Адноўленую капліцу-пахавальню роду Ажэшкаў адкрылі ў Драгічынскім раёне

У Драгічынскім раёне завяршылася рэстаўрацыя капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 22 студзеня, піша БЕЛТА.

Kaplica-pachavalnia rodu Ažeškaŭ

Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў знаходзіцца ў старадаўнім сядзібным парку ў аграгарадку Закозель. Яна пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Будынак спалучае ў сабе рысы позняга класіцызму і неаготыкі. Супрацьаварыйныя работы ў капліцы пачалі ў 2019 годзе. У наступным годзе спецыялісты ўзяліся за рэстаўрацыю неагатычнай славутасці. Былі адноўлены дах і вежкі, чыгунныя элементы, вітражныя вокны, абноўлены фасад будынка, ранейшы выгляд вернуты брукаваным дарожкам вакол гістарычнага будынка. Рэстаўратары старанна аднавілі ўнутранае ўбранне, упрыгажэннем дэкору з’яўляецца адмысловая ляпніна.

Kaplica-pachavalnia rodu Ažeškaŭ

Усё гэта хараство зроблена рукамі таленавітых рэстаўратараў. «Будынак доўга стаяў адкрыты, па сутнасці, без даху. Калі мы сюды зайшлі першы раз, цераз скляпенне было відаць неба. На першым этапе была расчыстка завалаў, старога даху. Потым пайшлі кладачныя работы, аднаўлялі скляпенне, разбураныя вежкі, а затым перайшлі да аддзелкі», — расказаў дырэктар філіяла «Брэстрэстаўрацыя» ААТ «Белрэстаўрацыя» Аляксандр Кушнярук. Ён звярнуў увагу, што спецыялістам дапамаглі захаваныя фрагменты, старыя фатаграфіі, па якіх былі адноўлены неабходныя элементы. Напрыклад, літаральна ўвесь 2025 год рэстаўратары працавалі над дэкорам узорыстага скляпення капліцы.

Kaplica-pachavalnia rodu Ažeškaŭ

«Толькі здаецца, што аб’ект маленькі. Па сутнасці, аб’ём работы праведзены вялікі. Працавалі нашы людзі як тут, так і на вытворчай базе выраблялі сталярныя вырабы, шклілі вітражы», — адзначыў дырэктар «Брэстрэстаўрацыі». Дарэчы, аўтар капліцы-пахавальні — архітэктар Францішак Яшчалд. Ён жа прыклаў руку да праекта па будаўніцтве Косаўскага палаца.

Капліца будзе выкарыстоўвацца як шматфункцыянальная выставачная зала для правядзення выязных экскурсій і выстаў.

Kaplica-pachavalnia rodu Ažeškaŭ