Наталля Гардзіенка: Ідзе да дзвюх гістарычных навук, але за мяжой можам аб’ядноўвацца

Гісторык і архівіст Наталля Гардзіенка ў інтэрв’ю на Budzma.org распавядае пра сённяшнія рызыкі для беларускай гістарычнай навукі, актуальнасць эмігранцкай мемуарыстыкі ды выдавецкія планы Беларускага інстытута навукі і мастацтва.


Natallia Hardzienka
Наталля Гардзіенка. Вільня, 2023 г.

— Як бы вы ацанілі сітуацыю з вашай галіной навукі, сітуацыю з даследчыкамі, якія пакінулі Беларусь? Што з гэтым у самой Беларусі?

— Я не магу казаць за тых, хто застаецца, не магу сказаць, што вельмі добра ўжо цяпер ведаю сітуацыю... Канечне, сама практыка выцяснення навукоўцаў, гісторыкаў у першую чаргу, не ў 2020 годзе пачалася. Яна мае гісторыю, напэўна, ад пачатку 2000-х. Калі сталі звальняць людзей з Інстытута гісторыі, а потым быў яшчэ і Гродзенскі ўніверсітэт, калі стала зразумела, што ёсць тэмы «правільныя і няправільныя», на якія пісаць нельга, ці не выгадна, немагчыма абараніцца. Так што гэта ўжо даволі працяглы працэс.

Тое, што стала адбывацца пасля 2020 года, ішло не з нуля, і таму ўжо былі пэўныя механізмы для ўладкавання саміх навукоўцаў па-за межамі Беларусі. Былі структуры, якія маглі дапамагчы недзе ўладкавацца, асабліва ў Польшчы. Існавалі напрацаваныя кантакты. Безумоўна, гэта не быў безбалючы працэс, бо гісторыкі, асабліва калі гэта спецыялісты ў галіне гісторыі Беларусі, патрэбныя найперш у самой Беларусі. У значна меншай ступені яны цікавыя па-за яе межамі. Таму для самога навукоўца заўсёды праблема, як упісацца са сваімі тэмамі, са сваімі ведамі ў іншы кантэкст. І тэматычна, і арганізацыйна, бо розныя методыкі могуць быць, розныя падыходы да разгляду тых самых пытанняў у заходніх калегаў, і не заўсёды ты са сваімі поглядамі можаш упісвацца ў іх карціну свету.

Безумоўна, для беларускай навукі, якая застаецца ў Беларусі, гэта трагедыя, калі людзі сыходзяць і з’язджаюць. Яны з’язджаюць са сваімі тэмамі, напрацоўкамі, і замяніць спецыяліста фактычна немагчыма. Так, дэкларуецца, што набяруць магістрантаў ці выпускнікоў ВНУ, але, каб ён стаў спецыялістам, трэба, каб прайшлі дзесяцігоддзі і было каму яго навучыць.

А ў цяперашняй сітуацыі і вучыць бывае няма каму, і зноў жа застаецца і нават пашыраецца абмежаванасць у выбары тэмаў, «прахадныя і непрахадныя». Узмацніліся і знешнія ўплывы, расійскія. Багата расійскіх інстытуцый зацікаўленых у тым, які змест будзе ў беларускіх падручніках і беларускіх даследаваннях. Гэта таксама важна, і гэтаму, на жаль, няма каму асабліва супрацьстаяць, а мо пакуль і немагчыма супрацьстаяць. І тыя навукоўцы, якія намагаюцца заставацца ў Беларусі, яны ўсё роўна часта апынаюцца ў сітуацыі эміграцыі, толькі ўнутранай. Або ты ўдзельнічаеш у тым, што табе навязваюць, або ты намагаешся ад гэтага нейкім чынам адмежавацца і займацца пытаннямі, якія не будуць выклікаць адназначна негатыўнай рэакцыі кіраўніцтва.

Natallia Hardzijenka ŭ časie Kanhresu dasliedčykaŭ Bielarusi ŭ Hdańsku
Наталля Гардзіенка ў часе Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Гданьску. 2023 г.

