Неяк мы звыкліся з тым, што любім акрэсліваць сваё беларускае становішча як культурнае гета, пры гэтым забываючыся, што жывем у эру глабальнай інфармацыі. Другая акалічнасць, якая падбухторвае да вынаходніцтва новай метафары – інстынкт спажывецкага грамадства, які ўсё выразней выяўляецца ў беларусаў. Калі толькі не ў радыюсе мінскай кальцавой, як маглі б паправіць гэтую тэзу некаторыя. Але наяўнасць аўтамабільных чэргаў, што літаральна блакуюць мяжу, пакідае апанентаў без моцнай аргументацыі. Асобна можна паразважаць над тым, чаму ў савецкія часы ў чэргах не стаялі прывеліяваныя слаі насельніцтва, якія ўсё даставалі (ці іх забяспечвалі) з-за “жоўтых фіранак” (гэтак наменклатурны размеркавальнік называўся ў палякаў), а нашаму сярэдняму класу такое стаянне не надта, відаць, замінае. Чарга па шэнгенскую візу, затым – чарга на мяжы, па tax free, па іншамарку… У савецкія часы чэргі былі жыццёвай неабходнасцю, а цяпер – бясконцай спробай задаволіць свае спажывецкія памкненні.
Метафара культурнага гета паводле азначэння вымагае рашучых гвалтоўных дзеянняў. Прарваць блакаду – ці не адзіная тактыка ў такіх умовах існавання. А дзе гэта сёння ёсць у Беларусі?
З другога боку, сітуацыя культурнай пустэчы вымагае доўгатэрміновых захадаў, фундаментальнай мэтанакіраванай асветніцкай, выхаваўчай дзейнасці. Менавіта такім чынам можа змяніцца і вектар еўрапейскай дапамогі Беларусі.
У сітуацыі культурнага гета за беларускую мову ў публічнай прасторы, скажам проста, білі б па вуснах. А вось у сітуацыі культурнай пустэчы ўсё гэтае новае, смелае можа існаваць у адведзеных для гэтага адмысловых аазісах, бо не выкліча шырокага грамадскага розгаласу. Бо грамадства дбае пра тое, каб набыць гарэлку, мяса ў астранамічных паводле савецкага ўяўлення памерах па нейкіх старых коштах. Хаця хто цяпер памятае кошты так, як іх запомнілі за савецкім часам. Гарэлка каштавала 3 рублі 62 капейкі… І Google гэта ведае. У той самы час тое, што зусім нядаўна падавалася небяспечна авангардным, занадта смелым, а яшчэ раней – бязродным, шкодніцкім, квітнее на праспекце Незалежнасці 37А.
Па меры ўзмацнення спажывецкай навалы будзе зніжацца і ідэалагічная кемлівасць. Яскравы прыклад гэтага – гучная параза Грамадскай рады па маральнасці Мінск-Арэне. Прыйдуць і тыя часы, калі за геаметрычныя фігуры не толькі не будуць судзіць ці даваць штрафы (чаго, на шчасце, не адбылося з мастаком Гуліным і яго асістэнтамі), але і звальняць з працы, дастаўляць у РУУС.
Культурная пустэча – гэта такая і песімістычная, і станоўчая візія адначасова. З аднаго боку – цвёрдая пустыня, з другога – адносная лібералізацыя культурнага жыцця ў адзінкавых аазісах. У гэтым другім праяўляецца надзея на будучыню.
Патрабуе сэнсавай расшыфроўкі яшчэ адзін вельмі важны складнік гэтай метафары, а менавіта такая з’ява як міраж. Гэта і ёсць спажывецкае грамадства, але без рынкавых рухавікоў. Верагодна, гэта не можа доўжыцца вечна. Такой і ёсць умоўнасць усёй беларускай стабільнасці, таго, што ў сонечнае надвор’е мы бачым на даляглядзе нашых пакуль яшчэ зусім някепскіх беларускіх дарог.
Ягор Сурскі для budzma.org