Толькі набыў вялізны фаліянт у цвёрдай вокладцы ды адчуў яго вагу ў заплечніку, і ў галаве закруцілася: «А на халеру?..» Калі гэта чытаць? Куды ставіць? А калі пераязджаць, то...? Урэшце, што можа распавесці ўсмешлівы сівы акулярык, які пазірае з вокладкі? Можа!
Вокладка кнігі
Янка Запруднік — інтэлектуальны гуру пасляваеннай беларускай эміграцыі ў ЗША. Спец па Беларусі і СССР, якога цанілі амерыканцы. Журналіст «Свабоды», да голасу якога ў 1970-я праз глушылкі прадзіраліся беларусы. Гісторык, які працаваў у архівах і бібліятэках за акіянам, у пошуках свайго, беларускага. Чалавек, які доўгія гады тлумачыў на ўсіх узроўнях, што Беларусь — не Расія.
Дык што там пад вокладкай — кілаграм «суму па радзіме», як пісалі прапагандысты з БССР, пераконваючы ў другаснасці ўсяго, што напісана па-за межамі сацыялістычнай Беларусі? Не.
Праз дзённікі, лісты, нататкі, вершы, артыкулы раскрываецца карціна жыцця «тут» і «там» у часы «жалезнай заслоны». Усё гэта нагадвае сённяшнія дні: сваркі сярод эмігрантаў, замежная праца КДБ, цяжкасці легалізацыі, спроба знайсці сябе ў шырокім свеце.
Сяргей Вільчыцкі з сяброўкамі, Баранавічы, 1943
«Дарагія мае! Не ведаю, што са мной будзе, калі паеду на Захад, але ведаю, што будзе тут. Таму выязджаю. Некалі вярнуся. Абдымаю, цалую!...» — такую развітальную цыдулку ў 1944 годзе Сяргей Вільчыцкі пакінуў бацькам, каб ніколі іх не ўбачыць. Яму 18. За плячыма — баранавіцкая гімназія ды Саюз Беларускай Моладзі, але гэтага хопіць, бо Саветы вяртаюцца.
Юнак апранае мундзір дапаможнай службы Люфтваффэ ды збіраецца ў падарожжа: на Захад.
Беларускі лагер у Рэгенсбургу
У складзе дывізіі «Беларусь» ён будзе блукаць па Чэхаславаччыне, каб урэшце здацца амерыканцам і — застацца. Акурат у гэты момант «Сяргей Вільчыцкі» перастае існаваць. З’яўляецца Янка Запруднік.
Бо менавіта так гучыць імя і прозвішча чалавека, дакументы якога ўдаецца знайсці. Той Запруднік народжаны ў Вільні і старэйшы за Вільчыцкага на шэсць гадоў. Не страшна. Галоўнае, каб амерыканцы не выдалі ў СССР... Не выдалі. Значыць, ужо нічога не страшна.
Далейшая адысея распісаная ў кнізе «Дванаццатка», якая выйшла больш за 20 год таму. Гэта гісторыя пра 12 хлопцаў «без радзімы», якія шукаюць сябе ў пасляваеннай Еўропе. Тую кнігу Запруднік назваў «бутэлькай з пасланьнем для маладых». Хто ж ведаў, што пасля 2020-га тое пасланне зноў стане актуальным.
Запруднік — працаголік. Навуковая і грамадская праца, радыё, аналітыка, нон-стоп сустрэчы і паездкі. Выбіраючыся з Мюнхена ў ЗША, ён чакаў палёгкі, але наўпрост перавёз свой стыль жыцця за акіян. У зборніку пададзены дакумент часу: дзённік сустрэчаў Запрудніка з беларусамі-эмігрантамі ў Амерыцы пачатку 1950-х.
Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік і старшыня Амерыканскага камітэта вызвалення ад бальшавізму Хоўланд
«Быў у Савёнкаў, зьеў баршчу, выпіў чарку» — гэта гісторыя эміграцыі без гальштукаў. Без званняў, дыпломаў, хто старшыня, а хто — цэлы прэзідэнт. На адным з фота — цесная куханька ў Нью-Ёрку 1950-х. За сталом Наталля Арсеннева і Франц Кушаль. Яблыкі, халадзільнік, друкарка. Ён ліфцёр, яна — супрацоўніца кансервавага завода. Мундзір палкоўніка і рэгаліі вядомай паэткі застаюцца па-за кадрам.
