Пра каранавірус для дзетак: проста і з малюнкамі

Як дапамагчы дзеткам спакайней перанесці каранавірусную навалу, знізіць іх трывожнасць і ў той жа час нагадаць аб правілах бяспекі, якіх варта прытрымлівацца, каб не захварэць?

Дапамогай бацькам у гэтай справе стане выдадзеная цэнтрам «ЭкаЖыццё» разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» казка-размалёўка «Робі і Злюка ў Кароне» для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

вокладка_3_3.jpg


Арыгінальны тэкст быў напісаны ўкраінскай пісьменніцай Галінай Будзілёвай, а мастацкае аздабленне зрабіла Вольга Ранёва. Па-беларуску кніга загучала дзякуючы вядомаму паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу.

У кніжцы-размалёўцы ў вельмі простай і забаўляльнай форме распавядаецца, што такое вірусы, чаму каранавірус небяспечны і што трэба рабіць, каб мінімізаваць магчымасць ім заразіцца.

«І для кампаніі "Будзьма!", і для цэнтра вольнага часу дарослых і дзяцей «ЭкаЖыццё» гэты праект цалкам сацыяльны, бо важна, каб як мага болей дзетак даведалася пра тое, як паберагчы сябе і сваіх блізкіх», — гавораць ініцыятары выдання.

Кнігу абсалютна бясплатна можна спампаваць тут.

А наклад у 1000 асобнікаў будзе перададзены ў дзіцячыя садкі, бібліятэкі і культурніцкія асяродкі Беларусі, з якімі супрацоўнічае кампанія.