Хто заплаціць за нашую старасьць?

25.06.2026
Такім пытаннем задаецца пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская. Але ці існуе сёння на яго адказ?

Jana Voĺskaja

У прыстойным грамадзтве нібыта не прынята пытацца пра заробкі. Пагадзіцеся, рэдка калі ў нязмушанай размове паміж знаёмцамі прагучыць пытаньне: «А колькі вы зарабляеце?». У лепшым выпадку яго палічаць нетактоўным. Пэнсія — зусім іншая справа. Пра яе людзі гавораць з большай ахвотай. Абмяркоўваюць памеры выплатаў (памятаеце, у Беларусі ў 2000-х у прыватных размовах, а часам і ў публічнай прасторы, можна было пачуць, як параўноўваюць беларускія пэнсіі з расейскімі, і не на карысьць першых?), узрост выхаду на адпачынак (ад году ў год пэнсійны ўзрост усё павялічваецца, але ці шмат хто ведае, што ў асобных эўрапейскіх краінах пэнсійны ўзрост сягае ажно да 67 гадоў і для мужчынаў, і для жанчынаў? Вядома, іншая справа — працягласьць жыцьця ў гэтых краінах і ў Беларусі). На пэнсіі скардзяцца. 

Узгадаем, што ж такое пэнсія насамрэч?

Piensija
Крыніца: pixabay.com

Калі адкінуць усе формулы ды бухгалтарскія разьлікі, пэнсія — гэта своеасаблівая грамадзкая дамова паміж грамадзянінам і дзяржавай. Чалавек дзесяцігодзьдзямі працуе, плаціць падаткі ды ўнёскі, а дзяржава яму абяцае: вось прыйдзе старасць, і вы не застанецеся сам-насам са сваімі праблемамі.

Сёння гэтая дамова здаецца такой натуральнай, што нават цяжка паверыць: яшчэ сто гадоў таму большасьць людзей не магла на яе нават разьлічваць! 

Да 1928 года дзяржаўныя пэнсіі па старасьці фактычна не існавалі. Да Другой сусьветнай вайны пэнсіі атрымлівалі каля двух працэнтаў пажылых людзей. І толькі ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя пэнсійная сістэма стала масавай.

Савецкая дзяржава прапаноўвала грамадзянам самую простую мадэль: працуй усё жыццё — у старасьці атрымаеш пэнсію. Зразумела, што пры такой мадэлі пэнсія ўяўлялася ня проста выплатай, а грамадзкай справядлівасьцю. Чалавек жа заслужыў адпачынак сваёй працай. Так разважалі некалькі пакаленьняў. Што праўда, у савецкай дзяржаве роўнасьць існавала не для ўсіх.

Калгасьнікі, напрыклад, доўгі час заставаліся па-за сыстэмай. 

А вось вайскоўцы, партыйныя дзеячы і прадстаўнікі асобных прывілеяваных прафэсіяў атрымлівалі значна большыя выплаты і ў дадатак да іх размаітыя льготы (надбаўкі, дзяржаўныя лецішчы і нават прыватныя аўто з кіроўцамі — бывала і такое). У краіне «ўсеагульнай роўнасьці» адны маглі быць больш роўнымі за іншых.

Але вернемся да нашага галоўнага пытаньня. 

Ці гэтая грамадзкая дамова працуе сёньня?

PiensijanieryКрыніца: pixabay.com

У Беларусі яшчэ чатыры гады таму мужчыны выходзілі на пэнсію ў 60 гадоў, а жанчыны ў 55, а сёньня пэнсійны ўзрост для мужчынаў — 63 гады, для жанчынаў — 58. Разам з тым насельніцтва працягвае старэць, а колькасць тых, хто працуе, адносна колькасці пэнсіянераў зьмяншаецца (тут і натуральныя фактары, і эміграцыя). Вядома, падобныя працэсы адбываюцца ня толькі ў Беларусі, але і ў большасьці разьвітых краінаў сьвету.

Дзяржавы па ўсім сьвеце праз гэтыя чыньнікі падвышаюць пэнсійны ўзрост і заклікаюць грамадзянаў даўжэй заставацца на рынку працы.

Нібыта зразумела, але адначасова паўстае іншае пытаньне.

Калі чалавек працуе даўжэй, ці будзе ягоная старасьць больш забясьпечанай?

Мінімальная працоўная пэнсія ў Беларусі складае крыху больш за пяцьсот рублёў. Палічыце камунальныя плацяжы, лекі, прадукты, транспарт... А калі ў пэнсіянэра яшчэ кот альбо сабака, за якіх плянуецца ўвесьці падатак? А хтосьці яшчэ і спрабуе дапамагаць сваім дзецям і ўнукам. Ці дастаткова гэтага для годнага жыцьця?

Адказы будуць розныя. У залежнасьці ад таго, у каго спытаемся. 

Адны адкажуць, што ім хапае, бо выдаткоўваюць мінімум, і наогул, што чалавек сам мусіць дбаць пра сваю будучыню. Іншыя скажуць, што калі палічыць кошты на лекі і прадукты, і пры гэтым не эканоміць кожную капейчыну, то зусім не хапае. Яшчэ хтосьці адзначыць, што, прапрацаваўшы трыццаць — сорак гадоў, чалавек на пэнсіі можа разьлічваць ня толькі на мінімальнае выжываньне ад дзяржавы. 

У гэты момант размова пра пэнсію пераўтвараецца ў больш шырокае пытаньне пра тое, як агулам грамадства ставіцца да людзей, якія адпрацавалі ўсё жыцьцё. Ці працуе тая самая грамадзкая дамова, якая была абяцаная чалавеку шмат гадоў таму? 

А як быць з тымі, хто адпрацаваў усё жыцьцё — напрыклад, на прадпрыемстве, заводзе, у камунальнай гаспадарцы ці ў навучальнай установе, і працоўны стаж мае, і ўсе выплаты рабіў належным чынам, а ў старасьці вырашыў паехаць за мяжу? Паехаў да дзяцей ці ратаваўся ад перасьледу, ці паехаў па сваіх асабістых прычынах. Як у гэтай сытуацыі выглядае выплата пэнсіяў? Беларусь некалі падпісала пагадненьні з шэрагам краінаў, якія тэарэтычна дазваляюць людзям жыць у іншай краіне і атрымліваць належную пэнсію. А як на практыцы? Ці працуюць гэтыя пагадненьні, і ці могуць людзі атрымліваць пэнсію за мяжой? Ці наадварот, дзяржава кажа, што пэнсію могуць атрымліваць толькі тыя, хто жыве ў Беларусі, і толькі што не пагражае пазбаўляць пэнсіяў тых, хто зьехаў? 

Дык хто ўрэшце заплаціць за нашую старасьць — дзяржава, дзеці ці толькі мы самі, працягваючы працаваць да апошняй магчымасьці?

Яна Вольская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org