25 студзеня ў Варапаеўскай пасялковай бібліятэцы Пастаўскага раёна адбылася сустрэча чытачоў з краязнаўцамі Пастаўшчыны, якія прэзентавалі свае новыя кнігі.
На гэты раз перад прысутнымі выступілі Ігар Пракаповіч, Мікалай Арэх і Франц Хоміч. Усе яны – нястомныя шукальнікі даўніны, аўтары шматлікіх публікацый і выданняў пра родны край.
Ігар Пракаповіч, настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі, член саюза пісьменнікаў Беларусі, прэзентаваў матэрыялы свайго вучэбна-метадычнага комплекса па краязнаўстве, у які ўваходзіць калярова ілюстраваны дапаможнік “Чароўны край – Пастаўшчына”, сшытак для вучняў “Ці ведаеце вы Пастаўскі край?” і дыск, на якім запісаны аўтарскія прэзентацыі па ўсіх параграфах дапаможніка, а таксама фотаздымкі пастаўскіх фатографаў.
Ён жа, і настаўнік гісторыі Гуцкай школы Мікалай Арэх, расказалі пра сваю сумесную кнігу “Рымкі: вёска на краі вечнасці”, прадэманстраваўшы слайды са здымкамі карт, схем, сучаснымі і даўнейшымі фотаздымкамі гэтага паселішча і яго ваколіц.
Франц Хоміч, былы настаўнік Дунілавіцкай школы, стваральнік невялікага прыватнага музея “Простыя рэчы”, цікава распавёў пра асноўныя тэмы сваёй кнігі “Дунілавічы ад ВКЛ да БССР”, якая толькі што выйшла з друку.
Выступленні выклікалі жывы інтарэс у прысутных, што выявілася ў шматлікіх пытаннях і пажаданнях, якія прагучалі напрыканцы сустрэчы. Усе ўдзельнікі імпрэзы сышліся ў думках, што кожная вёска з’яўляецца каштоўным складнікам нашай цывілізацыі і таму матэрыялы пра паселішчы неабходна рупліва збіраць, апрацоўваць і захоўваць для нашчадкаў.
Ігар Пракаповіч, kraj.by