Пісьменнік Алесь Кіркевіч разглядае на budzma.by манаграфію Станіслава Александровіча «Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад XV да сярэдзіны XVIII стст.», якая нядаўна выйшла з друку.
Нават апантаныя гісторыяй беларусы часта грэбуюць картаграфічнай спадчынай. Маўляў, мапы — усяго толькі экстэр’еры для гістарычных падзеяў. Хай імі займаюцца адмыслоўцы. Меркатар, Вапоўскі, Макоўскі — прозвішчы, якія не кажуць нам анічога. Мабыць, пазнаем адно Пталамея, ды і тое ў антычным, а не беларускім, ключы.
Каманда, якая сабралася вакол пляцоўкі Imago.by, узялася змагацца з гэтай несправядлівасцю. Вынік — выданне вялікай, альбомнага фармату, манаграфіі Станіслава Александровіча «Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад XV да сярэдзіны XVIII стст.». Хто такі Александровіч? Выбітны польскі навуковец, які спецыялізаваўся на картаграфіі, прычым акурат Вялікага Княства. Паходзіў з Віленшчыны, з рэпрэсаванай сям’і. Апынуўся ў Польшчы, дзе падхапіў штандар у даследчыкаў тэмы старэйшага веку.
Такога ўзроўню профі ў самой Беларусі не было і пакуль няма. На жаль, Александровіч не дажыў на выдання сваёй працы па-беларуску, памёр у 2015-м.
OCEANVS SARMATICVS, «гідра-метро», рыцары ў беларускіх пушчах
Нягледзячы на храналагічныя рамкі, пазначаныя ў назве кнігі, аповед пачынаецца яшчэ з антычнасці — з таго самага Пталамея. Паводле грэцкага навукоўца, нашы продкі жылі на беразе «Сармацкага акіяна», OCEANVS SARMATICVS — іншая назва сённяшняй Балтыкі. Айчынны міф пра сарматаў і Сарматыю, скарыстаны шляхтай Рэчы Паспалітай, ідзе акурат з геаграфічных апісанняў тых часоў.
Беларусі не пашчасціла: не маем выхаду да мора. Ёсць пара вялікіх рэк, і тое добра. Варта разумець, што доўгі час географы гралі акурат ад воднай прасторы. Вялікія, часцяком слаба заселеныя, кавалкі сушы так і заставаліся для еўрапейцаў terra incognita ажно да Новага часу. Адсюль на старадаўніх мапах прота-Беларусь бывае пакрытая не толькі лясамі, але і горамі (паводле антычнага канону, рэкі выцякаюць з гораў). Нехта сказаў, нехта запісаў — так і пайшло...
«Сармацкі акіян» на мапе Пталамея
Іншая рэч з гідронімамі: на старых мапах яны як галіны метро, на якіх трапляюцца прыпынкі-гарады. Што там углыб тэрыторыі? Хто яго ведае. Ды і навошта: увесь тавар мясцовы люд данясе на транспартны шлях, на прыпынак таго «гідра-метро». Значэнне тагачасных мапаў — утылітарнае, гандлёвае, палітычнае. Навуковая цікавасць да «іншага» прыйшла значна пазней. Яшчэ адзін функцыянал картаграфіі — шпіёнская справа, ваенная. Так паўсталі крыжацкія рукапісныя тэксты з маляванымі ад рукі схемамі ў часы войнаў Ордэна з ВКЛ. Які-небудзь рыцар з Бургундыі, «госць» Тэўтонскага ордэна, мог у пачатку XV ст. прабірацца праз нашы пушчы, занатоўваючы падарожныя вёскі, двары, вывучаючы тапаграфію. Тады яго запісы мелі ўтылітарны характар, сёння гэта важная крыніца для даследчыкаў ранняга Вялікага Княства.
