У «Бібліятэцы «Бацькаўшчыны» выйшаў зборнік беларускіх працаў гісторыка Льва Акіншэвіча

Выйшаў з друку томік беларускіх працаў гісторыка Льва Акіншэвіча (1898-1980), укладзены даследчыкамі беларускай эміграцыі Лявонам Юрэвічам і Наталляй Гардзіенкай.

db3a2d1ab5a1238d1a91b96851095d5e.jpg

У першы зборнік выбранага гэтага беларуска-ўкраінскага даследчыка ўвайшлі тэксты пра гісторыю беларускага казацтва, права, цывілізацыйную тэорыю, шматлікія рэцэнзіі на беларускія, украінскія і іншыя выданні, успаміны, надзвычай цікавае ліставанне з архіваў розных краін, тэксты пра дзеяча, а таксама найпаўнейшая на сёння ягоная бібліяграфія.

Леў Акіншэвіч ёсць добрым прыкладам асобы, чыя спадчына адначасова належыць беларусам і ўкраінцам. Народжаны ад бацькі-беларуса, ён значную частку свайго жыцця правёў ва Украіне. Тут пачалася яго навуковая дзейнасць, з украінскай гісторыяй і правам звязана большасць яго публікацый. Не дзіва, што нашыя паўднёвыя суседзі ўспрымаюць Льва Акіншэвіча як свайго.

fcf43d1ef67cdfadf0061f102d470d20.jpg

Аднак у жыцці гэтага навукоўца і яго працы важную ролю адыгрывала беларуская тэматыка, Беларусь. Гэтая частка амаль невядомая беларускім даследчыкам, не ўключаная ў нацыянальны гістарычны дыскурс. Менавіта выпраўленню згаданай несправядлівасці і мае паспрыяць зборнік, які рыхтуецца да друку. Тут прадстаўлена пераважная большасць беларусацэнтрычных тэкстаў Льва Акіншэвіча: працы па гісторыі казацтва, права, цывілізацыйных асновах беларускай гісторыі (сярод іншага, упершыню друкуецца пераклад на беларускую мову англамоўнага артыкула пра гісторыю ўсходнееўрапейскай цывілізацыі ў працы Арнольда Тойнбі). Таксама ў выданне ўключаны шматлікія рэцэнзіі, што друкаваліся ў беларускіх метрапольных і эміграцыйных перыёдыках. Змешчана ў зборніку і звязаная з Беларуссю частка ўспамінаў Льва Акіншэвіча.

57307796e03823b85cb5320dd80e7f3d.jpg

Важную частку зборніка складаюць эпісталярыі. Нізкі выбранага ліставання Льва Акіншэвіча тут пададзены паводле храналогіі асноўнай часткі лістоў у кожнай групе. Арыгіналы захоўваюцца ў фондзе БІНіМа ў БДАМЛМ, у архіве а. Льва Гарошкі ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане, у фондзе Міколы Сільвановіча ў Бібліятэцы і архіве Канады ў Атаве, а таксама ў архіве Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі ў Нью-Ёрку.

У зборніку змешчаныя таксама тэксты пра Льва Акіншэвіча і яго працы, а таксама найпаўнейшая на сёння бібліяграфія гісторыка.

Кніга з’яўляецца вынікам плённага супрацоўніцтва беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў і з’яўляецца першым кніжным выданнем творчай спадчыны Льва Акіншэвіча.

Набыць зборнік працаў Льва Акіншэвіча можна ў кнігарнях «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72); «Цэнтральная кнігарня» (пр-т Незалежнасці, 19); «Светач» (пр-т Пераможцаў, 11), або замовіць на kniganosha.by, mmkut.by, knihi.by ці tn.by.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»