— Атрымоўваецца, мы будзем мець фактычна дзве беларускія гістарычныя навукі?

— Так. Будзе тая навука, што інстытуцыянаваная і развіваецца ў замежжы, і тая, што ў Беларусі. І чым далей, тым менш будзе паразуменняў. Тут нават не пра кантакты ідзе, бо кантакты можна падтрымліваць. І сёння яшчэ можна ладзіць канферэнцыі, у якіх будуць удзельнічаць і беларусы з Беларусі, і навукоўцы з эміграцыі. Але існаванне ў розных сусветах накладвае адбітак і на тое, як працуецца, і якім чынам успрымаецца тая ці іншая з’ява, розныя фокусы, іншыя аспекты. І пераадольваць потым гэтую падзеленасць, гэтую аўтаномнасць у існаванні дзвюх гістарычных навук можа быць складана. Залежыць ад таго, наколькі доўга будзе цягнуцца гэткая сітуацыя.

— А па-за Беларуссю беларускія навукоўцы неяк супольна ўзаемадзейнічаюць?

— Можа быць, гэта маё як наваспечанай эмігранткі адчуванне, але мне здаецца, што сапраўды імкненне падтрымаць сваіх у асяроддзі навукоўцаў на эміграцыі даволі моцнае. Ідэя аб’яднацца, ідэя дапамагчы ўладкавацца... Ужо ў 2021 годзе людзі сталі актыўна дзяліцца інфармацыяй пра стажыроўкі, гранты, стыпендыі, куды можна паехаць. І на сёння гэта ўжо звычайная практыка — падказваць, куды звярнуцца, каб атрымаць нейкія стыпендыі для даследчыцкай працы і гэтак далей.

Natallia Hardzijenka i Aliena Hlahoŭskaja
Наталля Гардзіенка і Алена Глагоўская на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, верасень 2023 г.

Таксама ёсць ініцыятыва па стварэнні Беларускага інстытута публічнай гісторыі як інстытуцыі, якая аб’яднае беларускіх гісторыкаў у замежжы, і каб дапамагаць адно аднаму, і каб ладзіць канферэнцыі, распрацоўваць супольныя праекты, ствараць магчымасці застацца ў навуцы.

Для гісторыкаў гэта вельмі актуальная рэч — не змяняць сферу дзейнасці, а заставацца ў сваёй тэме, у сваёй спецыяльнасці. Таксама важнае і фармуляванне супольнай візіі таго, што адбываецца ў навуцы ў Беларусі і агучваецца з таго боку і ў дачыненні да падручнікаў, і ў сэнсе бачання беларускай гісторыі агулам. Гэта ўсё можа быць аб’яднаўчай ідэяй для гісторыкаў-прафесіяналаў.

Спадзяюся, што Беларускі інстытут публічнай гісторыі стане такой аб’яднаўчай інстытуцыяй. Яго можна параўноўваць з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, які быў створаны ў 1951 годзе і меў на мэце аб’яднаць тых інтэлектуалаў, якія апынуліся на Захадзе, даваць магчымасці для публікацый, правядзення даследаванняў і стварэння магчымасцяў для публічнай дзейнасці — лекцыі, канферэнцыі і г. д. Для людзей навукі і мастацтва гэта вельмі важна. І гэта рабілася цягам дзесяцігоддзяў.

— Дарэчы, якія планы наконт далейшага выдання спадчыны беларускай эміграцыі? Можа быць, распавядзіце.

— У Беларускім інстытуце навукі і мастацтва мы займаемся спадчынай эміграцыі цягам апошніх дзесяцігоддзяў: і выданнем, і прыцягненнем увагі да яе, як і да гісторыі эміграцыі, яе дзеячаў. У новай сітуацыі маем яшчэ больш заданняў, бо шмат з таго, што пісалася і было зроблена беларускімі паваеннымі эмігрантамі, зноў набывае актуальнасць, і хочацца гэта цяперашнім эмігрантам паказваць.

Так, у мінулым годзе выйшлі выбраныя працы айца Льва Гарошкі, успаміны Міхася Кавыля.

