У чэрвені стартаваў збор сродкаў на новую кніжную серыю “Амерыканка”, якая, па словах стваральнікаў, “аб’яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць”. Падчас краўдфандынг-кампаніі “Лета з “Амерыканкай” на платформе ulej.by, перакладчыкі і выдаўцы спадзяюцца сабраць 30 тысячаў беларускіх рублёў на выпуск чатырох пілотных кніг серыі. У малым, кішэнным фармаце ў выдавецтве “Логвінаў” выйдуць раманы “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, “Чытво” Чарлза Букоўскага, “Пенелапіяда” Маргарэт Этвуд. У вялікім фармаце выдавецтва “Янушкевіч” выпусціць раман “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі.
Падчас кампаніі цягам двух летніх месяцаў можна будзе перадзамовіць друкаваныя або электронныя выданні а таксама ахвяраваць на развіццё серыі, якая ў будучыні працягнецца новымі перакладамі.
Першыя 150 замоўцаў атрымаюць 4 кнігі са зніжкай ажно ў 30%. – за 40 беларускіх рублёў. Іх таксама запросяць на вялікую імпрэзу для сяброў “Амерыканкі” ў кастрычніку 2017 года. Ураздроб 4 кнігі будуць у суме каштаваць 60 рублёў. Камплект электронных кніг абыдзецца замоўнікам у 19 рублёў.
На старонцы праекту на платформе “Улей” можна паглядзець, як будуць выглядаць вокладкі выданняў ад дызайн-студыі “Адліга”, пазнаёміцца з біяграфіямі аўтараў і перакладчыкаў, а таксама пачытаць і нават паслухаць урыўкі з перакладзеных твораў на літаратурных рэсурсах “ПрайдзіСвет” і “Літрадыё”. Таксама заснавальнікі серыі просяць аўдыторыю запоўніць просценькую апытанку “Амерыканкі”, якая дапаможа выдаўцам і перакладчыкам зарыентавацца ва ўпадабаннях беларускага чытача і зразумець, якія яшчэ кнігі можна ўключыць у серыю.
У пілотным выпуску серыі – вострыя, скандальныя не толькі для свайго часу раманы, напісаныя ў вострай сакавітай стылістыцы, даўно вядомыя і любімыя чытачамі ва ўсім свеце. Серыя “Амерыканка” дае магчымасць беларусам нарэшце чытаць гэтыя тэксты на роднай мове.
Паўночнаамерыканскую прозу бліскуча перастварылі Аляксей Знаткевіч, Вольга Калацкая, Ігар Кулікоў і Сярж Мядзведзеў. Два з чатырох перакладаў паўсталі ў выніку працы Перакладніцкай майстэрні Беларускага Калегіюму.
Краўдфандынг-кампанію “Лета з “Амерыканкай” падтрымалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-Цэнтр, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” “Арт-Сядзіба”, а таксама шэраг беларускіх СМІ. Стваральнікі серыі запрашаюць да супрацы новых партнёраў: прадпрымальнікаў, грамадскіх актывістаў і проста аматараў добрай літаратуры.
Сачыце за кампаніяй у сацыяльных сетках: Вконтакте і Facebook.
Цягам двух летніх месяцаў збору сродкаў, а таксама – у выпадку поспеху кампаніі – двух месяцаў восені, будзе адбывацца шмат “дзвіжу”. Або “рушняку”, як сказаў бы Кен Кізі, калі б гаварыў па-беларуску.
Далучайцеся да “Амерыканкі”, ахвяраваўшы сродкі на платформе “Улей”