Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Як змянілася знешняя палітыка суседзяў пасля разгромнай паразы войска ВКЛ над ракой Стрэве ў 1348 г.? Чаму польскі кароль захацеў напасці на дзяржаву нашых продкаў? Якім чынам род Гедымінавічаў супрацьстаяў гэтым навалам? Што змусіла Кейстута даць «хітрую» прысягу Папу Рымскаму і на якой мове яна была прамоўлена? Як яна дапамагла ўратаваць ВКЛ ад вайсковага сутыкнення?
Гісторык Алесь Краўцэвіч распавядае ў чарговым відэа амаль невядомыя раней факты з айчыннай гісторыі.
Расшыфроўка відэа
Пасля сур’ёзнай паразы ліцвінскіх войскаў ад крыжакоў над ракой Стрэве ў 1348 г. перыяд лёгкіх перамог і поспехаў дуумвірату Альгерд — Кейстут скончыўся. Найперш належала аднавіць дружыны, падрыхтаваць новых ваяроў на месца палеглых. А гэта патрабавала часу.
Адразу асмялелі суседзі-ворагі. Праўда, галоўны сярод іх Тэўтонскі ордэн не праяўляў асаблівай актыўнасці, магчыма, па прычыне пандэміі «Чорнай смерці», бубоннай чумы, якая якраз атакавала Ордэнскую дзяржаву.
Затое іншы сур’ёзны вораг польскі кароль Казімір ІІІ у прыспешаным тэмпе рыхтаваўся да вайны з Літвой. Ягонай мэтай быў захоп Галіччыны і Валыні, якой кіраваў брат дуумвіраў Любарт Гедымінавіч, у хрышчэнні Дзмітрый.
Восенню 1349 г. Казімір ІІІ нечаканым нападам захапіў Галіччыну, амаль усю Валынь, за выключэннем Луцка, ды яшчэ ладную частку непасрэдных уладанняў Кейстута — Берасцейшчыну і Падляшша.
Аднак князі Гедымінавічы здолелі хутка змабілізавацца і менш чым праз год, летам наступнага 1350 г. імклівым націскам вярнулі большасць страчаных земляў. І тады польскі кароль прызваў на дапамогу венграў, паабяцаўшы іх каралю Людовіку Анжуйскаму пераход у яго валоданне ўсяго Польскага каралеўства разам з Галіччынай і Валынню ў выпадку, калі Казімір ІІІ не пакіне нашчадкаў.
Вялікі сумесны польска-венгерскі паход супраць Літвы пачаўся летам 1351 г. У дарозе польскі кароль цяжка захварэў і застаўся ў Любліне, а Людовік Венгерскі павёў войска далей на Берасцейшчыну. Дарогу яму заступіў Кейстут, які аднак не меў дастаткова сілаў, каб біцца з аб’яднаным польска-венгерскім войскам. Таму ён пайшоў на мір на ўмовах венгерскага караля. Кейстут з малой світай прыбыў у лагер венграў і ў каралеўскім намёце заключыў мірнае пагадненне, між іншым, абавязаўся прыняць каталіцкае хрышчэнне і каралеўскую карону ад Папы Рымскага. Потым пацвердзіў дамову прысягай па язычніцкім звычаі.
Прысутны пры гэтым венгерскі храніст апісаў цырымонію прысягі ўва ўсіх дэталях, нават занатаваў словы, якія прамаўляў пры гэтым Кейстут, на слых, так, як пачуў. У выніку да нас дайшло ўнікальнае сведчанне з XIV ст. (менавіта з 1351 г.) пра мову, якой карыстаўся адзін з уладароў Літвы Кейстут Гедымінавіч.
Вось гэтае апісанне: «А ў сьвята Узьнясення дабраслаўнай дзевы Марыі Кейстут прыбыў да намёту венгерскага караля; ва ўсеагульнай прысутнасьці зацьвердзіў вышэй апісанае прымірэньне літоўскай прысягай у такі вось спосаб: загадаў прывесьці вала чырвонай масьці і прывязаць да двух дрэваў і схапіўшы літоўскі нож, ударыў і трапіў валу ў артэрыю; і кроў адразу моцна пырснула, і гэтай крывёй ён сам і ўсе іньшыя ліцьвіны памазалі рукі і твар, голасна прамаўляючы па-літоўску: «Рагаціна разненахы госпананы», што перакладаецца як: «На рагатага звярні вочы свае, Бог з намі і душамі. Прысяга абяцаная намі, сёньня выкананая». І пасьля тых словаў адсек валу галаву і ад шыі адсунуў на столькі, што сам Кейстут і іньшыя прысутныя ліцьвіны паміж тулавам і галавой вала прайшлі па тры разы».
Гісторыкі прыйшлі да высновы, што цырымонія складалася з дзвюх частак: распазнання волі багоў і ўласна прысягі. Калі пасля ўдара нажом кроў пырснула высокім струменем, гэта азначала, што богі спрыяюць. Філалагічны аналіз словаў Кейстута прывёў спецыялістаў да высновы: «што яны аніяк не падобныя да летувіскай мовы», а маюць рысы «рускай гаворкі, магчыма, з’яўляюцца беларускімі». Увесь выраз гучаў, напэўна, так: «Рагаціна разпазнала, госпад з намі». Толькі тады, пасля распазнання волі багоў, пачаўся сам абрад прысягі: маканне пальцаў у крыві і памазанне ёю чола; адсячэнне галавы вала і трохразовы (тры — лічба, магічная для балцкіх паганцаў) праход паміж галавой і тулавам.
Што ж вынікае з гэтага ўнікальнага аб’ектыўнага (бо старонняга венгерскага) сведчання? Князь Кейстут Гедымінавіч, якому гісторыкі ў XIX–XX стст. стварылі рэпутацыю ўзорнага летувіса-патрыёта, захавальніка веры і традыцый продкаў-язычнікаў, насамрэч не зусім такім быў, бо гаварыў па-беларуску. Прынамсі, у афіцыйнай імпрэзе ці цырымоніі. Адсюль можна вывесці, што сёння ці то па прычыне празмернай беларускай сціпласці, ці хутчэй комплексу непаўнавартасці мы недаацэньваем беларускія ўплывы і ролю беларускай мовы ў сярэднявечнай Летуве, якая на той час яшчэ не мела сваёй пісьмовасці.
Дарэчы, Кейстут дамову не выканаў: калі венгерскі кароль павярнуў свае войскі назад, забраўшы з сабой Кейстута, каб ахрысціць у Будапешце, то падступны ліцвін ноччу, па-ціхаму ўцёк з ягонага лагера разам са світай. Кейстут дасягнуў сваёй мэты — ваенны паход супраць яго краіны быў сарваны.
Даведацца, чаму нашых князёў лічылі ў Еўропе каралямі, можна па спасылцы.