У сярэдзіне XVIII ст. з’яўляецца новы варыянт карты ВКЛ, больш дасканалы за Радзівілаўскую мапу, створаную за 150 год да гэтага. Яе аўтар — езуіт са Слуцка Ян Няпрэцкі. Пра яго амаль нічога невядома: нават партрэту няма. Навошта складалася карта? З дапамогай якіх тэхналогіяў? Да чаго тут палітыка?
Пра ўсё гэта — у кнізе «Ян Няпрэцкі і карта Вялікага Княства Літоўскага», якая выйшла ў Вільні сёлета. Яе стваральнікі — сябры праекта Imago.by: даследчык Аляксей Адамовіч, рэдактар і натхняльнік Ілля Андрэеў. Кніга альбомнага фармату, мелаваная папера, мноства выяваў, цвёрдая вокладка і нават — чырвоная стужка-закладка.
Антыкварны дэтэктыў для Эка ці Браўна
Год таму мы ўжо пісалі пра выданне кнігі Станіслава Александровіча па картаграфіі ВКЛ. Праца Александровіча — грунтоўнае, але агульнае даследаванне. Тут жа — цэлая кніга, прысвечаная адной карце і яе аўтару. Зноў картаграфічная тэма прадстаўленая як дэтэктыў: вузел загадак, якія, старонка за старонкай, разблытвае аўтар.
Кніга акадэмічная, але нагадвае антыкварны дэтэктыў у стылі Умберта Эка ці Дэна Браўна. Прынамсі, на яе аснове варта было б напісаць нешта падобнае: матэрыял таго варты. Няма яснасці ані з біяграфіяй аўтара, ані з яго імем (Nieprecki/Nieprzecki), ані з яго партрэтам, які дагэтуль не знойдзены. Чаму немцы не змясцілі на выданні Пагоню? Ці разлічыліся з аўтарам? Наколькі можна верыць нат’ некралогу, напісанаму па смерці Няпрэцкага?..
Увесь час гісторыі з картай Няпрэцкага таварышуе гісторыя Радзівілаўскай карты 1613 года — найбольш грунтоўнай картаграфічнай крыніцы на тэму на свой час. Аўтар разбіраецца, ці была карта яе копіяй, дапоўненай копіяй або — цалкам самастойным творам, створаным у пэўным сэнсе насуперак колішняму бачанню прасторы ВКЛ.
«Рускі, добрага здароўя…»
З таго, што вядома, Ян Няпрэцкі нарадзіўся на пачатку XVIII ст. на Случчыне. Вучыўся ў кальвіністаў, пасля — трапіў да езуітаў, так было можна. З 1745-га ў сане святара (pater). Аказаўся таленавітым навукоўцам, таму ў наступным выкладаў і працаваў у Плоцку, Ломжы, Нясвіжы ды Гродне.
Няпрэцкі памёр у 1749 (1750?) годзе. У некралогах чытаем, што ён быў «рускі, здароўя добрага». Таксама бачым, што быў здольным у матэматыцы, мастацтвах, рыторыцы ды меў пачуццё гумару. Езуіцкія некралогі — асобны клубок загадак, бо часам яны пісаліся пад капірку, часам — індывідуальна. Варта параўнаць некалькі, каб дакапацца да праўды.
Езуіты і картаграфія — асобны цікавы кейс. Ордэн быў магутнай рэлігійна-палітычнай структурай, якая рабіла стаўку на навуку, бюракратыю і — татальны кантроль. На службе ордэну былі найбольш адукаваныя людзі свайго часу, якія чыталі не толькі папскія булы, але і прасунутыя навуковыя працы ў дакладных навуках. Такія сабе «айцішнікі» свайго часу.
Для чаго геаграфія езуітам? Гэта таксама пра кантроль. Менавіта езуітам належаць найлепшыя апісанні Кітая, Японіі, Лацінскай Амерыкі і, канечне, Еўропы. Па-першае, па закону літары, напісанае — існуе. Як ты апішаш усё навокал, так яно і будзе выглядаць. Гэта гісторыя пра стварэнне карціны свету для адукаваных людзей Еўропы. А яшчэ — карта, на якую можна накладаць місійную дзейнасць, будаўніцтва кляштараў, друкарняў і касцёлаў.
Куды зніклі «дужыя людзі з моцнымі рукамі»?
Зоркі сышліся. Карта ВКЛ спатрэбілася нямецкаму выдавецкаму таварыству «Спадкаемцы Гомана». Гоман быў закладальнікам справы, пасля бізнес перанялі яго нашчадкі. Гэта быў не столькі навуковы, колькі камерцыйны праект: адукаванаму чалавеку ў Еўропе патрэбныя былі карты і глобусы, як сёння нам у мабільніку патрэбны дадатак Google-maps. «Спадкаемцы» акурат яго і рабілі.
Замова зробленая — яе даручылі Няпрэцкаму. Той выканаў, і ў 1747–1748 гадах скончыў карту. Прычым, верагодна, працуючы ў Гарадзенскім езуіцкім калегіюме (зараз там СІЗА ў Гродне). Немцы пераследавалі свае мэты, Няпрэцкі — свае. Не ўсе пажаданні аўтара былі задаволеныя.
