Амаль 20 гадоў чакання на вяртанне доўга: род Ажэшкаў супраць князёў Вялікага Княства Літоўскага.

23.05.2025 Гісторыя
Род Ажэшкаў судзіўся з князямі Радзівіламі — прадстаўнікамі найбагацейшых магнацкіх радоў у Вялікім Княстве Літоўскім. Сума доўгу, якую Радзівілы былі вінныя Ажэшкам, па тых часах астранамічная. Гісторыя вяртання доўгу зацягнулася амаль на дваццаць гадоў. Як і чаму так адбылося, распавядае Павал Хадзінскі на Budzma.org.

Michal Stanislaŭ Ažeška
Міхал Станіслаў Ажэшка на фоне маёнтка Лахва. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Нясвіж

Уявіце сабе: ліпень 1748 года, Нясвіж, сэрца магутнага роду Радзівілаў. У спякотны дзень да гарадскога суда з’яўляюцца не абы-якія шляхцічы, а сам гетман вялікі і ваявода віленскі Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» з жонкай Францішкай Уршуляй з роду Вішнявецкіх. Яны — прадстаўнікі найбагацейшых магнацкіх радоў у Вялікім Княстве Літоўскім, з тытуламі, маёнткамі і ўладай, якой маглі б пазайздросціць заходнееўрапейскія князі. І вось гэтыя «каралі на Літве»... просяць у доўг.

І не ў караля, не ў банкіра, а ў пінскага маршалка Міхала Станіслава Ажэшкі — чалавека з дастойнай, але далёка не магнацкай сям’і. Асобна жадалася б пазначыць ролю жанчыны — Францішкі Уршулі Радзівіл: яе ўдзел і пазначэнне на дакументах паказваюць на пэўную роўнасць у прыняцці фінансавых рашэнняў у магнацкім асяроддзі Беларусі.

Да ведама: Міхал Станіслаў Ажэшка гербу Кораб — нарадзіўся каля 1670 года, суддзя Пінскага павета ВКЛ з 1697-га, маршалак таго ж павета з 1731 года, пасол на сойм у 1724 і 1726 гадах. У Драгічыне на Палессі заснаваў францішканскі касцёл і кляштар.

Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі і адзін з самых уплывовых палітыкаў XVIII стагоддзя ў ВКЛ. Меў велізарныя прыбыткі і ўладу.

Яго жонка Францішка Уршуля з роду Вішнявецкіх Радзівіл — першая жанчына-драматург у Вялікім Княстве Літоўскім. Пісала п’есы і вершы, заснавала тэатр у Нясвіжы.

Uryvak z pahadnienniaŭ Ažešak i Radzivilaŭ adnosna majontka Lachva
Урывак з пагадненняў Ажэшак і Радзівілаў адносна маёнтка Лахва. Фота: AGAD (Цэнтральны архіў гістарычных дакументаў у Варшаве)

Сума астранамічная: 200 тысячаў польскіх злотых, — для XVIII стагоддзя гэта больш чым значны бюджэт. 

Усё было зроблена па правілах: падпісаны афіцыйны закладны запіс, прызнаны ў судах Нясвіжа і Трыбунала ВКЛ. Радзівілы перадавалі ў забеспячэнне маёнтак Лахва ў Наваградскім ваяводстве. Умовы выглядаюць яснымі: калі доўг не будзе вернуты цягам года — валоданне Ажэшкі працягваецца аўтаматычна.

У сваім добраахвотным лісце-закладзе князі пішуць:

«Мы, Міхал Казімір і Францішка Уршуля з князёў Карыбутаў Вішнявецкіх Радзівілы... атрымалі і ўзялі ў доўг суму ў дзвесце тысячаў злотых польскіх у наяўнай гатоўцы і загадалі яе цалкам захаваць у нашым скарбе...»

