«Народная Воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра паэта — Вінцэся Каратынскага.
Вінцэсь Каратынскі (15 жніўня 1831 г. — 7 лютага 1891 г.)
Нарадзіўся ў вёсцы Селішча Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён) у беднай сялянскай сям’і. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам, потым дапамагаў У.Сыракомлі перапісваць творы. З сярэдзіны 1850-х гадоў на старонках віленскіх газет і часопісаў пачынаюць з’яўляцца яго польскія вершы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, а таксама пераклады з французскай, рускай і чэшскай моў (перакладчык перапісваўся з чэшскім грамадскім дзеячам Вацлавам Ганкам). Сумесна з У.Сыракомлем перакладаў песні П.Ж.Беранжэ, якія ў 1859 годзе выйшлі ў Вільні асобнай кніжкай.
Арыгінальная творчасць В.Каратынскага дзеліцца на беларускую і польскую часткі. З беларускай да нас дайшлі толькі тры вершы: «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела!», прыкладзены да віленскага «Альбома» ў гонар Аляксандра II ад імя «літоўска-рускай мужыцкай грамады», лірычная «Туга на чужой старане», выкліканая, відаць, ад’ездам з Вільні ў Варшаву, і вершаваны запіс у «Альбоме» А.Вярыгі-Дарэўскага, зроблены ў Вільні ў кастрычніку 1858 года. Першы з гэтых твораў доўга лічыўся «згодніцкім», вернападданніцкім у адносінах да царскага самаўладдзя. Аднак пры больш уважлівым аналізе аказваецца, што аўтар хацеў выказаць найяснейшай асобе сялянскую крыўду на цяжкае жыццё ў «цёмнай святліцы», звярнуць грамадскую ўвагу на набалелыя праблемы.
Польская частка творчасці В.Каратынскага больш багатая і разнастайная. У яе ўваходзяць вершаваны зборнік «Чым хата багата, тым рада» (1857) з прадмовай У.Сыракомлі, паэма «Таміла» (1858), дыдактычная гутарка «Выпіў Куба да Якуба» (1859), скіраваная супраць злоўжывання алкаголем у вёсках (тады паўсюдна ў Беларусі і Літве закладваліся гурткі цвярозасці, якія пераследаваліся ўладамі). У іх сялянскае жыццё паказана з пункту гледжання сялян.
Аднак у гэтых зборніках асаблівую каштоўнасць маюць не самі вершаваныя тэксты (у майстэрстве Каратынскі саступаў Сыракомлю), а празаічныя каментарыі да іх. У падрабязных тлумачэннях выказаны сур’ёзныя думкі аб прызначэнні літаратуры і мастацтва ў грамадстве. Да прыкладу, у каментарыях да паэмы «Таміла» аўтар патрабуе дзейсных, актыўных узаемаадносін паміж мастацтвам і жыццём.
Сына селяніна з Селішчаў можна лічыць пачынальнікам новай, дэмакратычнай і рэалістычнай, эстэтычнай думкі ў гісторыі літаратуры Беларусі.
Ратуючыся ад магчымых рэпрэсій пасля паражэння паўстання 1863 года, В.Каратынскі пераехаў з Вільні ў Варшаву, дзе амаль 30 гадоў плённа працаваў у самых папулярных газетах і часопісах. Большасць яго артыкулаў, натуральна, прысвечана родным мясцінам, інтэлектуальнаму жыццю ў Вільні і Навагрудку.
У гэты час ён напісаў і надрукаваў некалькі кніг па гісторыі культуры, выдаў дзесяцітомны збор твораў свайго настаўніка У.Сыракомлі. У журналістыцы плённа працавалі яго сыны і ўнукі.
Памёр і пахаваны ў Варшаве.