“Крэсліць і воск праклінае”, альбо Навошта чытаць кнігу пра васковыя таблічкі Шыдлоўскага

Кніга “Васковыя таблічкі: погляд на мінулае і будучыню” гісторыка і рэканструктара Кастуся Шыдлоўскага чытаецца хутка, бо напісаная проста і даступна. Пры гэтым хочацца спыняцца на кожнай старонцы, разглядаючы выявы і перачытваючы цытаты з антычных класікаў – аўтар раскрывае феномен нашай гісторыі на фоне шырокага палотнішча еўрапейскай культуры.

Стоп-стоп-стоп… Да чаго тут антычныя класікі? Пры чым тут Беларусь? Пра якія васковыя таблічкі наогул ідзе гаворка? Па шчырасці, першы раз убачыўшы кніжку, я хуткім вокам прачытаў назву як “вЯсковыя таблічкі” і… прайшоў міма. На “васковыя”, відаць, у галаве проста не спрацавала ніводная шасцярэнька, настолькі сама з’ява далёкая ад нашага ўяўлення пра беларускую мінуўшчыну.

Сапфо, фрэска з Пампеяў

Сапфо, фрэска з Пампеяў

Сапраўды, пра васковыя таблічкі як прыладу пісьменства мы ў найлепшым выпадку чулі ў кантэксце антычнай культуры: стылус, таблічка, лаканічныя пазнакі лацінай і… забойства стылом Юлія Цэзара – гэта, бадай, усё, што можа аднавіць у памяці сярэднестатыстычны выпускнік гістфаку. Дзякуючы Кастусю Шыдлоўскаму сёння мы можам расквеціць белыя плямы ў нашых ведах.

Працэс пісання стылусам на васкоўцы, антычная выява

Працэс пісання стылусам на васкоўцы, антычная выява

У Ноўгарадзе 300, а ў Полацку – 2?

Выявілася, што васковыя таблічкі былі і ў нас, праўда, аб гэтым ведаюць нават не ў кожным абласным гісторыка-археалагічным музеі. Паводле аўтара, у Полацкім гістарычным музеі стылусаў (іншы варыянт назвы – “стыло”) для пісання па воску налічвалася ўсяго 2, і толькі пасля кансультацыяў Шыдлоўскага іх колькасць узрасла да 12. Стылусы, альбо пісалы, знойдзеныя археолагамі, проста інтэрпрэтаваліся як шпількі, праколкі альбо капавушкі. Пры гэтым у тым жа Ноўгарадзе стылусаў выяўлена і апрацавана каля 300!

Чаму так? Сапраўды, калі мы глядзім на пісьмовую культуру рэтраспектыўна, то згадваем Скарыну і багаты вопыт кнігадрукавання часоў ВКЛ, раней – пісаныя ад рукі кнігі часоў Русі, асобныя літары на праселках, костках ды гліняных чарапах і… бадай што ўсё. У раннесярэднявечных пластах нашых гарадоў не выяўлена шыкоўнага асартыменту берасцяных граматаў, папірусам у нас не карысталіся, а пергамент быў занадта дарагім для масавага ўжытку.

Разам з тым, як аказалася, у нас выяўлена шмат стылусаў для пісьма – завостраных медных, жалезных альбо касцяных палачак з завяршэннем, зручным для карэкцыі і зацірання папярэдніх запісаў. Для чаго ж яны былі нашым продкам? Усё паказвае на тое, што для пісання на васкоўках – драўляных таблічках, дзе асноўная паверхня роўненька залівалася воскам, – такі сабе старажытны iPad. Паколькі таблічкі складаліся з воску і дрэва, матэрыялаў нетрывалых, археолагам іх выявіць, на жаль, надзвычай складана.

Васкоўка і прылады да пісьма на ёй

“Добры стыль” і VERSUS-баразна

Што маглі пісаць на васкоўках? Зразумела, старажытныя палачане не распісвалі летапісаў і генеалогіяў, не перапісвалі Арыстоцеля ці Евангеллі. А вось рабіць простыя гаспадарчыя і гандлёвыя разлікі на іх было надзвычай зручна. Таксама на васкоўках дзеці вучыліся пісаць альбо ўжо дарослыя запісвалі кароткія важныя паведамленні.

