Леў Акіншэвіч. Непрыкметны чалавек у «праклятым» стэпе

Стэпам ідзе чалавек. Змучаны, паранены. Кульгае на адну нагу. Навокал не проста чужое — небяспечнае. Без вады і маршруту. Чалавека клічуць Мацей Каліноўскі. Ён — беглы сасланы. Сярод стэпу, які расейцы клічуць «галодным», а казахі — «праклятым», чалавеку сняцца трывожныя сны. Дні арышту і допытаў, дні працы ў далёкай няволі, урэшце, пагоня. Але найбольш цяжкія іншыя сны-мроі. Пра вясну, зеляніну і лясы роднага краю...


Урэшце, чалавек губляе прытомнасць. Але прачынаецца ў юрце, яго ратуе маладая казашка. «Ейная рука пяшчотна паправіла ягоную падушку і паднесла яму „кісэ“, гляк саланаватае — але такое пажаданае — вады.» — гэтак сканчаецца ўрывак з апавядання «Пракляты стэп» Льва Акіншэвіча.

14b7d786f18726fc4eb74c9ed4958299.jpg

Гэта адзіны мастацкі твор у зборцы «Леў Акіншэвіч. Выбранае», якая выйшла ў «Кнігазборы» на пачатку лета 2021 года. Рэшта — гістарычныя працы, эпісталярыі. З’яўленне кнігі на тле палітычных падзеяў прайшло незаўважна. Зрэшты, як і жыццё аўтара.

Прынамсі ён сам лічыў сябе чалавекам незаўважным на тле бурлівай эпохі. Нават аўтабіяграфію, якая таксама ёсць у зборніку, пісаць адмаўляўся. Здаўся адно пасля настойлівай просьбы прафесара Яраслава Падаха з украінскага Навуковага таварыства імя Т.Шаўчэнкі.

Цуд на Каляды

Хто такі Леў Акіншэвіч? Напалову беларус, народжаны ў царскай Расіі, які частку жыцця пражыў ва Украіне, іншую — у эміграцыі. Пасля Першай Сусветнай быў дэмабілізаваны — трапіў у Кіеў.

Леў Акіншэвіч (2).jpg

Шлях да гісторыі яму адкрыў выпадак: перад Калядамі 1920-га года каля букініста сярод раскладзеных на ходніку кніг пабачыў «Древности русского права» прафесара Сергіевіча. Кніга распавядала пра баярскую думу ў Масковіі.

Акіншэвіч набыў томік, каб рыхтавацца да экзамену, але падзея стала знакавай. Пачынаючы з 1920-х і ажно да смерці на чужыне, ён пісаў на гістарычныя тэмы. Найперш пра гісторыю народаў, якіх спарадзіла Старадаўняя Русь — беларусаў, украінцаў і расейцаў. Ягоным каньком сталі тэмы казацтва ў Беларусі ды права ў Вялікім Княстве Літоўскім.

У Кіеве часоў украінізацыі Акіншэвіч кружляў у акадэмічных колах. Працаваў з Аляксандрам Грушэўскім, братам аднаго з бацькоў УНР Міхаіла Грушэўскага. Выдаваў навуковыя артыкулы, манаграфіі, супрацоўнічаў з беларускім бокам — Інбелкультам ды часопісам «Полымя».

Камісія па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права АН УССР, 1924 (Акіншэвіч першы злева ўнізе).png
Камісія па вывучэнні гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права АН УССР, 1924 (Акіншэвіч першы злева ўнізе)

Цягам паездак у БССР ён пазнаёміўся з Ластоўскім, Пічэтам, Некрашэвічам, Купалам, Коласам ды іншымі. Адсюль і сумежныя беларуска-украінскія тэмы ў гісторыі, тое ж казацтва.

Ад вярбоўкі ДПУ да «спецыяліста па СССР»

Усё скончылася ў 1932-м. Пасля кампаніі публічнага шальмавання, Акіншэвіча спрабавалі завербаваць у ДПУ... Аўтар дэтальна апісвае той дзень: допыт, які доўжыўся 9 гадзін, украінамоўны інтэлігентны следчы, які толькі напрыканцы перайшоў на расейскую, шантаж і пагрозы. Напрыканцы яму прапанавалі напісаць «адмову ад супрацы па стане здароўя» і паабяцалі праблемы.

