Фота з Фэйсбука Мікалая Клімовіча
Палітвязень Мікалай Клімовіч памёр у калоніі.
Пра трагедыю стала вядома праваабаронцам 7 траўня.
Мікалай — мастак і блогер з Пінска, вядомы пад псеўданімам Мікалай Верасень. Скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Як паведамляе «Н*ша Н*ва», у 80-я працаваў мастацкім кіраўніком Лемяшэвіцкага сельскага Дома культуры, загадчыкам іншага ДК, загадчыкам кавярні «Дыялог».
Мікалая затрымалі ў снежні 2022-га за антываенныя публікацыі ў сацсетках.
Мікалай перанёс інсульт і павінен быў прымаць моцныя лекі. Перад прысудам ён казаў пра тое, што любое турэмнае знявольванне для яго — гэта смерць. Тым не менш Мікалая асудзілі на год калоніі за карыкатуру на Лукашэнку па артыкуле «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
21 красавіка яго перавялі ў калонію, а праз два тыдні Мікалай памёр ва ўзросце 61 год.
2 траўня сілавікі затрымалі Паўла Данкова aka Morgotika — стваральніка культавага мінскага рэйв-праекта «Мара». Яго абвінавачваюць у ахвяраваннях у фонды салідарнасці і падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы, піша @citydogby.
3 траўня ў Гродне затрыманы музыка Аляксандр Гайваронскі
Аляксандр — вакаліст кавербэнда «Fair Play». Як піша @nebovkletku, на камеру ён сказаў, што выступаў у адзенні «забароненых колераў» — у відэа паказалі фота, дзе Аляксандр у майцы з гербам «Пагоня». Таксама музыка быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.
Мастака Генадзя Драздова асудзілі да 3 гадоў калоніі
Працэс над мастаком пачаўся 2 траўня. Прысуд быў вынесены 4 траўня суддзёй Яўгенам Пісарэвічам. Падрабязнасці невядомыя.
Нагадаем, мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Адразу паведамлялася, што супраць Генадзя ўзбуджана крымінальная справа за «актыўны ўдзел у акцыях пратэсту» ў 2020 годзе (арт. 342 КК), аднак пазней стала вядома, што яго вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК)
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Генадзь Пятровіч Драздоў
5 траўня ў «спіс экстрэмістаў» унеслі культуролага Вацлава Арэшку, асуджанага на 8 гадоў зняволення.
Адрас для лістоў: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Вячаслаў Міхайлавіч Арэшка
6 траўня масля 38 сутак арышту на волю выйшаў навуковец Ігар Бортнік
Ігар быў затрыманы 29 сакавіка падчас аблавы на супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, у якім ён працаваў пасля звальнення з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Спачатку яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля — яшчэ 13 і 15. Судзілі навукоўца кожны раз па артыкуле 19.11 КаАП за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі.
Палітзняволенага Уладзіміра Булаўскага абвінавачваюць у «неаднаразовым парушэнні парадку масавых мерапрыемстваў»
Віцебскага арт-менеджэра і музыку пачунуць судзіць 15 траўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска. Стала вядома, што Булаўскага абвінавачваюць паводле арт. 342-2 КК (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Булаўскі
19 траўня разгледзяць апеляцыйныя скаргі палітзняволеных Аксаны Зарэцкай і Багдана Караўца.
Аксана Зарэцкая — культуролаг, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, асуджаная на 1,5 года калоніі па «народным» арт. 342 КК.
Багдан Каравец — дызайнер і бізнесовец, заснавальнік кампаніі Astronim і фестывалю маркетынгу і рэкламы «Белы Квадрат», асуджаны на 2 гады калоніі.
Падтрымайце іх грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Зарэцкая Аксана Анатольеўна | Багдан Уладзіміравіч Каравец
26 траўня разгледзяць апеляцыйную скаргу на прысуд Анджэю Пачобуту. У лютым яму прысудзілі 8 гадоў калоніі.
Падтрымайце палітвязня тэлеграмамі і пасылкамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Андрэй Станіслававіч Пачобут