Калі задумацца, Шыдлоўскі закрывае вельмі балючую траўму нашай гістарычнай свядомасці – знішчае чарговы міф пра беднасць нашай культуры і “неадукаванасць” сярэднявечных беларусаў. Ну і што, што мы не маем дастатковай колькасці берасцяных граматаў? У нас былі таблічкі – а гэта значна круцей, бо культурна і эстэтычна набліжае нас да Плінія, Гарацыя, Авідыя, карацей, да еўрапейскай класікі.

Дарэчы, цытата, вынесеная ў загаловак – “крэсліць і воск праклінае”, – менавіта адтуль, з класікі: так Авідый апісвае дзяўчыну, якая ніяк не можа скончыць пасланне свайму каханаму. Тэма стылусаў і васковак насамрэч даўно ўвайшла нават у нашу лексіку, хоць часцяком мы нават не падазраём пра гэта. Скажам, пахвала “пішаш добрым стылем” вядомая яшчэ з рымскіх часоў і наўпрост звязаная са стылусам. Вядомае усім слова VERSUS, ад якога пайшло наша “верш”, з лаціны перакладаецца як “баразна”, бо стылус на воску пакідаў акурат барозны.

Імправізацыя на тэму васковак і сучасных гаджэтаў

Імправізацыя на тэму васковак і сучасных гаджэтаў

Ізноў Скарына

Першая згадка стылуса ў беларускай мове належыць… Скарыну! У ягоным перакладзе Старога Запавету пагроза вавілонскага цара яўрэям гучыць паэтычна: дэспат абяцае “ізгладзіць” Ерусалім як дошку, пасля ў тым жа фрагменце фігуруе “спіца пісальная” – стылус. Дарэчы, на вядомай гравюры-аўтапартрэце Скарыны аўтар выявіў ажно дзве васкоўкі, уверсе і ўнізе. Таму тэма васковых таблічак насамрэч заўжды праходзіла недзе побач з кожным зацікаўленым гісторыяй беларусам, проста мы не звярталі на яе ўвагі.

Важна, што Кастусь Шыдлоўскі – не проста гісторык, а яшчэ і рэканструктар, рэгулярны ўдзельнік спецыяльных фэстаў у Воліне (Польшча) ды іншых мясцінах. Ён сам выразае, залівае воскам, піша на таблічках. Таму аўтар можа аўтарытэтна сказаць, ці стамляўся пісар ад доўгага пісання на воску. Ці робіцца воск цвёрдым і крохкім халоднай раніцай? Ці лёгка пісаць у спёку, калі воск банальна плавіцца?.. Такога ў архівах не вычытаеш.

Працэс пісання на васкоўцы - сучасная рэканструкцыя

Працэс пісання на васкоўцы – сучасная рэканструкцыя

“Стылом паварочвай часцей”

Магчыма, пасля прачытання кнігі Кастуся Шыдлоўскага ў кагосьці з літаратараў з’явіцца сюжэт пра старажытны Наваградак, дзе наложніца робіць замах на князя з медным стылом у руцэ, якое было ўплеценае ў яе рудыя валасы. Магчыма, сярод тых жа літаратараў ці журналістаў паўстане прэмія “Залатое стыло” з цытатай Гарацыя замест дэвізу: SAEPE STILUM VERTAS – “Стылом паварочвай часцей”? Магчыма.

А магчыма, вам некалі проста захочацца калі не зрабіць і заліць воскам таблічку ўласнаручна, дык прынамсі паспрабаваць сябе ў ролі купца ці княскага пісара, правёўшы некалькі барознаў па мяккім чырвоным матэрыяле.

Алесь Кіркевіч

Глядзіце таксама:

Выйшла кніга пра адзін з найстаражытнейшых спобасаў пісьма ў Беларусі