Vokladka knihi «Ajciec Lieŭ Haroška. Vybranaje»
 Вокладка кнігі «Айцец Леў Гарошка. Выбранае»

Vokladka knihi «Michaś Kavyĺ. Vybranaje»
Вокладка кнігі «Міхась Кавыль. Выбранае»

Шмат хто з эмігрантаў прайшлі праз турмы і пакінулі пра гэта сведчанні, тады, калі яшчэ ў Беларусі не гаварылася пра рэпрэсіі. І ўспаміны Міхася Кавыля або выдадзеныя раней Яўхіма Кіпеля — вельмі сугучныя таму, што расказваюць сённяшнія палітзняволеныя. Гэта таксама з серыі ўрокаў, якія трэба вывучыць, каб яны не паўтараліся.

Трэба ведаць, праз што праходзілі людзі больш як паўстагоддзя таму ў вельмі падобных умовах і як гэта для іх заканчвалася. Гэта яшчэ адзін стымул, каб выдаваць сёння спадчыну беларускіх эмігрантаў.

Вось толькі з друкарні выйшаў нарэшце наш вельмі працяглы па часе падрыхтоўкі праект — альбом-даведнік па беларускіх пахаваннях у свеце, дзе прадстаўленыя звесткі пра беларускія магілы ў Аўстраліі, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краінах. У ім таксама інфармацыя пра людзей, якія былі пахаваныя. Вялікі альбом-даведнік больш як на 500 каляровых старонак. Між іншага, гэта яшчэ адзін цікавы аспект беларускага жыцця на эміграцыі, які і ранейшыя беларусы не адразу ўсвядомілі, бо збіраліся вяртацца ў Беларусь. Калі зразумелі, што эміграцыя зацягваецца надоўга, сталі з’яўляцца думкі, што варта быць пахаваным сярод сваіх. Так у розных краінах былі заснаваныя беларускія могільнікі, якія таксама шмат могуць расказаць пра беларусаў і беларускую эміграцыю праз тое, як там рабіліся надпісы, якая сімволіка выкарыстоўвалася. Пра ўсё гэта можна даведацца з нашай «Кнігі могілак».

Vokladka daviednika «Kniha mohilak. Bielaruskija pachavanni ŭ sviecie»
Вокладка даведніка «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце»

У працяг «Кнігі могілак» плануецца выдаць яшчэ кнігу некралогаў, якія публікаваліся на старонках эміграцыйных перыёдыкаў «Бацькаўшчына» і «Беларус», гэтых цэнтральных беларускіх газет на эміграцыі. У ёй будуць гісторыі жыцця і водгукі на жыццё розных беларускіх дзеячаў. Гэта вельмі цікавы пласт уяўленняў пра сваіх і чужых, пра герояў і антыгерояў.

Надалей мы будзем публікаваць кнігі, прысвечаныя асобным дзеячам беларускай эміграцыі. Плануецца выданне, прысвечанае гісторыку, журналісту, грамадскаму дзеячу Янку Запрудніку, які адышоў у 2022 годзе. Тут будзе сабранае найбольш важнае з яго навуковых і творчых працаў.

Janka Zaprudnik. Zdymak S. Tryhuboviča
Янка Запруднік. Здымак С. Трыгубовіча

Будзе кніга, прысвечаная першаму паваеннаму прэзідэнту БНР Міколу Абрамчыку. Выйдзе зборнік, прысвечаны сям’і Станіслава Станкевіча, якраз доўгачасовага рэдактара і газеты «Бацькаўшчына», і потым газеты «Беларус», якая стала другой значнай газетай для беларускай эміграцыі, што выдавалася ад пачатку 1950-х і да фактычна 2010-х гадоў, а цяпер перайшла ў электронны фармат і адраджаецца як інфармацыйны рэсурс.

Будзем выдаваць спадчыну і іншых дзеячаў-эмігрантаў. Спадзяюся, выйдуць у кніжным фармаце ўспаміны Адама Варлыгі (Язэпа Гладкага). Ён быў удзельнікам Першага Усебеларускага кангрэсу, потым жыў у Савецкай Беларусі, яго брат быў рэпрэсаваны. Пасля вайны дзеяч апынуўся ў Нямеччыне, потым у ЗША. Язэп Гладкі быў педагогам па адукацыі, займаўся выданнем падручнікавай літаратуры для беларускіх дзетак на эміграцыі і пакінуў надзвычай цікавыя ўспаміны.

