазнаёмяцца з арыгінальнымі поглядамі і падыходамі. Натуральна, што прапанаваныя версіі могуць выклікаць пытанні і спрэчкі. Аднак важна тое, што аўтар паказаў праблемныя месцы і кірункі для далейшых даследаванняў у гэтай сферы. Хочацца спадзявацца, што ідэі, выказаныя аўтарам, атрымаюць наступнае развіццё не толькі ў яго іншых працах, але і ў даследаваннях паслядоўнікаў.