17 кастрычніка Гродна наведаў знакаміты беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч з канцэртам, арганізаваным у межах кампаніі “Будзьма”. Канцэрт адбыўся ў памяшканні Таварыства беларускай школы і сабраў па прыблізных адзнаках больш за сто чалавек.
Па словах арганізатараў канцэрту, гэта было адно з лепшых культурных мерапрыемстваў гораду. Ён доўжыўся больш за дзве з паловай гадзіны, якія пераўтварылі “самотных і заклапочаных беларусаў ў жыццярадасных еўрапейцаў”.
Акрамя канцэрту ўдзельнікі мерапрыемства арганізавалі конкурс пад назвай “5 беларускіх рэчаў у вашай хаце”, сярод якіх былі не толькі стандартныя “кніжкі”, “бульба”, “патэльня”, але нават і “бялізна “Мілавіца””. Пераможцы конкурсу ў якасці прызоў атрымалі кашулькі з сімволікай кампаніі “Будзьма”.
Як адзначыў сам Зміцер Вайцюшкевіч, ён атрымаў самыя лепшыя ўражанні ад канцэрту ў Гародні і лічыць, што такіх імпрэзаў, без прывязкі да пэўнага моманту, да канкрэтнай падзеі, павінна быць значна больш, бо людзі з найвялікшым задавальннем іх наведваюць і будуць наведваць надалей.
На пытанне аб паспяховасці кампаніі “Будзьма” спадар Вайцюшкевіч адказаў: “Нарвегіі спатрэбілася 30 год, каб адрадзіць нацыянальную культуру і аб’яднаць усіх нарвежцаў на падставе агульных каштоўнасцяў. Падобныя акцыі, такія як “Будзьма”, павінны ладзіцца па сталай аснове, і толькі тады яны прынясуць свой плён”.
Наступны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча мае адбыцца наступным тыднем ў горадзе Бельск Беластоцкага ваяводства ў межах фестываля беларускай аўтарскай песні “Бардаўская восень”. Сачыце за нашымі абвесткамі.