Напрыклад, картограф прапаноўваў аздобіць карту малюнкамі мядзведзяў, тураў, кабаноў, сарнаў… Таксама — «людзей моцнай постаці, дужых і з моцнымі рукамі (якіх гадуе гэтая Зямля)». Яшчэ — гербам «Пагоня», які Няпрэцкі дэтальна апісвае. Прагматычныя немцы ўсё гэта праігнаравалі: па баках мапы адно барочныя завітушкі.
Карта з’явілася ў 1749-м нават без… імя аўтара. Былі нейкі сумневы пра якасць працы, навеяныя расійскімі географамі, таму мы нават не ведаем, як праца была аплочаная і на чым бакі разышліся. Пагоня і імя ўрэшце з’явіліся на наступных перавыданнях карты, да якіх Няпрэцкі не дажыў.
Sielub, Bytyn, Rosa…
З цікавостак кідаецца ў вочы, што на карце няма Белавежскай пушчы ды лясоў Палесся. Чаму? Верагодна, гэта ідэалагічны момант. Няпрэцкі хацеў зламаць перакананне, пашыранае на Захадзе, што ВКЛ — татальна зарослая пушчамі непраходная краіна. Тут ёсць момант рэкламы і прэзентацыі сваёй Радзімы: сюды можна інвеставаць, будаваць, ехаць.
Дзякуючы спецыяльным пазнакам мы бачым, якія тыпы населеных пунктаў існавалі: вёска, манастыр, мястэчка, горад, вялікі (павятовы) горад ды — сталічны горад. Калі вёсак на карце 437, то манастыр толькі адзін. Сталіцаў — чатыры. Пазнакі населеных пунктаў нечым нагадваюць раннія камп’ютарныя гульні ў стылі «Варкрафту»: магчыма, эстэтыку Няпрэцкага нехта выкарыстаў бы для айчыннай гульні-стратэгіі?..
Яскравы доказ таго, што Няпрэцкі не капіяваў Радзівілаўскую карту, але ствараў новы прадукт — гэта абноўленыя назвы гарадоў і мястэчак, якіх мы не знойдзем на «Радзівілаўцы». Зірніце на новыя назвы толькі ў Наваградскім павеце: Sielub (Уселюб), Pohost (Пагост), Bytyn (Быцень), Katztowiczy (Казловічы) ды інш. Некаторыя так і засталіся неразгаданымі: Oresa, Rosa, Kalenik, Kozmin.
Панятоўскі, «ракета Ростана» і эксперыменты на сконе Рэчы Паспалітай
Другое жыццё карта атрымала ўжо пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім. Манарх аказаўся фанатам навукаў агулам ды картаграфіі ў прыватнасці. Захавалася яго цытата з 1794 года: «Калі б у мяне былі дыяманты, то я б лепей падарыў іх, чым тыя карты, якія ёсць плодам маіх 20-гадовых намаганняў».
Панятоўскі не шкадаваў грошай на навуку. Таму вырашыў «абнавіць» карту Няпрэцкага: высылаў экспедыцыі для актуалізацыі мапы дарогаў і населеных пунктаў. Мясцовыя ўлады атрымлівалі ад караля лісты з просьбай усяляк дапамагаць навукоўцам. Так, у пазнейшых варыянтах карты мы ўжо бачым Скідаль, Індуру, Адэльск ды інш.
У кнізе згадваецца і такая гісторыя: Панятоўскі даў дабро на эсперыментальны варыянт удакладнення даўгаты на карце з дапамогай «ракетаў Ростана». Ракета запускалася ў пэўным месцы ўначы, а з вакольных кропак яе мелі назіраць удзельнікі даследавання ды — фіксаваць час і вышыню. Так, у 1772-м Ростан запусціў сваю ракету ў Гродне.
Гучыць цалкам фантастычна. Рэч Паспалітая дажывае апошнія дзесяцігоддзі. У тым жа 1772-м адбываецца першы падзел краіны. Наперадзе крах, акупацыя, «Маўклівы сойм», ссылка самога Панятоўскага, Паўстанне Касцюшкі… А ў начным небе над Гроднам падымаецца ракета, якую назіраюць і фіксуюць калегі Ростана ў Котры, каб стварыць максімальна дакладную карту краіны.
Ростан меў вялікія планы з саліднымі каштарысамі (3000 залатых дукатаў на год), але ім быў ужо не лёс здзейсніцца. У 1773-м Ордэн езуітаў у краіне таксама быў ліквідаваны. Зрабіўшы тое, што мог, Ян Няпрэцкі ўсяго гэтага ўжо не пабачыў.
***
Кнігу «Ян Няпрэцкі і карта Вялікага Княства Літоўскага» можна замовіць па спасылцы.
Дастаўка ажыццяўляецца па ўсім свеце.
Алесь Кіркевіч, фота Imago.by і аўтара