Гэта быў досвітак «вялікага тэрору». Гісторык выйшаў з будынка ДПУ на Банкавай. Настыпныя дні чакаў арышту — але па яго не прыходзілі. Пасля дэпрэсіі і думак пра самагубства, прыйшоў да высновы: трэба ехаць. Была такая лазейка для нелаяльных грамадзянаў — з’ехаць на край Саюзу, дзе ніхто не ведае, і жыць незаўважным жыццём. Акіншэвіч з сям’ёй з’ехаў у Казахстан. Працаваў юрыстам на прамкабінаце. Пра навуку можна было забыцца. Перад пачаткам вайны ён усё ж перабраўся бліжэй да Беларусі — у Смаленск. Там быў мабілізаваны, трапіў у палон, пасля — у Кіеў, Львоў, Прагу ды, урэшце, на эміграцыю. У ЗША Акіншэвіч апынуўся толькі ў 1949 годзе. Няварта думаць, што жыццё на чужыне было салодкім.

Першыя гады Акіншэвіч працаваў рабочым — каму патрэбныя яго гістарычныя веды? Урэшце, наладзіўшы кантакты з беларускай ды ўкраінскай дыяспарамі, пачаў друкавацца. Амерыканцам ён, урэшце, спатрэбіўся як спецыяліст па СССР: пісаў крытыку на савецкія выданні, перакладаў, каментаваў.

Выпадковае «Беларускае казацтва»

Не было гаворкі пра навуковую славу — працы Акіншэвіча выходзілі пад псеўданімамі, ад некаторых прапановаў той адмаўляўся. Справа ў тым, што ў СССР, як лічыў сам гісторык, застаўся ягоны сын: бацька не хацеў яму пашкодзіць. Іншая прычына — прыродная сціпласць, а таксама гістарычныя разыходжанні ў трактоўках таго ж казацтва беларусамі і ўкраінцамі.

Аўтар працягнуў свае даследванні казацтва, пачатыя яшчэ ў 20-х у Кіеве. Паводле Акіншэвіча, казацтва ў нас не было і не магло быць масавай прыроднай з’явай. Гэта была інэрцыя з Украіны Хмяльніцкага, якая часткова легла на глебу мясцовых сялянскіх паўстанняў і незадаволенасці праваслаўнай шляхты. Галоўная выснова: усё гэта былі часовыя і выпадковыя персанажы, якія не маглі ўкараніцца ў Беларусі. Наіўны «беларускі палкоўнік» Канстанцін Паклонскі, магілёўскі шляхціч, які «паказачыўся», у 1650-х хацеў рабіць сваё дзяржаўнае ўтварэнне — асобнае ад Масковіі ды ўкраінскай Гетманшчыны. Але яго хутка адсунулі ад справаў, перадаўшы ініцыятыву верным Маскве Нячаю і Залатарэнку. Надышоў час прафесіяналаў, а не рамантыкаў.

Паклонскі ж на хвалі фрустрацыі пісаў Залатарэнку: «...разумеў я, што вайна мела йсьці за вызваленьне ўцісьненай Беларусі. Заміж таго мелі мы такое рабаўніцтва дамоў Божых, якога ня бачылі і ад татароў. У далёка большай вольнасьці былі мы раней пад ляхамі». Тым не менш, Акіншэвіч ахарактэрызаваў свайго героя як патрыёта Беларусі, які згарэў як знічка. Большасць назапашаных Акіншэвічам матэрыялаў таксама згарэлі — у літаральным сэнсе. Яшчэ на пачатку вайны ў ягоны дом у Смаленску трапіла бомба: «...загінула мая бібліятэка, усе навуковыя запісы, канспэкты, рукапісы. Загінула ўпорыстая праца лічных гадоў. Загінулі ўсе знойдзеныя мной ды старанна перапісаныя матар’ялы гісторыі беларускага казацтва.» Пасля вайны, у Штатах, усё давялося пачынаць з чыстага ліста.