Плануем перавыдаць успаміны Леаніда Галяка, яшчэ аднаго цікавага дзеяча беларускай эміграцыі. Ён жыў у Вільні да вайны, быў звязаны з беларускім студэнцкім асяроддзем. У ваенны і паваенны час быў у беларускім руху. Пакінуў вельмі цікавыя ўспаміны, на жаль, незавершаныя. Яны выходзілі на эміграцыі пасля ягонай смерці амаль чатыры дзесяцігоддзі таму і маюць шмат актуальнага для сённяшняй сітуацыі. Хацелі б выдаць іх з добрымі каментарамі.
Успаміны і Адама Варлыгі, і Леаніда Галяка выйдуць у той самай серыі «Спадчына: агледзіны», што і кнігі айца Льва Гарошкі, Міхася Кавыля і яшчэ з дзясятак выданняў, якія пабачылі свет цягам апошніх шасці гадоў.

Будзе запачаткаваная і новая кніжная серыя «Спадчына БНР». Яна пачнецца зборнікам прац па гісторыі беларускага нацыянальнага руху актыўнага дзеяча паваеннай БНР Антона Адамовіча. Потым у гэтай жа серыі плануюцца зборнікі дакументальнай і творчай спадчыны дзеячаў яшчэ даваеннай БНР: Кастуся Езавітава, Пётры Крачэўскага, Васіля Захаркі. Зборнік Кастуся Езавітава, укладзены разам з гісторыкам Юрыем Грыбоўскім, будзе наогул першым выданнем спадчыны гэтага дзеяча.

Усё згаданае — гэта тое, што сёння немагчыма выдаць у Беларусі. Як бачыце, Беларускі інстытут навукі і мастацтва працягвае тую дзейнасць, якую ажыццяўляў ад 50-х гадоў ХХ стагоддзя, калі друкавалася тое, што немагчыма было надрукаваць у самой Беларусі.

Ну і, безумоўна, мы працягваем выдаваць наш альманах «Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва» — на сёння адзінае выданне, прысвечанае гісторыі і сучаснасці беларускай эміграцыі. У апошнім нумары, які таксама толькі нядаўна пабачыў свет, частка тэкстаў прысвечаная беларускаму студэнцтву на Захадзе, гісторыі прысутнасці беларусаў у розных навучальных установах у розныя часы. Але па-за гэтым мы традыцыйна публікуем і шмат іншых тэкстаў, звязаных з дзеячамі, архівамі, выданнямі, падзеямі, гісторыяй беларускай эміграцыі. Мы імкнемся, каб наш альманах быў сталай пляцоўкай, дзе маглі б публікавацца тыя гісторыкі, даследчыкі, якія апынуліся цяпер у вымушанай эміграцыі.

Aĺmanach «Zapisy BINiM»
Альманах «Запісы БІНіМ»

У наступным нумары асноўнай тэмай будуць сучасныя беларускія асяродкі ў замежжы. Нам захацелася паказаць, чым жывуць беларускія суполкі пасля 2020 года. У перспектыве плануем зрабіць нумар, прысвечаны беларускім перыёдыкам у замежжы. Разам з тым мы працягнем публікаваць і разнастайныя матэрыялы па гісторыі беларускай прысутнасці ў замежжы.
Планаў багата. Галоўнае, каб былі сілы для іх ажыццяўлення.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org

Чытайце яшчэ:

Беларускі дзень у Кангрэсе ЗША і бел-чырвона-белы сцяг на ўрадавых будынках. Як жылі і пра што марылі беларускія паваенныя эмігранты 

Беларуская Атлантыда. Гісторык Наталля Гардзіенка пра культурную спадчыну паваеннай эміграцыі 

«У лічаныя дні вырашыць, скласціся і паехаць». Параўноўваем паваенную і сённяшнюю эміграцыі разам з гісторыкам Наталляй Гардзіенка