Аляксей Гайдукевіч разважае на budzma. by пра абрысы магчымай будучыні, якая чакае нас пасля заканчэння каранавіруснай пандэміі.
Мы шмат разоў чулі, што любыя крызісныя сітуацыі — гэта магчымасць для развіцця і назапашвання станоўчага досведу.
Сапраўды. Войны, эпідэміі, эканамічныя выпрабаванні заўжды не толькі неслі гора і страты, але і дапамагалі асобным сацыяльным групам, нацыям альбо людзям ці кампаніям здзейсніць якасны скачок на прыступку вышэй. У абсалютна розных сферах жыцця. Ад вынаходніцтва новага віду ўзбраенняў да лекаў ці звычайнай бытавой рэчы.
Добрай, актуальнай і сёння, ёсць гісторыя антыбіётыкаў, праца над стварэннем якіх вялася амаль сорак гадоў. Ад тэарэтычнага абгрунтавання да шырокага прымянення, якое фактычна пачалося падчас Другой сусветнай вайны.
Менавіта тыя трагічныя падзеі сталіся паскаральнікам працэсаў у навуковых колах, што дазволіла арганізаваць масавую вытворчасць такіх неабходных лекаў.
Якой бы ні была прырода сённяшняга крызісу, відавочна, што мы сутыкнуліся з вельмі сур’ёзнымі выпрабаваннямі. Першы раз пасля Другой сусветнай вайны межы краін закрытыя для вольных падарожжаў, у вялікай колькасці дзяржаў абмежаваны гандаль, прастойвае сфера паслуг. Што ўжо прывяло да экананамічных стратаў. А Міжнародны валютны фонд не так даўно папярэдзіў аб спыненні сусветнай эканомікі.
Невядома пакуль, колькі можа працягнуцца актуальны стан і наколькі адмоўна ён паўплывае на аднаўленне эканамічнай актыўнасці.
Сапраўднай панацэяй для паляпшэння попыту і далейшай трансфармацыі і эвалюцыі былой мадэлі могуць стаць станоўчыя змяненні і паскарэнне тэхналагізацыі ва ўсіх сферах жыцця, якія могуць быць справакаваныя сённяшнім крызісам.
Магчымыя трансфармацыі
Давайце паспрабуем зазірнуць у будучыню і падумаем, якія змены могуць нас чакаць ужо заўтра.
Вельмі актуальнай сёння становіцца так званая тэлемедыцына, пра якую згадвае аўтар у публікацыі на сайце Forbes. У шырокім разуменні гэта дыстанцыйная медыцына, сутнасць якой заключаецца не толькі ў кансультацыях ці пастаноўцы дыягназаў па тэлефоне (праз інтэрнэт), што можа зрабіць меншым сабекошт медычных паслугаў.
Наступным крокам у развіцці такой тэхналогіі можа стаць шырэйшае прымяненне дыстанцыйнага кантролю за станам пацыента, калі інфармацыя пра яго перадаецца на сервер з датчыкаў на целе чалавека.
Такога кшталту паслугі ўжо аказваюцца ў некаторых краінах, у першую чаргу для кантролю за людзьмі старэйшага веку, якія маюць хранічныя хваробы.
Ужо цяпер яны пашыраюцца ў перыяд фатальнай загружанасці медычных устаноў.
Відавочныя змены на нашых вачах адбываюцца і ў раздробным гандлі, які таксама адчуў нечуваную дасюль нагрузку па ўсім свеце. У першую чаргу гэта тычыцца дастаўкі тавараў спажыўцам, попыт на якую сёння вырас у некалькі разоў.
Нават такі гігант, як Amazon быў вымушаны перайсці на гандаль толькі таварамі «першай неабходнасці» праз недахоп кур’ераў і транспарту. Што ўжо казаць пра беларускі сэрвіс «E-дастаўка», які быў амаль паралізаваны.
Гэтыя выклікі, а таксама недахопы алгарытмізацыі ў лагістыцы і рэагаванні на рэзкае падвышэнне попыту на асобныя групы тавараў ужо сёння вымушаюць кампаніі распрацоўваць новыя варыянты па пашырэнні выкарыстання дронаў альбо беспілотных аўтамабіляў.
Яшчэ адзін кірунак — развіццё дыстанцыйных дзяржаўных паслугаў і перавод большасці з іх у анлайн.
Гэты крок дазволіць не толькі эканоміць час і паскорыць шмат працэсаў, але і ашчадзіць бюджэтныя сродкі і выкарыстоўваць працу дзяржаўных клеркаў больш эфектыўна. У развіцці такіх паслугаў Беларусь відавочна саступае большасці суседніх краінаў.
Новым фарматам і крыніцай павелічэння прыбыткаў у забаўляльнай сферы (спорт, культура) можа стаць больш шырокае прымяненне анлайн-тэхналогій. Прыклад беларускага футболу, якім «раптам» зацікавіліся сотні тысяч аматараў спорту з усяго свету, можа натхніць не толькі спартыўныя федэрацыі, але і беларускія тэатры, музеі і г. д.
Ці скарыстаецца беларускі спорт хвілінай славы?
Ужо цяпер анлайн-спектаклі Купалаўскага тэатра збіраюць немагчымую для будынка тэатра аўдыторыю ў 20 тысяч гледачоў.
Рост папулярнасці такога напрамку, пры правільным падыходзе маркетолагаў, можа прынесці добрыя грошы пры невялікіх выдатках.
