Лявон Вольскі піша пра тое, што свабода і незалежнасць могуць перамагчы нават анамальную летнюю гарачыню.

Аднойчы ўлетку надыходзіць гэты час, і жыцьцё замаруджваецца, гарады запавольваюцца, сьцены дамоў, асфальт і ходнікавая плітка ўсмоктваюць гарачыню, і нават позна ўвечары працягваюць грэць стомленыя ад дзённага сквару вуліцы.
Людзі ратуюцца хто як можа — марозівам, асьвяжальнымі напоямі, кандыцыянэрамі, прахалодным душам, гандлёвым цэнтрам, кінатэатрам, уцёкамі ў вёску...
Раней бы мы так і зрабілі — як толькі слупок тэрмомэтру перакрочыў бы лічбу 30, паехалі б у вёску, у свой дом пад магутнай вярбой, якая ахінае дом лістотай, і дзе высокія тэмпэратуры пераносяцца значна лягчэй. Але цяпер гэтая опцыя адсутнічае.
Сьпёка заўжды прыходзіць «нечакана». Вось нібыта білі трывогу навінавыя сайты, і нават прыходзіла СМС-папярэджаньне пра экстрэмальна высокую тэмпэратуру, але ты чамусьці засьпеты зьнянацку не ўласьцівым (як табе здаецца) для гэтае тэрыторыі скварам, шукаеш у інтэрнэце абвесткі пра продаж мабільных кандыцыянэраў і зьдзіўляесься: чаму так падаражэлі? Відаць, таму, што дзясяткі тысячаў іншых «зьнянацку засьпетых» асобаў таксама хочуць набыць тэрмінова, зараз, хоць які, хоць за колькі, дэвайс, які іх уратуе ад сьпякоты.
Урэшце ты набываеш дзіўнаватую прыладу з рэзэрвуарам, у які трэба заліваць ваду і закідаць ёмістасьці зь лёдам. У прадмове гаворыцца, што гэта — новае слова ў кліматызацыі памяшканьняў! Ты сядзіш у мэтры ад «новага слова», дэвайс працуе на ўсю моц, і ты пераконваеш сябе ў тым, што ў пакоі сапраўды робіцца халадней (насамрэч добра, калі на адзін-два градусы)...

Малюнак Лявона Вольскага
Памятаю, улетку 2010-га Менск накрыла хваля гарачыні, я сьпехам зьехаў у вёску і сядзеў там некалькі тыдняў. Сталіца плавілася, усе стагналі, але за горадам ніякае кліматычнае катастрофы не адчувалася. Часта прыяжджалі госьці з гарачае «вялікае зямлі» — адпачыць ад гораду і сквару — і зноў выпраўляліся ў сваё сталічнае пекла. І вось настаў «дзень «Ч»», калі мне давялося самому ехаць у Менск. Сканчалася страхоўка на аўто, і трэба было яе падоўжыць. Я прыехаў у распалены менскі цэнтар, выйшаў з кандыцыянаванае машыны і адчуў павеў ветру. І вось гэты павеў нагадваў тое, што мы адчуваем, калі адчыняем вечка духоўкі, у якой штосьці запякаецца. Гэта быў гарачы вецер! Той, пра які мы ў дзяцінстве чыталі ў кнігах пра далёкія падарожжы, пустэльні і стэпы.
Дарэчы — а ў дзяцінстве? Здаецца, не было яшчэ глябальнага пацяпленьня, і лета было памяркоўнае — +25, не вышэй?
Ды не! Усялякае здаралася, бывала й вельмі горача, і я памятаю, што мне, малому, летам у горадзе было ня вельмі ўтульна — усе сябры-знаёмыя разьяжджаліся па сваіх вёсках да дзядоў-бабуляў, і я, самотны, бязмэтна наразаю на ровары колы па пыльным сьпякотным раёне...
Зрэшты, мяне штогод забіралі на розныя курорты — у Крым (цяпер гучыць нерэальна), у Абхазыю (яшчэ фантастычней), у краіны Балтыі... А сьпёка на моры — гэта ў парадку рэчаў, ня тое, што ў вялікім горадзе...
Зрэшты, з часам прыйшло разуменьне, што ўсё залежыць ад свабоды перасоўваньня і фінансавае незалежнасьці. У тваім горадзе невыносны сквар — ляці (ці едзь) на Паўночнае мора, там будзе халадней. Калі надыходзіць час вар’яцкіх маразоў — выпраўляйся ў Каліфорнію ці то Флёрыду, там іх дакладна ня будзе.
Але сам я не дасягнуў яшчэ такой ступені прасьвятленьня. Увесь час нешта трымае, не дае прыняць спантаннае рашэньне — праца, штодзённыя справы, побыт...
Хаця... да Балтыйскага мора — пару гадзінаў, паехалі?
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org