Lachva na mapie 1613 hoda
Лахва на мапе 1613 года

І далей:

«Заклалі нашу ўласную спадчынную маёмасць пад назвай Лахва... з усімі фальваркамі, вёскамі, дварамі, гумнамі, сялянамі з жонкамі і дзецьмі, з усімі павіннасцямі, статкамі, карчмамі, чыншамі, аброкамі, грашыма, палямі ворыўнымі і нявораўнымі, лясамі, пусткамі, засеянымі жытам і яравымі, з садамі, лугамі, балотамі, вадаёмамі, азёрамі, затокамі, плацінамі, сенажацямі, а таксама з бобравымі і выдравымі ўгонкамі, з паляваннем на ўсіх звяроў, з рыбалоўствам — з усімі і кожнымі належнасцямі, нічога не выключаючы».

Так пачалася гісторыя, якая зацягнулася амаль на дваццаць гадоў.

Будзем плаціць?

Uryvak z pahadnienniaŭ Ažešak i Radzivilaŭ adnosna majontka Lachva
Урывак з пагадненняў Ажэшак і Радзівілаў адносна маёнтка Лахва. Фота: AGAD (Цэнтральны архіў гістарычных дакументаў у Варшаве)

Што прымусіла Радзівілаў прасіць грошай? Можна толькі здагадвацца: палітычныя кампаніі, утрыманне пышнага двара, можа — будоўля чарговага палаца ці стварэнне прыватнай арміі. У дакуменце князі пазначылі гэта «праз нашую надзвычайную і вострую патрэбу». Але факт застаецца фактам: грошы ўзятыя, і Радзівілы не спяшаліся вяртаць іх.

Ужо ў 1749 годзе Міхал Станіслаў Ажэшка па ўласным жаданні, як і належыць па дамове, перадае маёнтак на год у арэнду... зноў тым самым Радзівілам. Зафіксавана:

«Я, Ажэшка, перадаю, саступаю... і дазваляю Яго Мосці Навагрудскага ваяводства прыняць гэты маёнтак ва ўладанне...»

А Радзівілы абяцаюць пасля года арэнды:

«...абавязуемся зноў саступіць згаданы маёнтак Лахва, у такім самым стане, як ён быў раней... без усялякіх адгаворак, прэтэнзій або адмаўленняў».

Але «без адмаўленняў» не атрымалася.

Вы можаце запытацца — а навошта Радзівілы ўзялі свой жа маёнтак у арэнду? Міхал Казімір Радзівіл заплаціў за гэта 20 тысячаў злотых. Іншымі словамі, князі вярнулі сабе сваю ж маёмасць за дзясятую частку пазыкі і працягвалі карыстацца плённымі лахваўскімі землямі, — а маршалак пінскі заставаўся з абяцанымі, але пакуль не атрыманымі двумастамі тысячамі.

Schiema parku ŭ majontku Lachva
Схема парку ў маёнтку Лахва, выкананая ў 1730-1732 гадах прускім архітэктарам Кнакфусам для Радзівілаў. Фота: AGAD (Цэнтральны архіў гістарычных дакументаў у Варшаве)

Смерць маршалка — пачатак спрэчкі

Калі маршалак Пінскага павету Міхал Станіслаў Ажэшка памёр у траўні 1750 года, справа ўскладнілася. Яго нашчадкі — сыны і ўнукі — не атрымалі ўсе належныя сумы. Згодна з тэстаментам, доўг Радзівілаў павінны быў падзяліцца на трох нашчадкаў: Фелікса, Юзэфа і Антонія Ажэшкаў. Але, як пазней засведчыў ужо ўнук маршалка Людвік Ажэшка ў квітанцыі:

«Яснавяльможны князь быў вінны суму ў 200 тысячаў злотых... маёнтак Лахва быў дадзены ў заставу... кожны з сыноў атрымаў бы па 66 666 злотых, аднак так не сталася».