«Вестэрнізацыя Літвы» — прышчэпка на стара-рускі пень

Свая арыгінальная думка была ў гісторыка і пра мінулае ВКЛ. Паводле Акіншэвіча, Беларусь і Украіна знаходзіліся на цывілізацыйным разломе паміж Усходам і Захадам. Асновай тут быў славянска-візантыйскі корань, але мясцовыя эліты метадычна абіралі заходні шлях. Пры гэтым, «вестэрнізацыя Літвы» ніколі не была татальнай — гэта была прышчэпка на вялікі стара-рускі пень, які ніколі не змяняўся. Адсюль парадоксы: чым больш поўна і рашуча насаджвалася заходняя вера, мова і культура, тым большы супраціў масаў грамадства сустракала. Рэхам гэтага супрацьстаяння ў XVII стагоддзі стала акурат казацтва. Такім чынам, даследуючы «Літоўскую імперыю» ў цывілізацыйным ракурсе, аўтар пісаў разгорнутую перадгісторыю «беларускага казацтва», адказваў на пытанне, чаму ж так сталася.

Акіншэвіч кажа пра страчаны шанец ВКЛ: радыкальна адышоўшы ад руска-праваслаўнай тэматыкі, дзяржава развязала рукі Маскве, зрабіўшы яе цэнтрам прыцягнення для ўсяго рэгіёну. Разам з тым, у Беларусі быў куды большы шанец для арганічнай трансфармацыі, чым ва Украіны, дзе парадоксаў і канфліктаў куды болей. Нашаму ж краю банальна не хапіла часу.

Шанец на цывілізацыйны сінтэз

У працах Акіншэвіча ўражвае атмасфера пастаяннага пошуку, акадэмічнасць, якая не скатваецца ў голую патрыятычную прапаганду.

Важна таксама, што Акіншэвіч бачыў і Беларусь, і Украіну як асобныя рэгіёны са сваімі лёсамі, якія не маюць капіяваць усходні або заходні шляхі развіцця. Наадварот, падобныя капіяванні абарочваюцца, як правіла, расколам і катастрофай.

Свае высновы аўтар перанёс і на Беларусь ХХ стагоддзя: «...здабыўшы магчымасць вольнага развіцця... дасягне таго, чаго не ўдалося вялікай Беларуска-Літоўскай дзяржаве — здаровай, арганічнай да апошняй грані даведзенай сінтэзы сваіх цывілізацыйных асноў... Дасягнуўшы гэтай сваёй сінтэзы, беларускі народ будзе мець перад сабой вялікія творчыя магчымасці. І, хто ведае, можа — карысныя не толькі для яго аднаго».

«...Мая хвароба робіць мяне мінімальна працаздольным»

Напрыканцы студзеня 1976-га іншаму гісторыку-эмігранту, Вітаўту Тумашу, прыйшоў сумны ліст. Аўтар пісаў, што пакутуе на хваробу паркінсона, а ягоная жонка — на лейкімію. Адзіная просьба — паклапаціцца пра будучыню сваіх кніг і архіву: «...я думаю, што я мушу зрабіць са сваёй бібліятэкай. Я хацеў-бы спытаць, ці хацела-б і ці магла-б бібліятэка імя Крычэўскага забраць мае кнігі, калі яны ўжо ня будуць мне патрэбныя. На жаль, я ня ведаю іхнага адрасу. ...Мая хвароба робіць мяне мінімальна працаздольным».

Аўтар ліста — Леў Акіншэвіч, які пражыве яшчэ чатыры пакутлівыя гады. Смерць напаткае яго 7 лістапада 1980 года. Пахаванне пройдзе на ўкраінскіх праваслаўных могілках у Нью-Джэрсі. Адпяваць нябожчыка будуць два святары — украінскі і беларускі. На пахаванні доктар Яраслаў Падах з Таварыства імя Т.Шаўчэнкі адзначыць, што са 101-й працы Акіншэвіча 27 былі надрукаваныя па-беларуску, а 36 тычыліся гісторыі Беларусі.

Эмігранцкае пасмяротнае выданне Акіншэвіча па-украінску.jpg
Эмігранцкае пасмяротнае выданне Акіншэвіча па-украінску

Так скончыліся блуканні па «праклятым стэпе» напалову беларуса, народжанага ў Расіі, які частку жыцця пражыў ва Украіне, частку — у Злучаных Штатах. Непрыкметнага чалавека, які верыў, што гісторыя можа ўсіх нас нечаму навучыць.

Некралог Яраслава Падаха, дзе гісторыка залічваюць да магіканаў украінскай навукі.jpg

Некралог Яраслава Падаха, дзе гісторыка залічваюць да магіканаў украінскай навукі


Алесь Кіркевіч, budzma.org