Магчыма, сённяшнія падзеі могуць не толькі падштурхнуць да змены традыцыйных формаў забаўляльнай індустрыі, але і стварыць новыя, арыентаваная на большую тэхналагічнасць і ахоп сусветнай аўдыторыі.
Рэвалюцыя ў IT
Усё большая частка працоўных функцый з часам будзе выконвацца па-за офісамі і канторамі. Аўтаномная праца з развіццём віртуальнага кантролю за якасцю і аб’ёмамі работ дазволіць працадаўцам эканоміць на арэндзе памяшканняў і забеспячэнні дзейнасці офісаў. Меншыя плыні пасажыраў і карыстальнікаў аўтатранспарту (дастаўка тавараў дронамі і адсутнасць неабходнасці прысутнічаць у офісах часткі супрацоўнікаў) могуць прывесці да змянення транспартных сістэм гарадоў і цэлых рэгіёнаў.
Магчыма, зменяцца і мадэлі архітэктурнай забудовы. Бо меншай будзе патрэба ў офісных будынках, гандлёвых цэнтрах. На іх месца прыйдуць лакальныя лагістычныя пункты.
Замест шматкватэрных дамоў, якімі забудаваныя спальныя раёны і цэнтры гарадоў, больш актуальнымі могуць стаць загарадныя, прыватныя. Не толькі праз змены на рынку працы, у сферы дастаўкі тавараў і забаўляльнай індустрыі, але і праз трансфармацыю сацыяльных роляў у грамадстве, папулярызацыю так званага «сацыяльнага дыстанцыявання».
Аўтар публікацыі Forbes адзначае перспектыўную будучыню для тэхналогій захоўвання вялікіх аб’ёмаў дадзеных і кантролю за карыстаннем імі. Блокчэйн, які большасць звязвае толькі з крыптавалютамі, можа стаць той універсальнай сістэмай, якая пазбавіць свет неабходнасці мець вялікія і энергазатратныя дата-цэнтры з вялікай колькасцю персаналу.
Напэўна, прынцып захоўвання дадзеных дзякуючы рэсурсам карыстальнікаў сетак блокчэйн распаўсюдзіцца амаль на ўсе сферы працы з вялікі дадзенымі (big data). I мы знаходзімся на парозе рэвалюцыі і ў інтэрнэт-бяспецы. Бо інфармацыю, якая размеркаваная па камп’ютарах ва ўсім свеце (адзін з галоўных прынцыпаў блокчэйну) амаль немагчыма скрасці ці выкарыстаць не па прызначэнні, патаемна ад аднаго з зацікаўленых бакоў альбо ўласнікаў.
Пра магчымую накіраванасць дзяржаваў на трансфармацыю IT-сферы і ўсё большую яе ролю ў жыцці можа сведчыць актывізацыя сустрэч еўрапейскіх чыноўнікаў з прадстаўнікамі буйных кампаній (Facebook, Google), якраз напярэдадні крызісных падзей 2020 года. Як адзначаецца ў публікацыі New York Times, еўрапейцы дамаўляюцца пра большае рэгуляванне сферы працы са штучным інтэлектам лідарамі сусветнага інтэрнэт-рынка.
Магчыма, Брусэль і асобныя дзяржавы ЕС вырашылі зарэгуляваць дзейнасць прыватных IT-кампаній напярэдадні рэвалюцыйных і скачкападобных трансфармацый.
Адмоўны бок трансфармацый
Нельга не ўлічваць магчымыя адмоўныя наступствы будучых трансфармацый. Галоўная, пра якую папярэджваюць у СМІ, — усталяванне татальнага кантролю дзяржавы за грамадзянамі, які не будзе поўнасцю скасаваны пасля спынення каранціну.
Не сакрэт, што ў і Кітаі пад час каранціну дзяржаўныя органы выкарыстоўвалі мабільныя тэхналогіі для адсочвання перамяшчэнняў грамадзян. Улады Масквы ўжо анансавалі рэалізацыю падобнай да кітайскай праграмы па атрыманні анлайн-дазволаў на перамяшчэнне для грамадзян. Невядома, ці будуць яны ўведзеныя, але ў прэсе пішуць, што для атрымання дазволу трэба будзе накіроўваць заяўку на спецыяльным сайце. Пасля атрымання QR-кода на мабільны тэлефон грамадзянін мае права перасоўвацца па горадзе толькі са смартфонам з электронным дазволам і асабістым дакументам.
Іншы магчымы адмоўны момант — манапалізацыя гандлю буйнымі кампаніямі, якія будуць мець больш магчымасцяў для развіцця лагістычных сетак, выкарыстання дронаў, беспілотнага аўтатранспарту. Такога кшталту тэхналагізацыя можа забіць невялікія мясцовыя крамы, якія не вытрымаюць канкурэнцыі. Што пасля дазволіць манапалістам дыктаваць цэнавую палітыку на рынку.
Такім чынам, выклікам можа стаць не толькі сам факт крызісу, але і наступствы, звязаныя са зменамі ў сферы бізнесу і забеспячэння бяспекі з боку дзяржавы.
Трансфармацыі, якія могуць дазволіць надаць рух эканоміцы ці палепшыць быт людзей, лёгка скарыстаць для адмоўных і шкодных мэтаў. Асабліва ў крызісныя моманты.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!