Картаграфія ВКЛ. Ад аб’екта да суб’екта
Станіслаў Александровіч, безумоўна, пісаў кнігу з пазіцыяў польскай гістарыяграфіі. Таму на старонках багата адпаведных тэрмінаў: «польскі», «старапольскі». Разам з тым ён справядліва сведчыць пра стан картаграфіі ў нас, на месцы. Апісвае пераход ВКЛ ад аб’екта даследаванняў да суб’екта. Спачатку чужынцы апісвалі і малявалі Літву, пазней — калі ў нас з’явілася свая інтэлектуальная база — мы самі адкрывалі свету сябе і наваколле.
Шмат якія веды пра геаграфію Масковіі з’явіліся на руках у еўрапейцаў дзякуючы нашым продкам. Раней вялізныя ўсходнія тэрыторыі маглі маляваць як бязмежную «Тартарыю» з намётамі-кібіткамі і капілярнай сеткай рэк. Пазней, дзякуючы гандлёвым кантактам і маскавітам-уцекачам у ВКЛ, з’явіліся апісанні і нават падрабязныя мапы Масквы. Такія «ўцечкі» маскавіты маглі трактаваць як «шпіянаж», але калі б не яны, сёння расійскія гісторыкі не мелі б шмат якога матэрыялу пра мінулае сваёй радзімы.
«Радзівілаўская мапа» Тамаша Макоўскага, 1613 год.
Вяршыня картаграфіі ВКЛ — так званая «Радзівілаўская мапа». Яна была створаная ў Нясвіжы на замову Мікалая Радзівіла Сіроткі. У пэўным сэнсе гэта быў лоск, прэстыж, статус — той самы пераход ад аб’екта да суб’екта. Калі ты (ці нехта пад тваім кіраўніцтвам) малюеш сябе і свет, то робішся творцам. Радзівілы і тут не ўпусцілі свайго шансу ўвайсці ў гісторыю.
Паводле Александровіча, на піку картаграфія ВКЛ не саступала не толькі польскай, але і агульнаеўрапейскай, калі не браць пад увагу такіх гігантаў, як Фландрыя, Нідэрланды, заходнія княствы Нямеччыны. Зноў жа, не будучы напоўніцу марской дзяржавай, ВКЛ фактычна і не мела патрэбы ў найлепшай картаграфічнай школе. Тая, якая была створаная, цалкам задавальняла патрэбы часу.
Картаграфічны дэтэктыў
Дык чаму ж «картаграфічны дэтэктыў»? Нягледзячы на навуковасць манаграфіі, у тэксце багата пытальнікаў. Лацінамоўная назва горада адпавядае рэальнаму месцу ці гэта ўсяго толькі каментар да малюнка ўбаку? Якія звесткі аўтар здабываў самастойна, а што пазычыў у папярэднікаў? Ці рэальна аднавіць загінулую мапу па пазнейшых працах картографаў, якія карысталіся ёй як першакрыніцай?
Маскавіты з галандскай мапы Расеі, 1614 год
Атрымліваецца складаны клубок, які ўсё жыццё разблытваў Станіслаў Александровіч. Калі гартаеш старонкі кнігі і блок з рэпрадукцыямі, не адпускаюць думкі: ці гэта антыкварны дэтэктыў у стылі Умберта Эка, ці «Уладар пярсцёнкаў» Толкіна (Ангмар, Рохан, Імглістыя горы, Мёртвыя балоты)?..
Картографы старадаўніх часоў пакінулі нам багата загадак, суправаджаючы іх карцінкамі-падказкамі: вось Жыгімонт сядзіць на троне, вось паганскі стод з агнём і змеямі, вось вершнік на кані змагаецца з турам, а тут — паруснікі-віціны, якія гойсалі па Нёмне з даўнейшых часоў ажно да пачатку ХХ стагоддзя. Свае загадкі і пытальнікі аўтар пакінуў нашчадкам. Будзем спадзявацца, што сярод беларусаў выспеюць знаўцы, якія працягнуць ягоную справу.
Алесь Кіркевіч, budzma.by