У 1756 годзе князь Радзівіл дае загад свайму аканому:

«Безумоўна выплаціць Вельмідастойнаму Яго Мосці Пану Людвіку Ажэшку суму майго доўгу, разам з належнай надбаўкай, якая агулам складае 110 тысячаў і яшчэ дзевяць злотых польскіх».

Uryvak z pahadnienniaŭ Ažešak i Radzivilaŭ adnosna majontka Lachva
Урывак з пагадненняў Ажэшак і Радзівілаў адносна маёнтка Лахва. Фота: AGAD (Цэнтральны архіў гістарычных дакументаў у Варшаве)

Расплата часткамі, або Як не вяртаць сто тысячаў гадамі

У 1757 годзе князь Радзівіл Рыбанька, ужо ўдаўцом, заключае канвенцыю з нашчадкамі маршалка Ажэшкі. У тэксце запісана:

«Я, князь Радзівіл... прызнаю, што з 110 тысячаў злотых... 29 732 злотых і 26 грошаў я ўжо выплаціў Яну Ажэшку (аднаму з унукаў Станіслава Міхала) ...а астатак — 80 тысячаў злотых — яшчэ належыць яму і яго родным».

Узамен, каб скасаваць папярэдні заклад на ўвесь маёнтак, князь абяцае новы заклад на палову Лахвы. Ажэшкі пагаджаюцца, але абавязваюць князя:

«...прызнаць гэтае права асабістай яўкай у Магдэбургскім судзе Нясвіжа...»

Але і пасля гэтага Ажэшкі працягваюць чакаць. Нават у 1760 годзе прадстаўнік князя Радзівіла піша Ажэшкам:

«Хоць Вельмідастойны Пан і атрымаў асігнацыю, аднак па ёй яшчэ сумы не атрымаў... таму ўся сума, апісаная ў канвенцыі, належыць яму ў поўным аб’ёме».

Што можна было набыць за 200 тысячаў злотых

Сярэдні шляхецкі маёнтак з некалькімі вёскамі, фальваркам і 20-50 сялянскімі дварамі — каштаваў 30-100 тысячаў злотых. Адпаведна можна было стаць уласнікам ад 2 да 6 не самых буйных маёнткаў.

У другой палове XVIII ст. набыццё палаца ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні — магло каштаваць каля 50-120 тысячаў злотых, у залежнасці ад велічыні і абсталявання.

А вось, напрыклад, імпартнае якаснае віно магло быць пастаўленае ў колькасці 2000-2500 бочак.

Uryvak z apisannia zamka Lachva 1764 hoda
Урывак з апісання замка Лахва 1764 года. Фота: AGAD (Цэнтральны архіў гістарычных дакументаў у Варшаве)

Канец гісторыі?

Гісторыя завяршылася тым, што Ажэшкі чарговы раз дабіліся афіцыйнага прызнання доўгу, атрымалі частку грошай, правы на маёнтак і нават забяспечылі перадачу правоў у наступныя пакаленні. Але поўны доўг быў выплачаны толькі праз амаль дваццаць гадоў — і тое часткамі, праз арэнды, перадачы правоў, судовыя акты і шматлікія звароты.

Бадай што, канчатковы разлік стаўся ўжо пасля смерці Радзівіла «Рыбанькі» ў 1762 годзе, калі яго спадкаемцы споўнілі свае абавязкі. З захаваных актаў відаць: у 1770-х Ажэшкі ўжо не значацца сярод крэдытораў Лахвы. Ці то нарэшце атрымалі свае 80 тысячаў злотых, ці то саступілі іх у залік на новыя палітычныя паслугі — дакладна сказаць цяжка.

Сёння, калі мы разглядаем гэтыя дамовы, мы бачым не толькі лічбы і подпісы. Мы бачым тагачасны свет — з яго супярэчнасцямі і жывымі людзьмі.

Rynak u Lachvie ŭ 1937 hodzie
Рынак у Лахве ў 1937 годзе. Фота: архіўнае фота

Павал Хадзінскі, budzma.org