На выходныя шмат беларусаў едуць падарожнічаць па краіне. Budzma.org прапануе сваім чытачам наведаць мястэчка Косава — радзіму героя трох народаў Тадэвуша Касцюшкі, што на Берасцейшчыне. Распавядаем, чаму гэта месца сапраўды вартае вашай увагі.
Чаму менавіта туды?
Само мястэчка захоўвае атмасферу розных гістарычных часоў і шматканфесійнага насельніцтва Косава. Тут і старыя яўрэйскія камяніцы, каталіцкі і праваслаўныя храмы, дом-музей Тадэвуша Касцюшкі і велічны палац з вышным садам на беразе возера, а яшчэ там ёсць востраў кахання, кавярня «У Тадэўша» і нават гатэль, дзе можна застацца ночыць.
Першаму паселішчу больш за тысячу год
Першыя паселішчы на тэрыторыі Косава ўзніклі ў X-XI стагоддзях. Захавалася гарадзішча X-XII стагоддзяў. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1494 годзе ў грамаце вялікага князя Аляксандра, які падарыў яго маршалку Яну Храптовічу. У 1510 годзе вялікі князь Жыгімонд Стары выдаў грамату на правядзенне ў горадзе таргоў і кірмашоў. У гэты час Косава стала цэнтрам раёна.
У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Косава апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1825-1855 гадах тут размяшчалася суконная мануфактура. Да 1845 годзе ў Косаве існавала фабрыка па вытворчасці дываноў. Пазней адкрылася вайсковая вучэльня. 15-16 кастрычніка 1878 г. тут адбыліся хваляванні навабранцаў, у акцыі непадпарадкавання ўдзельнічала каля 900 чалавек, была перастрэлка з паліцыяй, у выніку некалькі чалавек загінула.
У часы першай Сусветнай вайны мястэчка было пад акупацыяй войскаў Кайзера, пасля вайны Косава было ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. 3 лютага 1927 года, польскія паліцыянты расстралялі буйную дэманстрацыю сялян, якія маніфеставалі за вызваленне зняволеных дэпутатаў. У выніку 4 чалавекі былі забітыя, 6 — цяжка параненыя. У верасні 1939 года Косава было далучана да БССР. З 1947 года мястчэка ўваходзіць у склад Івацэвіцкага раёна.
Зараз у Косаве жыве каля 2000 чалавек. Тут знаходзіцца ажно 5 цікавых помнікаў архітэктуры з гісторыяй, якія прапануем вам паглядзець.
Радавая сядзіба героя трох народаў
Людвік Касцюшка, будучы бацька героя трох народаў, у арэнду ўзяў у Сапегаў фальварак Мерачоўшчына, Косава ад яго было блізка. Няма дакладных звестак, ці быў ужо там маёнтак, ці пабудаваў яго Людвік каля 1720 года. У 1740 годзе шляхціч ажаніўся з Фёклай Радамскай — праваслаўнай шляхцянкай, і 4 лютага 1745 года ў іх нарадзіўся сын Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Але пражыў ён там нядоўга — 9 год, потым хлопчыка аддалі ў калегіўм пад Пінскам, каб атрымаў 5-гадовую адукацыю.
У 1764 годзе Людвік памёр, а яго ўдава Фёкла прадала за амаль 55 тысяч злотых Мерачоўшчынскія землі роду Флемінгаў.
Дом Касцюшкі перажыў Першую сусветную вайну, а пры ІІ Рэчы Паспалітай, у 1936 годзе ў сядзібе быў арганізаваны музей, але ў часы ІІ Сусветнай вайны, сядзіба Касцюшак згарэла. Толькі ў 1999 годзе на месцы, дзе была сядзіба, усталявалі мемарыяльны камень з таблічкай у гонар Тадэвушка Касцюшкі. У 2003 годзе археолагі раскапалі падмурак сядзібы, за амаль паўгады сядзібу аднавілі і заклалі ў будынку музей 23 верасня 2004 года.
У 2018 годзе побач з сядзібай-музеем беларускай грамадскасцю быў усталяваны помнік Тадэвушу Касцюшку.
Велічны палац у жывапісным месцы, дзе бывалі Ажэшка і Орда
Пасля Флемінгаў зямля належала некалькім вядомым магнацкім родам, а ў 1821 годзе мясцоваць перайшла да Казіміра Пуслоўскага, які і распачаў праз 9 год пабудову велічнага палаца. Дабудоўваў палац ягоны сын — Вандалін. У 1838 годзе пабудова палаца была скончана. Вандалін быў заядлым гульцом у карты і прадаў палац за пазыкі. За радавы замак ён атрымаў 700 тысяч рублёў.
Пабачыць дзівосны палац і пагасціць у ім прыязджалі вядомыя асобы, сярод іх — пісьменнікі Эліза Ажэшка, Генрык Сянкевіч, мастак Напалеон Орда, які зрабіў малюнкі палаца, калі там ячшэ былі Пуслоўскія. Бываў тут нават начальнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі.
У часы І Сусветнай вайны палац быў разрабаваны і часткова разбураны. Значная частка каштоўнасцяў была вывезена за мяжу. За «польскім часам» палац трохі аднавілі і аддалі пад будынак староства Косаўшчыны. А ў часы, калі тэрыторыя Заходняй Беларусі была занятая Чырвонай арміяй, тут жылі савецкія жаўнеры. Падчас ІІ Сусветнай вайны на тэрыторыі палаца было гета, пасля знішчэння тут мясцовых яўрэяў, насельніцтва Косава скарацілася ў 5 разоў. Пазней палац быў спалены невядомымі вайсковымі фарміраваннямі. Пасля вайны ў частцы палаца быў дзіцячы прытулак.
З 2007 года распачалося аднаўленне палаца, працы абяцаюць скончыць напрыканцы 2022 года. Пры палацы ёсць гасцёўня і рэстарацыя.
Тры храмы другой паловы ХІХ стагоддзя
Троіцкі касцёл. Фота з сайту wikipedia.org
Троіцкі касцёл знаходзіцца ў цэнтры мястэчка і датуецца 1877 годам, але ёсць меркаванні, што гісторыя Касцёла бярэ свой пачатак з 1626 года, калі на месцы сучаснага будынка храма быў драўляны касцёл, у якім 12 лютага 1746 года быў ахрышчаны сам Касцюшка.
Антонаўская царква. Фота: planetabelarus.by
Праваслаўная Антонаўская царква была пабудаваная амаль у той час, крыху раней за касцёл — у 1868 годзе. Сродкі на будаўніцтва збіралі вернікі, будаваліся такія цэрквы па ўсёй Віленскай губерніі на загад віленскага губернатара Мураўёва-вешальніка. Раней на гэтым месцы была драўляная царква канца ХVI стагоддзя.
Царква Святога Георгія. Radzima.org. Фота © Павел Донаў
На мясцовых старых могілках знаходзіцца Георгіеўская царква — гэта драўляны помнік народных майстроў-дойлідаў. Яе пабудавалі ў 1867 годзе.
Чытайце яшчэ:
У Нясвіжы як у Парыжы? Горад Радзівілаў вачыма «турыста выходнага дня»
Алесь Масевіч, budzma.org