Франц Кушаль і Наталля Арсеннева, Нью-Ёрк, 1950-я
На нейкім чарговым кангрэсе Кушаль называе апанентаў «правакатарамі і агентамі». Знаёмая лексіка, праўда? Наогул калі замяніць БЦР, БНР, БАЗА ды ЗБВБ на назвы сучасных эмігранцкіх структураў, акажацца, што нічога новага пад сонцам няма: усе сварацца і вінавацяць адно аднаго. Дакладна «пасланьне ў бутэльцы»!
Цікавыя дробязі: завітаўшы ў госці, людзі глядзяць фота. Сёння цяжка ўявіць сабе значэнне кавалачкаў паперы, якія былі адзіным мастком паміж людзьмі, паміж «там» і «тут», адзіным напамінам пра радзіму. Адсюль апантанае жаданне зберагаць, збіраць архівы, каб... не згубіць сваё права на месца ў свеце. Засведчыць, што ты — ёсць. Ці хаця б быў.
Янка Запруднік
Трапляюцца і загадкі: «Разглядаў калекцыю каштоўных старых манэтаў ВКЛ з XVI-XVII стст. Заўтра мушу парабіць зь іх адбіткі», — гэта пра сустрэчу з Аўгенам Каханоўскім у Кліўлендзе у сакавіку 1953-га. Сапраўднае прозвішча Аўгена — Калубовіч. У часы нямецкага панавання той меў доступ да музейных каштоўнасцяў у Мінску, дык... адкуль тыя манеты? Куды падзеліся пасля? Загадка. Не адзіная ў кнізе.
Запруднік не мог паехаць у БССР нават у 1970-х, але шукаў любую інфармацыю адтуль: кнігі, прэсу, сведчанні. Высновы няўцешныя: гэта ўжо зусім іншы свет, а дакладней — два розныя сусветы, «там» і «тут», паміж імі — прорва. Ён не мог зразумець, як у 1953-м на Будслаўшчыне маладыя студэнткі плакалі па смерці Сталіна. Тыя, відавочна, не зразумелі б яго...
Запрудніка шукалі. Дакладней, шукалі Вільчыцкага ці таямнічага Арсеня Загорнага (псеўданім на «Свабодзе»). Вось вясёлая гісторыя пра пісьменніка і рэдактара часопіса «Нёман» Яўгена Васілёнка. Той неяк прыехаў у Нью-Ёрк на асамблею ААН разам з іншымі прадстаўнікамі БССР. Ідучы ў рэстаран разам з Запруднікам і Кіпелем, літаратар пачаў распытваць: «Ці чулі вы пра эмігранта Вільчыцкага?..» Яго, маўляў, шукае маці, сумуе і плача.
Прозвішча было запісанае на паперцы: не цяжка здагадацца, па чыім заданні Васілёнак вышукваў канкрэтнага чалавека. Запруднік: быў нейкі Вільчыцкі ў Нью-Ёрку, але — з’ехаў. Васілёнак супакоіўся і ўзяўся за абед, а пазней працягнуў пошукі ў Саўт-Рыверы.
Сваю маці Янка Запруднік ніколі не ўбачыў: яна памерла ў 1981-м. Дакрануцца да яе помніка атрымалася толькі ў 1990-х. Сам помнік быў падпісаны па-расійску: там, за акіянам, Запрудніку цяжка было ўявіць, наколькі далёка зайшла русіфікацыя ў БССР. Сваю першую паездку ў Беларусь пасля падзення «жалезнай заслоны» ён апісвае з захапленнем і — скрухай. Гэта іншы свет. Зусім іншы свет...
Янка Запруднік з братам на магіле маці, 1993 год
Янка Запруднік памёр у 2022 годзе. Паводле жонкі Надзеі, яго апошнімі словамі былі: «Я ўжо ў Беларусі».
Алесь Кіркевіч, фота паводле кнігі — аўтара
Budzma.org