У выдавецтве «Мастацкая літаратура» неўзабаве выйдзе кніга пад назвай «Ясная зорка Якуба Коласа, якая прысвечана Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч, жонцы класіка. Кнігу падрыхтавалі да друку нашчадкі. Яна будзе цалкам сканцэнтраваная на асобе жонкі пісьменніка: яе лёс, яе сям’я, яе успаміны.
Як кажа адна з аўтарак выдання, даследчыца, унучка Якуба Коласа, Вера Данілаўна Міцкевіч:
«Кніга атрымалася ў маім стылі — паўархіўным. Першая глава будзе змяшчаць артыкулы пра яе, якія ў розныя часы пісалі Даніла Канстанцінавіч, спецыяльна для гэтай кнігі ў апошні год жыцця пісаў Міхась Канстанцінавіч, пасля там два мае артыкулы, Марыя таксама напісала і таксама артыкул Святланы Явар. Затым будзе глава, якая мне падаецца самай шчымлівай, ‒ з сямейным ліставаннем. Мы прапанавалі 18 новых лістоў Коласа да Марыі Дзмітрыеўны, якія не публікаваліся раней. І я падумала, што даць проста ліст і каментарый — будзе суха. Да кожнага ліста мы вырашылі дадаць каментарый не зусім акадэмічны, а больш чалавечы, з-за чаго глава атрымалася найбольш выдатнай. Трэцяя ‒ гэта яе лісты да іншы х асоб. Пасля ‒ глава прысвячэнняў і ўспамінаў, дзе сустракаюцца ўспаміны яе сучаснікаў (напрыклад, Заіра Азгура), творы-прысвячэнні, напісаныя нават зараз аўтарамі-землякамі: Мікола Маляўка, з маладых — Мікола Адам. Таксама глава з дакументамі, сярод якіх нават пасведчанні аб смерці»
Кніга таксама будзе змяшчаць вельмі шмат ілюстрацый. Гэта ўсе фотаздымкі, якія было магчыма сабраць, ілюстрацыі, скульптуры, фота мемарыяльнай дошкі ў Пінску, і нават «бярозкі» Марыі Дзмітрыеўны.